— Ледзь на мяне не наехаў. Паглядзі на яго, п’яны, ледзь на нагах стаіць, а за руль машыны сеў.
Мужчына здзіўлена паглядзеў на Крайнюка і абурана прагаварыў:
— Не разумею, што робіцца. Я ж сам прыехаў у міліцыю, а мяне затрымліваюць. Бачыш, што атрымліваецца: калі я звярнуўся ў міліцыю — мяне прагналі, калі сышоў з міліцыі — мяне туды назад сілай цягнуць. Што дзеецца! Каму скардзіцца?
Смеючыся, Славін і Крайнюк падняліся на другі паверх і неўзабаве былі ў невялікім кабінеце. Сябры, перабіваючы адзін аднаго, пачалі ўспамінаць сваё партызанскае жыццё. Славін даведаўся, што Крайнюк, пасля таго як вылечыўся, у сорак шостым годзе паступіў у афіцэрскую школу міліцыі. А калі скончыў вучобу, кіраўніцтва, ведаючы, што ў Антона няважнае здароўе, накіравала яго працаваць у Абхазію. У Антона нават слёзы радасці на вачах з’явіліся, калі ён даведаўся, што Таццяна Андрэеўна і яе дзеці засталіся жывыя.
— Уяўляю, што ім давялося перажыць, — задуменна сказаў Антон. — Ну, а як Пётр Пятровіч? Нябось, у палкоўніках ужо ходзіць?
Апусціўшы галаву, Славін ціха сказаў:
— Загінуў ён. падчас правядзення аперацыі па абясшкоджванні банды. Адзін з бандытаў пазнаў яго і паспеў стрэліць першым. Ды ты гэтага гада павінен памятаць. Гэта сябрук Мірэйчыка, таксама паліцай — Юшэвіч.
— Што ты кажаш! Ох, дарма мы яго тады разам з Грышкам не расстралялі.
— Яго Пётр Пятровіч шукаў. Нават ужо выйшаў на след, а той, гадзіна, банду сабраў, памкнуўся са сваімі сябрукамі на касіра завода і яго ахову напасці і захапіць грошы, прызначаныя для зарплаты. А нашы хлопцы бралі іх, як кажуць, за секунду да выстралу. Ох, як шкада Пятра! Перад маім вылетам сюды да нас пасля заканчэння афіцэрскай школы міліцыі прыбыў Ваня — яго сын. Шчыра кажучы, я рады, што ён будзе служыць са мной.
Крайнюк расказаў, што ён жанаты на грузінцы, мае дваіх дзяцей. Пацікавіўся:
— Валодзя, а ты сюды на адпачынак прыехаў?
— Які там адпачынак, — усміхнуўся Славін, — у камандзіроўку. — І Уладзімір Міхайлавіч расказаў пра мэту свайго прыезду.
Крайнюк устаў:
— Пайшлі да майго начальніка. Даложым, і я дамоўлюся, што буду табе дапамагаць.
Антон угаворваў Уладзіміра спыніцца ў яго дома, але Славін, не жадаючы турбаваць сям’ю сябра, настаяў на сваім і пасяліўся ў гасцініцы.
— Разумееш, — супакойваў ён засмучанага Крайнюка, — я ж мора бачу ўпершыню. У вольны час, нават уначы, цікава пабыць каля яго. Навошта ж перашкаджаць жонцы, дзецям!
Пасля таго як Славін уладкаваўся ў гасцініцы, яны вырашылі вышук Чорта пачаць заўтра з раніцы і накіраваліся да Крайнюка дамоў. Жыў ён высока ў гарах, і калі сябры падняліся да яго дома, Славін, гледзячы на панараму горада, што разгарнулася ў іх каля ног, захоплена сказаў:
— Ух ты! Прыгажосць якая, нібы на самалёце ляціш! У мяне галава закружылася ад такой вышыні.
У гэты вечар дома ў Крайнюкоў было сапраўднае свята. Жонка Антона — высокая чарнавокая Кета, — слухаючы ўспаміны сяброў, усміхалася і падавала на стол усё новыя стравы.
Разышліся позна. Антон праводзіў Славіна да самай гасцініцы. Уладзімір Міхайлавіч развітаўся з сябрам і, калі той сышоў, не заходзячы ў гасцініцу, накіраваўся да мора. Уздоўж набярэжнай ішла прысада, якую ўпрыгожвалі пальмы і кіпарысы. Стаяла цішыня. Паветра было насычаны пахам кветак і мора. Месяц адлюстроўваўся ў зусім спакойным моры, якое здавалася сонным. Уладзімір Міхайлавіч падумаў, што ўсё гэта падобна на цудоўны, казачны сон. Ён сеў на зручную драўляную лаўку і задумаўся. Ужо каторы раз за гэты вечар успомніліся баявыя сябры, бацька.
Пераклад з рускай Язэпа РУНЕВІЧА.