Выбрать главу

Праз хвіліну ў кабінет адзін за адным увайшлі шасцёра маладых людзей у цывільным. Адзін з іх быў стрыечны брат Мачалава — Купрэйчык Аляксей. Яны радасна прывіталіся, але размаўляць не сталі, хоць і не бачыліся ўжо месяцы тры. Пётр Пятровіч запрасіў у кабінет сваіх супрацоўнікаў крымінальнага вышуку і адразу ж прыступіў да справы. Ён стварыў тры групы. Адна з іх, якую ўзначаліў Купрэйчык, павінна была заняцца рабаўнікамі ў процівагазах, другая — тымі, хто абкрадаў кватэры, а трэцяя — шукаць зладзеяў, якія абакралі і падпалілі краму.

Калі нарада скончылася, Пётр Пятровіч папрасіў Купрэйчыка затрымацца, а астатніх адпусціў.

— Ну, як Надзя? Яе я, мабыць, больш як паўгода не бачыў.

— Звычайна. Працуе ўсё там жа, у шпіталі.

— Сыну ўжо хутка два гады?

— Праз чатыры месяца. А як у цябе справы, Пётр? Як Таня, дзеці?

— Таксама ўсё звычайна. Юля ўжо, лічы, нявеста — сямнаццаць. Ваня — таксама хлопец сталы, абодва вучацца нядрэнна. Таня ў мяне ў начальства выбілася, нядаўна завучам школы прызначылі.

Аляксей нечакана спахапіўся:

— Слухай, Пеця, ты даўно быў у Славіных?

— На мінулым месяцы разам з Таняй хадзілі да іх у госці.

— Ну і як яны?

— Нічога. Жывуць у невялікай двухпакаёвай кватэрцы, але ты пра гэта і сам ведаеш. Абедзве працуюць. Анастасія Георгіеўна — на аўтамабільным заводзе. Жэня — у трамвайным парку. Валодзя ім піша часта.

— Я чуў, што яго пасля заканчэння школы ў Сібір працаваць накіравалі.

— Так, у крымінальным вышуку працуе. Справы ў яго нядрэнна ідуць.

— Сюды перабрацца не хоча?

— Чаму ж не хоча? Хоча. Напэўна чакае не дачакаецца.

У кабінет зазірнуў дзяжурны:

— Дазвольце, таварыш маёр?

— Так, слухаю.

— Ізноў напад на адзінокіх старых.

Мачалаў ускочыў з канапы.

— Гэта ўжо чацвёрты выпадак. — Ён тут жа загадаў дзяжурнаму: — Спыніце першую ж машыну, што будзе праязджаць міма аддзялення, хай даставіць нас да месца здарэння. — Затым ён зірнуў на стрыечнага брата: — Ну што, Лёша, паехалі?

— Вядома. Дапамажы маю групу сабраць. Знаёміцца буду з кожным.

Праз некалькі хвілін Мачалаў, Купрэйчык і яшчэ шэсць аператыўных работнікаў крымінальнага вышуку трэсліся ў кузаве грузавіка. Ехаць было недалёка, і неўзабаве яны спыніліся ля невялікага драўлянага дамка, які стаяў у самым канцы доўгай небрукаванай вуліцы.

За гародам віднелася пакрытае восеньскай травой поле, удалечыні — лес. Ля варот пафырквала двое міліцэйскіх коней. У двары да Мачалава падышоў участковы ўпаўнаважаны старшы лейтэнант Ляхавец.

— У гэтым доме, таварыш маёр, жывуць адзінокія старыя. Гаспадару каля васьмідзесяці, яго жонцы — семдзесят пяць. Каля дзвюх гадзін назад прыйшлі трое мужчын. Гаспадыня заўважыла іх праз акно, калі яны ішлі па двары. У калідоры мужчыны трохі затрымаліся, а калі ўвайшлі ў дом, то бабулька ледзь не ўпала ў непрытомнасці. Ва ўсіх траіх на тварах былі маскі. Я ўдакладніў у яе. Відавочна, гэта былі зноў процівагазы.

— Гаспадары жывыя?

— Так точна. Злачынцы звязалі іх і наладзілі ў доме сапраўдны пагром.

— Пойдзем паглядзім, — перапыніў участковага Мачалаў і ступіў міма міліцыянера, які стаяў па стойцы «смірна».

У пакоі было змрочна. На доўгай драўлянай лаве сядзелі да смерці перапуджаныя гаспадары. Перш чым пачаць гутарку з імі, Мачалаў распарадзіўся застацца на месцы Купрэйчыку і яшчэ аднаму супрацоўніку, а астатнім загадаў апытаць суседзяў. Маёр сеў побач са старым. Той паціраў нядаўна развязаныя рукі і ледзь чутна енчыў.

— Яны білі вас? — спагадліва спытаў Мачалаў.

— Білі, рукі выкручвалі, за горла душылі.

— Грошы патрабавалі?

— Вядома, — неяк паспешна адказала бабулька. Мачалаву здалося, што яна імкнецца апярэдзіць старога.

Гэта адчуў і Купрэйчык. Ён, звяртаючыся да Мачалава, прапанаваў:

— Пётр Пятровіч, можа, пакуль ты з гаспадыняй пагутарыш, а я з гаспадаром?

— Добра. Але дзе?

— А мы ў кухні.

У кухні стары асцярожна апусціўся на крэсла і рукой дакрануўся да правага боку.

— Усё баліць. Яны ж мяне нагамі, як немцы ў вайну, білі.

Капітан акінуў поглядам кухню: куды б прысесці? Падышоў да лаўкі, на якой стаяла вядро з вадой, паставіў яго на падлогу і сеў на лаўку.

— Як вас завуць?

— Троцак. Міхаіл Міхайлавіч Троцак.

— Вы мне, Міхаіл Міхайлавіч, раскажыце ўсё па парадку.

— А што тут расказваць. — Дзед замоўк на імгненне і абыякава скончыў. — Усё адно нікога не знойдзеце.

— Гэта чаму ж?