— Мартава, — падказаў Славін.
— Так, так, Мартава, а з’ехаў пазней яго. Ён увесь час прасіў у мяне бутэльку гарэлкі, але гарэлкі ў буфеце ўжо не было, і яго пачаставалі кіроўцы, сярод якіх быў Лукін. Я вам яго называла. Ён павінен сёння тут з’явіцца.
— А гаворкі не было, адкуль той новенькі ехаў ці куды?
— Са мной ён, вядома, пра гэта не гаварыў. Можа, Лукін што ўспомніць?
Да прылаўка падышоў адзін з наведвальнікаў і весела папрасіў:
— Цётка Маша, дай мне з сабой адну сургучную.
— Хопіць табе, Міша, глядзі, ужо вочы касыя, а ты яшчэ гарэлкі хочаш.
— Ды ты не бойся, цётка Маша, гэта на ўсякі выпадак, раптам матор у дарозе забарахліць, а надвор’е, сама бачыш, калі не змерзнеш, то запаленне лёгкіх лёгка можна падхапіць, а вось яна, галубачка, можа мяне выратаваць ад небяспечных наступстваў.
Буфетчыца зірнула на работніка міліцыі і з паказным нежаданнем прадала бутэльку гарэлкі. Славін сеў за бліжэйшы столік і пачаў піць чай, які ўжо астыў. Сёння яму трэба было рушыць па трэцяй дарозе, што вядзе ў тайгу. Тактыка яго была простая: не праязджаць міма ніводнай вёскі ці пасёлка, ніводнай дзялянкі, дзе працавалі людзі. У што б там ні было трэба ўстанавіць асобу загінуўшага. Новы вадзіцель, пра які сказала буфетчыца, таксама ўяўляў цікавасць. Славін яшчэ не ведаў, нават не здагадваўся, што невядомы вадзіцель можа даць следству, а ўжо ў нейкай ступені разлічваў на яго. У маладым супрацоўніку міліцыі пачынала выяўляцца вельмі неабходная кожнаму аператыўніку рыса — нюх.
Тым часам у зале з’явіўся сяржант Сімоха. Ён быў апрануты ў цывільны гарнітур. Лавіруючы паміж сталамі, сяржант падышоў да Славіна. І толькі калі Сімоха адсунуў крэсла і сеў, Славін убачыў яго.
— Андрэй, адкуль ты? Слова гонару, з неба зваліўся!
— Не з неба, а з кузава грузавіка. А прыехаў я, вядома, з Мар’янска і прывёз табе прывітанні ад Алтыніна, у якога, дарэчы, запаленне лёгкіх, і Лагуты. Ён зараз не старшы оперупаўнаважаны, а в. а. начальніка міліцыі. Акрамя таго, я магу сказаць табе, хто загінуўшы.
— Устанавілі, хто ён? — узрадаваўся Славін.
— Натуральна, — аўтарытэтна пацвердзіў Сімоха. — Але спачатку напаі мяне чаем, у цябе ж тут, напэўна, знаёмая ў буфеце.
— Вядома, — Славін павярнуўся да прылаўка. — Цётка Маша, дайце, калі ласка, яшчэ шклянку чаю.
Гэта просьба выклікала ажыўленне сярод чатырох мужчын, якія сядзелі за столікам. Адзін з іх не вытрымаў і гучна сказаў:
— Трэба ж, якія кліенты ў цёткі Машы пайшлі. Шклянку чаю патрабуюць, як бутэльку гарэлкі!
Мужчыны засмяяліся. Славіну ж успомнілася вайна і той вечар у партызанскай зямлянцы, калі камандзіры Тамкоў і Лапко прымушалі яго выпіць спірт, каб ён не захварэў. У памяці ўсплыў і той момант, калі яму, цяжкапараненаму, доктар даў самагонкі. Але ён тут жа адагнаў ад сябе ўспамін і, усміхаючыся, паглядзеў на тых, што смяяліся.
Цётка Маша прынесла чай. Сімоха выпіў яго і пачаў расказваць:
— Учора ўвечары патэлефанавалі з пасёлка Лябяжага. У іх знік загадчык склада леспрамгаса Літвін Мікалай Елізаравіч. Прыметы цалкам супадаюць з прыметамі загінуўшага. Дарэчы, урачы пацвердзілі, што ён загінуў у выніку аўтанаезду.
Славін выцягнуў з планшэткі карту раёна.
— Кажаш — пасёлак Лябяжы? Так, дзе гэта ён?.. Ага, вось! Я якраз сёння збіраўся ехаць па гэтай дарозе. Адгэтуль кіламетраў сорак будзе. Дачакаюся шафёраў і паеду туды. А як пачуваецца Ягор Ягоравіч?
— У бальніцу адвезлі.
— Слухай, хачу спытаць і забываю, чаму ён такія вусы і бараду адпусціў?
— А ты не ведаеш?
— Не. Таму і пытаю.
— Мы ўсё ведаем. Гэта было ў дзевятнаццатым. Алтынін старшынёй рэўкама тады быў. Бандыты падпільнавалі, калі ў мястэчку засталося мала чырвонаармейцаў, і наляцелі. Знялі ахову, а Алтыніна, цяжкапараненага, у палон захапілі. І як толькі не катавалі яго: і агнём, і нажамі, і палкамі, але нічога ён не сказаў. Павялі яго на абрыў, да ракі, расстрэльваць, а ён як быў са звязанымі рукамі, так і сігануў у ваду. Бандыты сталі па краі абрыву і глядзяць уніз, думаюць, што калі вынырне, то даб’юць. А ў гэты момант нашы падаспелі і ўдарылі па іх. А Алтынін сапраўды вынырнуў. Ён добрым плывуном быў, нездарма на Волзе нарадзіўся. Твар яму катаваннямі знявечылі, вось і адпусціў бараду і вусы.
— Ясна. Адчуваецца, што чалавек сапраўдны. — Пасля невялікай паўзы Славін спытаў: — Ты куды цяпер?
— Назад у Мар’янск. Знайду спадарожную машыну і — у аддзяленне.