— Я аж з Прылук. А тут да арміі на трактары рабіў. Тры гады. Кожны патайнік ведаю на зачэпіцкім полі. Зямля камяністая, хай яе… — прыпыніўся хлопец, чакаючы Сідорчыка. — Але калгас не кепскі. Людзі жывуць добра. Хочаце верце, хочаце не, але ад старшыні яно многа залежыць. Яшчэ за маю памяць быў тут Лябецкі. Вунь які дом у мястэчку паставіў. Калгаса не глядзеў. Потым з райкома Цагельскага прыслалі, то гэты, нябось, за людзей стаіць. Вельмі разумны чалавек. Вы то, пэўна, не заўважылі, каля самай кабіны сядзела дзяўчына — то гэта ж, кажуць, яго дачка кантралёрам аўтобусаў тут.
Сідорчык адчуў, як пахаладзела за плячыма.
— Замужам яна? — спытаў ён і паглядзеў, здзівіць гэта хлопца ці не.
Той нічога не адказаў, паціснуў толькі плячыма.
Дайшлі да гумянца. Пярэсты сабака, скачучы па снезе, кінуўся пад хату. I там ужо, асмялеўшы, зайшоўся ад густога брэху.
Гаўкаў доўга, пакуль Сідорчык з хлопцам не выйшлі на бязлесы ўзгорак, за якім пачыналася доўгая ў адну вуліцу вёска.
Ад калодзежа без хусткі, мільгаючы белымі нагамі і разліваючы з поўных вёдзер ваду, на другі бок вуліцы спяшалася маладзіца. Прыпынілася за веснічкамі і, паставіўшы вёдры, нібы перадыхнуць, доўга прыглядалася да чужых людзей.
«Незнаёмы чалавек у вёсцы, як дрэва ў полі, — заўсёды на віду», — усміхнуўся сам сабе Андрэй і, абводзячы вачыма хаты, спытаў у хлопца:
— А праўленне далёка дзе?
— Ды вунь за школай, — махнуў той рукою ў бок доўгага ашаляванага будынка з цёмна-сінімі вокнамі, што стаяў уздоўж вуліцы, за высокім плотам.
Развітаўшыся з хлопцам, Андрэй Сідорчык звярнуў у вулачку і натрапіў на сцежку да белага цаглянага доміка ў старых прысадах.
У праўленні было людна. Убачыўшы ля парога незнаёмага мужчыну, усе, нібы змовіўшыся, сціхлі і з інтарэсам змералі яго з ног да талавы.
— Дык што, Лазарук, едзеш ці не? — з покуця, яшчэ ўсё не заўважаючы Андрэя Сідорчыка, пытаўся гладка паголены чалавек.
— Ну, еду, чаго там! — нехта злосна азваўся з-за грубкі.
— Даўно сказаў бы так, — вочы голенага пабеглі ў другі бок, натрапілі на Андрэя і — спачатку прыжмурыліся, потым заплюшчыліся: — Вы да мяне?
— Калі вы старшыня, то да вас, — збянтэжыўся Сідорчык, не ведаючы, што рабіць: ці то стаяць ля парога, ці то падысці да стала.
— Я зараз, — нагнуў круглую галаву старшыня. — Пачакайце хвіліначку.
У хаце стаяла духата ад мноства людзей і гарката ад густога тытунёвага дыму. Андрэй успомніў пра дзяўчыну, і яму захацелася волі, прастору, адзіноты, і ён выйшаў на ганак.
Да канторы пад’ехалі двое: адзін — яшчэ падлетак, у картовай кепцы, у кароткай фуфайцы і без рукавіц, другі — у гадах — вусаты, дзябёлы ў суконнай бурцы з башлыком на галаве.
Падлетак спрытна саскочыў з вазка і, паціраючы чырвоныя, як буракі, рукі, кінуў на спіну каню лейцы ды пабег у праўленне. Вусаты, адкладаючы башлык, прывітаўся з Андрэем. Моўчкі патупаў каля вазка, а потым асмеліўся:
— Скажыце…
Мусіць, хацеў спытаць пра старшыню, але, убачыўшы, што той выходзіць з праўлення, неяк па-жаночаму падняў крыссе буркі і патрухаў да ганка.
— То як, Дарафей Піліпавіч?
— А я ўжо сказаў яму, — старшыня кіўнуў на хлопца, — што трэба ехаць па сена. Цэлы тыдзень прыціскаў марозік, а сёння нават снегу падкінула.
— У чым справа, пад’едзем, — варухнуў шырокімі плячыма вусаты.
— Ты глядзі ў мяне, рак-вусач, — ні то жартам, ні то са злосцю сказаў старшыня, беручы Андрэя Сідорчыка пад руку. — Ось так, падсыплеш перцу — і работа ідзе весялей. А вы хто будзеце? — і заглянуў Андрэю ў вочы.
— Карэспандэнт.
— З Гродна?
— Не, з Мінска, — адказаў Андрэй і, успомніўшы пра тое, што надоечы пачуў ад дэмабілізаванага салдата, прыгледзеўся да Цагельскага, шукаючы ў гэтым рухавым, яшчэ моцным чалавеку падабенства з той маладжавай жанчынай.
Але старшыня каліва ў каліва нагадваў загадчыка сельгасаддзела рэдакцыі, які заўсёды, калі браўся пісаць, атрасаў сваю старую, сапраўды вечную ручку, заліваючы сінімі чарнільнымі кроплямі сцены і падлогу.
«Ашукаў хлопец», — падумаў Андрэй.
Але думкі яго падчас двоіліся і недзе на сподзе душы тлела ўпартае спадзяванне, што стрэчы з дзяўчынай не мінуць, няхай сабе не ў гэтай вёсачцы, няхай сабе не так скора…
…На шарай гадзіне Андрэй сядзеў у хаце Цагельскага. Добра напаленая кафельная грубка дыхала распараным цяплом яму ў плечы, і вейкі яго зводзіў сон.
Раз-пораз, бразгаючы клямкай, у сенцах моцна грукалі дзвярыма, на кухні, чуваць было, упраўляліся нанач.
У вокнах сінеў ціхі марозны надвячорак. Зашлёпаўшы галошамі, з-за перагародкі выйшаў старшыня, уключыў святло: вокны раптам сталі фіялетавыя, неўзабаве пацямнелі, адбіваючы вялікую, як бомба, лямпачку, люстэрка, глінянага сабачку на шафе і кафельную печку.