— Можа даць вам які занятак? — Цагельскі перакінуў на стале канторскія кнігі і газеты, але не знайшоў нічога, паскроб патыліцу і пайшоў за перагародку, услых гаворачы: — I што ж вам цікавае знайсці…
Там недзе спатыкнуўся і нарабіў крыку:
— От, ужо відаць, што дадому з’явілася, заўсёды што-небудзь пад ногі кіне.
— Дык я зараз прыму, татусік, — азвалася недзе аж з кухні ліслівым, тоненькім, не сваім галаском, відаць, дачка.
«Яна, напэўна, яна!.. — I крэсла пад Сідорчыкам зарыпела. Ён устаў, пацёр рукі і зноў сеў. — Яна, так і ёсць — яна». — I ўявіў сабе недзе там, за перагародкай, расчырванелую пасля марозу, без хусткі, з яшчэ не прычасанымі валасамі, маладзіцу.
Рыпнулі, мусіць, дзверы шафы, і нешта лёгка ўпала на падлогу.
Андрэй насцярожана стаіўся і ўвесь аддаўся слыху. У хаце ўсталявалася густая цішыня. Сідорчык аж задыхнуўся.
За перагародкай штосьці зашастала і раптам затупалі ногі. Худзенькая белая рука адкінула ў дзвярах занавеску. Раптам у вачах Андрэя і падлога, і шпалеры на сценах, і ўсё начыста ў хаце асвяцілася нейкім іншым, празрыстым святлом і — змянілася, пахарашэла. Ён убачыў той самы дзявочы твар.
Жанчына прывіталася абыякава, не хочучы:
— Добры вечар… — але заўважыўшы ў Андрэю нешта знаёмае, сумелася: — Ой, дык я вас бачыла, — і голас яе падабрэў, палагоднеў.
На ёй быў шэранькі, стракаты, аж да самых пят халацік, туга падпяразаны ў поясе, зялёныя тапкі з залацістымі банцікамі. Густыя, дбайна падабраныя валасы яе адсвечвалі каштанавым колерам. Белая худзенькая рука моцна сціскала атласны каўнерык халата.
— Ці не вы гэта ехалі гродзенскім аўтобусам? — спытала яна з нейкай паспешнасцю і ўсміхнулася, чакаючы адказу.
— Ехаў. I нават бачыў вас.
Густымі вейкамі дзяўчына змахнула з вачэй усмешку.
— Я так і падумала, што вы карэспандэнт.
«Вы думалі пра мяне?» — трохі не спытаў Андрэй, але схамянуўся, апомніўся і пажартаваў:
— А хіба я карэспандэнт?
— Не прыкідвайцеся, ведаю.
Трымаючы ў адной руцэ талерку семак, увайшоў старшыня. Паставіў на стол талерку:
— Частуйцеся.
— Бярыце, чаго вы, — нагнаўшы ветру, з-за перагародкі выбегла прысадзістая маладжавая гаспадыня. — Бярыце, бярыце, — і, сарамліва ўсміхаючыся, паднесла госцю талерку.
— Ой, дзякую, — збянтэжыўся Андрэй і ўзяў шчопці семак.
Раптам за акном затупалі і, счакаўшы, у шыбу нямоцна забарабанілі.
Цагельскі кінуўся да акна.
— Дарафей Піліпавіч, з Зянцёла прыехалі, — гукнуў нехта, — па голасе можна было пазнаць, што хлапчук.
— Скажы, што іду, — на ўсю хату крыкнуў старшыня, зашморгваючы занавескі.
— Чаго ж гэта там? — следам за мужам у сенцы выбегла гаспадыня.
— I нашто яму быў патрэбен гэты калгас? На старасці год захацелася клопату. Я так угаварвала, — сказала ў цішыню маладзіца і падышла да этажэркі.
— Вы любіце праглядаць альбомы? — спытала, перабіраючы вобмацкам кнігі. Халацік на грудзях расхінуўся. Але яна заўважыла і, усміхнуўшыся, сцягнула зноў леваю рукою каўнерык.
Андрэй апусціў вочы:
— Калі ваш, то з вялікай цікавасцю.
Яна паклала на стол кароценькі пухлы фотаальбом з трыма белымі цвёрдымі кветкамі на карычневай вокладцы. Прынесла аднекуль табурэцік. Узлезла на яго з каленьмі. Паставіла вострыя локці на стол, падпёршы кулакамі шчокі, і павярнула твар да госця:
— Прысаджвайцеся.
Падносячы крэсла, Андрэй адчуў змешаны пах адэкалону — удушлівы і крэпкі.
Андрэй зморшчыўся.
— Вам нядобра сядзець? А вы, як я. Не саромейцеся. Не бойцеся, крэсла не зломіцца.
— Нічога, нічога, мне добра, — аднекваўся ён.
— Ну, гартайце, — локцем яна падсунула альбом да Андрэя. — Толькі не глядзіце першую старонку. Не трэба. Добра?
Яна нахінулася і дакранулася да яго рукі. Андрэю зрабілася горача, ён адчуў, што чырванее. Ад гэтай нечаканай жаночай блізкасці ён хмялеў, да яго падступаў нейкі гонар, задавальненне, весялосць, але над усім брала верх сарамлівасць, нейкая зацятасць.
Нешта сілком нагнула яго да альбома. Адтуль, з адглянцаванай у дробных зубочках карткі глядзеў твар незнаёмай дзяўчыны, поруч сядзеў маладзюсенькі лейтэнант пад вусікамі.
— Харошанькі, праўда? — сказала яна наконт лейтэнанта, лізнуўшы вострым языком сухія губы.
— Нічога сабе, відны, — Андрэю здалося, што ён праглынуў нешта даўкае.