— Морды мы іх не бачылі, нават апратку не запомнілі, разгледзець не паспелі.
— Ну, а голас ні ў каго з іх не здаўся вам знаёмым?
— Голас не. — І стары неяк дзіўна абсекся. Купрэйчыку зноў здалося, што ён хацеў штосьці дадаць, але стрымаўся.
Капітан, уважліва гледзячы на гаспадара, ціха сказаў:
— Міхаіл Міхайлавіч, па-мойму, вы штосьці недагаворваеце, я ж бачу. Скажыце, што вас бянтэжыць, не саромейцеся.
Яны памаўчалі. Затым Купрэйчык працягваў:
— Я ж адчуваю, што вы не ўсё сказалі. Мы сыдзем, а вы будзеце мучыцца, перажываць, што ўтаілі ад нас штосьці. Не забывайце, Міхаіл Міхайлавіч, што гэтыя злачынцы вельмі небяспечныя і ў любы момант могуць напасці на іншых людзей. Майце на ўвазе яшчэ і тое, што могуць зноў завітаць і да вас. Што тады? — Голас у Купрэйчыка стаў больш настойлівым. — Вырашайце, Міхаіл Міхайлавіч. Самі ж потым будзеце шкадаваць, што не ўсё сказалі. Вы што, баіцеся жонкі? Вас штосьці бянтэжыць?
— А чаго мне яе баяцца? Калі спатрэбіцца, то знайду на яе ўправу.
Стары падняўся і рашуча накіраваўся ў пакой. Купрэйчык пайшоў следам.
Дзед рыўком адчыніў дзверы і гучна сказаў:
— А ну, старая, выкладвай начыстую пра крыж, а то сам скажу! Чаго нам баяцца? Мы ж з табой не кралі яго!
Старая ад здзіўлення ледзь прыўстала і чамусьці засталася ў такім нязручным становішчы.
— Ты што, здурнеў на старасці? Чаго языком менціш?
— Расказвай, кажу, Міхееўна, а то сам пачну. — Ён раптам злосна тупнуў нагой і грозна загадаў: — Ты што, чалавечай мовы не разумееш?
Гаспадар, прыстрашваючы, нават кулакі сціснуў, а Міхееўна нечакана выпрасталася і сунула старому проста пад нос кукіш:
— А дулю табе праз замочную свідравіну не хочацца?
Работнікі міліцыі, не вытрымаўшы, гучна разрагаталіся.
Стары сказаў жонцы «дурніца» і павярнуўся да Купрэйчыка:
— Здурнела баба. Відаць, мала выхоўваў у маладыя гады. Сам раскажу. — Ён вычакаў трохі, затым нядбайна адхіліў старую ад лавы і сеў: — Яшчэ задоўга да вайны падарыла мне маці залаты крыж. Ён ёй па спадчыне дастаўся. Быў у нас калісьці ў родзе поп. Схавалі мы гэты крыж, вырашылі на чорны дзень прызапасіць. А тут вайна пачалася, неўзабаве немец прыйшоў. Вырашылі мы крыж трымаць на выпад ак, калі немцы нас арыштоўваць будуць, каб адкупіцца. Але Бог мілаваў, нас не кранулі. У сорак другім у нас на кватэры стаў жыць Воўка Каруноў. Ці то з палону збег, ці то з турмы немцы яго выпусцілі, мы так і не даведаліся, замоўчваў ён пра гэта. Аднойчы яму нейкім чынам удалося падслухаць нашу гаворку са старой пра крыж. Пасля гэтага пачаў я заўважаць, што ў нашых рэчах хтосьці ўвесь час капаецца. Чыя гэта работа, гадаць не трэба было: Каруноў, і мы прапанавалі яму сысці ад нас. Воўка перабраўся на іншую кватэру, і пасля гэтага мы яго не бачылі. Аднойчы — гэта было ўжо ў сорак чацвёртым, калі нашы прыйшлі, — вярнуліся мы са старой з рынку дахаты, а там — сапраўдны пагром: усё перавернута, пераварушана. Дзіву даліся, каму спатрэбілася такі пагром рабіць. Стаім і галовы ламаем. А тут суседка прыходзіць і кажа: «Бачыла я, як ад вашай хаты гародамі сыходзіў ваш былы кватарант Воўка». Тут нам адразу ўсё стала ясна: Воўка гэты крыж шукаў.
— У міліцыю паведамлялі? — спытаў Купрэйчык.
— Не, баяліся пра крыж казаць. — Стары паглядзеў на жонку і дадаў: — А далей ты расказвай. — І ён ізноў прытупнуў нагой. — І не ламайся мне тут, як тады, калі замуж выходзіла, кажы!
Гаспадыня збянтэжана маўчала. Стары не вытрымаў:
— Кажы. Не даводзь мяне да граху сваімі выкрутасамі. Тут людзі на службе знаходзяцца, дзеля цябе, старой дурніцы, сюды прыйшлі, а ты яшчэ з сябе фігалку-пігалку робіш. Кажы!
Гаспадыня злосна паглядзела на старога і, цяжка ўздыхнуўшы, загаварыла:
— Тры дні таму стары да шаўца пайшоў, а я ўспомніла, што ў нас газа скончылася. Узяла слоік і пайшла ў газавую краму. Прыходжу туды, а Грышка Пултас — ён газай гандлюе і жыве недалёка ад нас — кажа мне: «Слухай, Міхееўна, тут толькі што табой і тваім старым нейкі мужык цікавіўся. Я яго дзесьці раней бачыў, твар знаёмы, але ўспомніць так і не магу. Пытаў, ці жывяце вы адны ці кватарантаў трымаеце. З паўгадзіны як сышоў».
Купіла я газы і дахаты пайшла. Зірк, а недалёка ад нашай хаты, па другім боку вуліцы, наш былы кватарант у брызентавым плашчы мне насустрач ідзе. Убачыў мяне, каптур амаль на вочы апусціў і пайшоў далей, нібы мяне не пазнаў. Ёкнула ў мяне тады сэрца. Я хутчэй дахаты кінулася. Але дома ўсё ў парадку, неўзабаве і стары прыйшоў. Расказала я яму, а ён тады адразу ж і сказаў, што Воўка, напэўна, на наш крыж нацэліўся, і на ўсякі выпадак перахаваў яго з дома ў хлеў.
— А вы ў прадаўца газы не пыталі, як быў апрануты той мужчына? — спытаў Мачалаў