Выбрать главу

Аўтобус нахіліўся. Сідорчыка кінула да акна, ён прыпаў шчакою да халоднага шкла і доўга глядзеў, як плыло назад белае, што аж адбірала вочы, поле. Воддаль шашы мільганула невысокая ялінка, і Андрэю здалося, што гэта стаіць жанчына ў пуховай хустцы, у зялёным драпавым паліто і махае яму рукою.

Ён нават спачатку не ўцяміў быў, ці верыць гэтаму раптоўнаму, нечаканаму цуду, але ялінка паступова аддалялася і неўзабаве знікла. Там нікога не было.

Расчараваны, нібы што згубіўшы, Андрэй кінуў вачыма ў той бок, дзе павінна была сядзець жанчына і, убачыўшы яе, павесялеў, ажывіўся. Узрадаваўся, што яна тут, зусім блізка, і кінуўся ў гутарку да хлопца ў вайсковым шынялі:

— Самі, мусіць, нядаўна з арміі?

Хлопец здзівіўся нечаканаму запытанню незнаёмага чалавека, але, павярнуўшыся, адказаў з ахвотай:

— Ды ўжо месяцаў два, як дэмабілізаваўся.

— А далёка дзе едзеце?

— Што кажаце?.. Не, недалёка.

— Можа, у «Савецкую Беларусь», у Зачэпічы, часам?

— Ага.

— От, не спадзяваўся, што спадарожнік трапіцца, — Андрэй, узрадаваны, выгукнуў так моцна, што людзі паглядзелі ў яго бок, але ён заўважыў толькі позірк і скупую прыхаваную ўсмешку дзяўчыны, што сядзела ля кабіны. I, відаць, зразумеўшы, што парушыў звычайны гармідар аўтобуса, збянтэжыўся, астыў, пэўна болей ад таго, што маладзіца не зводзіла з яго вачэй.

— Калі ў адну дарогу, то нам пара выходзіць, — паднімаючыся з сядзення, папярэдзіў салдат.

— Выходзіць? — перапытаў Андрэй, не даўшы веры чутаму.

«Ды як жа гэта? А яна?.. — ён адчуў, што ногі адзеравянелі. — Вось табе, нават і не загаварыў. — Але раптам падумаў: — А можа і яна выйдзе на гэтым прыпынку?», — і падаўся за хлопцам.

— От і прыехалі, — сказаў той, выходзячы з аўтобуса.

Андрэй спусціўся на прыступку, але не вытрымаў, аглянуўся.

Яна, нагнуўшы галаву, туга завязвала на спіне хустку.

«Няўжо выходзіць?.. — I ён, узрадаваны, як сам не свой, скочыў на снег — цвёрды і слізкі, як лёд, пакаўзнуўся, але не ўпаў. Чорная коцікавая шапка слізганула з яго галавы. Растапырыўшы і выцягнуўшы рукі, нібы лавіў курыцу, Сідорчык кінуўся паднімаць шапку, а калі аглянуўся, аўтобус, пыхкаючы сінім дымком на шашу, памаленьку, але з кожнай хвілінай набіраючы хуткасць, адыходзіў усё далей і неўзабаве схаваўся за блізкім ляском.

Андрэй Сідорчык глядзеў на сіні лясок, прыслухоўваўся да нязвыклай зімовай цішыні поля, і неяк не верылася яму, што ён застаўся з гэтым дэмабілізаваным вайскоўцам, а людзі паехалі ў нейкі невядомы свет, куды паехала і яна са сваімі марамі, клопатамі і, пэўна, ніколі не здагадаецца аб тым, што ён, незнаёмы, чужы ёй чалавек, думае пра яе.

— Як смешна падчас здараецца ў жыцці… — сказаў уголас Андрэй, бязвольна, як не сваімі рукамі, нацягваючы на галаву шапку. — Вось сустрэнеш чалавека ў дарозе, глянеш на яго адзін толькі раз і запомніцца ён табе на ўсё жыццё, а з іншым гады пражывеш і, каб хацеў, твару не прыгадаеш.

— Не кажыце, — хацеў патрапіць Сідорчыку хлопец.

— Дык што, можа, падыбаем у тыя Зачэпічы? — перабіў гутарку Андрэй. — Далёка яны адсюль?

— Кіламетр які, не больш. Вунь там, — і хлопец паказаў на хмызняк, куды з шашы зварочвала добра ўжо ўезджаная санная дарога.

Да вёскі было не так і блізка, дарога здоўжылася. Хлопец болей маўчаў, не знаходзіў, з чаго зноў пачаць гутарку і Сідорчык.

Дарога вяла парадзелым маладнячком. Прысадзістыя хвойкі неяк далікатна трымалі на жаўтавата-зялёных лапках чысцюткі, белы снег. Весела выглядаў густы ядловец, сумаваў голы, шэры алешнік. Адзінота, перамешаная з трапяткой зацішнасцю, панавала над хвойнікам.

Лес скончыўся, і душу весяліла шырыня і бель поля.

На спадзе грудка было відаць недагледжанае, з голымі латамі гумянцо. Воддаль стаяла новая, пад нямецкі вугал хата. Заўважыўшы людзей і нарабіўшы брэху, з-пад хаты выбег пярэсты цыбаты сабака.

— Нешта тут не ссяляюцца з хутароў? — першы азваўся Сідорчык.

— А тут усяго і хутароў, што гэтая хата. У нас дык летась ссялілі, — адказаў хлопец.

— А вы што, не з гэтай вёскі? — Андрэй глядзеў, як хлопец, падаўшыся грудзьмі ўперад, ківаў галавою ў такт хадзе і неяк смешна целяпаў доўгімі рукамі.