Выбрать главу

— Пазнаеце? — яна паказала мезенцам на вялікі на ўсю старонку здымак. — Мяне тут ніхто не пазнае.

Андрэй кінуў вокам на гурбу дзяўчат у белых халатах, што стаялі перад ганкам нейкага шматпавярховага дома, і пакруціў адмоўна галавою.

— Медсястра. Не бачыце? — тоненькі няроўны мезенец яе ткнуўся ў нейчы тварык. — Фу! Бальніца… — вострыя худыя плечы жанчыны здрыгануліся. — Аж цяпер калоціць.

— А хіба вы працавалі медсястрой?

— Была некалі. Наглядзелася ўсяго. I якія ж гэта дурныя людзі вучацца на дактароў. Мяне каб азалаціў, не пайшла б…

Кончык носа яе заварушыўся.

— О, вы не ведаеце, што такое бальніца! Але не было куды дзецца. Тут жа ў Зачэпічах глухата. А хлопцы: то пастух, то конюх… Усе яны нейкія… — вочы яе заплюшчыліся, роцік скрывіўся. — Ой, вы перагарнулі Дзімку, — востры локцік кальнуў Андрэю ў плячо. — Гэта ж той шафёрык, што вас уранку вёз.

Як нейкай вялікай, але мяккай падушкай кінулі на Андрэя Сідорчыка. Яму зрабілася горача, не было чым дыхаць.

Андрэй непрыкметна нахіліўся на другі бок стала. Але і там, яму здавалася, падсцерагаў яго востры локцік.

У сенцах грукнулі дзверы, зашоргаў венік, абіваючы снег.

— Лідачка!.. — там адазвалася гаспадыня.

Лідачка выпрасталася, скокнула з табурэткі, з нейкім расчараваннем сказала, што вярнулася мама, і нячутна пайшла за перагародку.

На кухні загаварылі, потым Лідачка смяялася, моцна, душачыся гэтым смехам, і яму падумалася, што яна смяецца з яго.

«Якая ж яна…» — ён закрыў далонямі вушы.

Але ўвайшла гаспадыня, убачыла, што госць сядзіць, як сам не свой, абхапіўшы рукамі галаву, і здзівілася:

— Што? Вам нездаровіцца? — нават паспачувала. — Цяпер прастудзіцца не дзіва, гэткае надвор’е, дзе ж вы бачылі!

— Скразнякі ў аўтобусе, — панура адказаў Андрэй.

— То, можа, павячэралі б з намі. Чай на ліповым цвеце — першае лякарства ад прастуды.

— Дзякую, вячэраў.

— Ужо і не ведаю, як вас прасіць, — яна схавала рукі пад фартух. Загаварыла з мацярынскай пяшчотаю, дабратой. — Вядома, здарожыліся. То можа пасцялю, адпачывайце сабе на здаровейка.

Ад гэтай чуласці ў Андрэя адлягло, падабрэла на сэрцы, ён павесялеў.

Нізкую на круглых ножках кушэтку, над якой вісела вышытае сэрца-капшучок, куды хаваліся напарсткі і ўтыкаліся іголкі, — засцілала сама Лідачка. Босая, пераадзетая ў лёгкую паркалёвую сукенку, яна выглядала маладзейшай, бадай што падлеткам.

Лідачка невядома чаго лішне развесялілася і ўсё нешта гаманіла, жартавала, падсмейвалася з Андрэя, але ён, безуважны, глядзеў на яе голыя рукі і думаў, якія яны ў яе нядужыя і недалікатныя.

— Ну вось, можаце адпачываць, — яна падбіла падушку і, махнуўшы шырокім падалом сукенкі, скокнула да выключальніка.

Цемната паглынула ўсё: хату, гукі, Лідачку.

— Ой, як баюся я мышэй, калі ў хаце няма святла, — адазвалася Лідачка, і Андрэй заўважыў яе невыразную ў цемнаце постаць. — Ты заўтра паедзеш? — яна неяк раптоўна і нечакана для Сідорчыка перайшла на ты.

Яму зрабілася брыдка, сорамна. Ён не ведаў, як сябе паводзіць, што адказаць.

— Паедзем разам, — голас у Лідачкі быў ціхі, не свой. — Ты хочаш, каб мы ехалі разам?

Ён не азваўся, прысеў на канапу і пачаў разувацца.

— Я табе перашкаджаю? — яна не спытала, яна крыкнула са злосцю, раздражнёна.

«Так!» — хацеў сказаць ён, але стрымаўся.

Яна ўздыхнула.

— Добра…

Ён падняў галаву, каб суцешыць яе, сказаць нешта шчырае, але пачуў, што яе рукі шастаюць па шпалерах, шукаючы дзвярэй, і ўзрадаваўся, што ўсё скончылася як мае быць.

Стомлены дарогай і гэтай гутаркай з Лідачкай, Андрэй ляжаў на нізенькай скрыпучай кушэтцы, прыслухоўваўся да цягучага млявага болю ў спіне, у нагах і думаў, што ў гэтай кароткай, але далёкай камандзіроўцы ён змучыўся, як ніколі, і што заўтрашнім днём трэба збірацца дадому.

— Досыць ужо строіць хітрыкі, досыць! — пачуў ён злосны моцны голас, але ніяк не мог разабраць чаму за перагародкай гаворыць мужчына.

— Ціха, чалавека разбудзіш, — папрасіла гаспадыня, і Андрэй нарэшце ўцяміў, што ён задрамаў і не пачуў, як вярнуўся старшыня.

А той крычаў на ўсю хату, не зважаючы ні на кога.

— Не заступайся, хопіць. Я нават саромеюся людзям у вочы глядзець. Заўтра ж няхай едзе за сваім дзіцём. Мужа кінула… Дзіцяці адраклася… Не ўжыліся. I пара кінуць гэтае кантралёрства. I ў калгасе ад работы рукі не адваляцца. Выняньчылі гэтакую…

Устрывожаны, але ціхенька, каб не пачулі, Андрэй Сідорчык прыўзняўся на локці, гатовы з прагнасцю лавіць кожнае слова Цагельскага. Але той змоўк.