Выбрать главу

— Супакойся, родная! Табе трэба менш думаць пра гэта.

— Так, так, я ўсё разумею. Пеця, а можна я дам гэты ліст прачытаць дзецям? Сёння ж мы напішам Мішы ліст.

— Добра, добра. Ты толькі супакойся.

Пакуль у аддзяленні Мачалаў разбіраўся з матэрыяламі, што паступілі, даваў указанні па расследванні злачынстваў, у аддзеле з’явіўся Купрэйчык. Ён зайшоў у кабінет і сказаў:

— Пашанцавала мне ўчора. Ішоў міма газавай крамы, гляджу — дзверы адчыненыя. Дай, думаю, зайду да Пултаса, можа, яшчэ што-небудзь паведаміць. І паведаміў. Па-першае, ён успомніў, што той, хто цікавіўся старымі Троцакамі, і ёсць іх былы кватарант. Па-другое, гэты, наскрозь прамочаны газай, стары сказаў, што ён бачыў Карунова ля піўнушкі, і ўпэўнены, што прадавец піва, — Купрэйчык зазірнуў у лісток паперы, — Мулер Леў Абрамавіч ведае яго, таму што аднойчы заўважыў іх разам побач з піўнушкай. Мулер і Каруноў пра нешта размаўлялі. Неўзабаве да іх падышла нейкая старая, і Каруноў сышоў з ёй.

— Ну, што ж, Лёша, давай дзейнічай далей. Дапамагай, браток, бачыш сам, колькі спраў на маю галаву звалілася.

— Не турбуйся, Пеця, буду даводзіць да канца.

Мачалаў даўно ведаў звычку Аляксея рэзка мяняць тэму гаворкі. Вось і цяпер ён сеў на крэсла каля Пятра і спытаў:

— Пеця, памятаеш, ты мне расказваў пра ўрача, пра Васілеўскую?

— Пра Вольгу Ільінічну? — Мачалаў здзіўлена падняў на яго вочы. — Вядома, памятаю.

— Дзе яна цяпер?

— Не ведаю, Лёша. Пасля таго як мы з ёй прыехалі ў мае родныя мясціны, каб пакланіцца магіле маёй жонкі і дзяцей, і, на шчасце, аказалася, што яны жывыя, Оля адразу ж сышла. Я шукаў яе тады на чыгуначнай станцыі і даведаўся, што яна з’ехала на нейкім ваенным грузавіку. Вось так і рассталіся мы з ёй не развітаўшыся.

Мачалаў замоўк на хвіліну, а потым, нібы апраўдваючыся, сказаў:

— Не яе віна і не мая, што так усё склалася. У Вольгі ж усе загінулі. Цяжкі ў яе лёс.

Купрэйчык дакрануўся рукой да пляча стрыечнага брата:

— Прабач, Пётр. Можа, я недарэчы з гэтай гаворкай. Але з тваіх расказаў я зразумеў, што Васілеўская кахала цябе. І вось чамусьці сёння ўсё гэта ўспомнілася. Славін казаў, што яна добры чалавек. Магчыма, яшчэ калі-небудзь ты і сустрэнешся з ёй. У жыцці ўсё бывае.

— А навошта, Лёша?

— Проста для таго, каб даведацца, як склаўся яе лёс.

Мачалаў паціснуў плячамі:

— Напэўна, гэта не трэба зараз ні ёй, ні мне. Мне б вельмі хацелася, каб яна была шчаслівая.

А Купрэйчык ізноў змяніў тэму:

— Добра, я пайшоў піць піва і знаёміцца з Мулерам,— і ён рашуча накіраваўся да дзвярэй.

8 Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Славін

Гора прыйшло ў сям’ю Літвіных. Жонка Літвіна пакуль не ведала гэтага. Здзіўленая прыходам работнікаў міліцыі і дырэктара леспрамгаса, яна мітусілася, запрашаючы ўсіх садзіцца.

Мелася быць цяжкая гаворка, і ніхто не адважваўся пачаць яе першым. Але трэба было пачынаць, і Славін папрасіў паказаць фатаграфію Мікалая Елізаравіча. Г аспадыня дастала з альбома фота мужа і, працягваючы яго Славіну, спытала:

— Скажыце, што здарылася? Я ўжо змарнавалася за гэтыя дні!

Не адказваючы, Славін глядзеў на фатаграфію мужчыны гадоў пяцідзесяці, з ледзь прыжмуранымі вачамі. Падабенства было, аднак сцвярджаць, што гэта яго знайшлі ў кузаве грузавіка, Славін не мог. Твар забітага быў поўнасцю знявечаны. Уладзімір спытаў, куды ён павінен быў ехаць трынаццатага верасня.

— У чацвёртую брыгаду, гэта кіламетраў дваццаць адгэтуль. Ён хацеў даведацца, што з цёплай адзежы трэба людзям, хутка ж маразы...

Уладзімір павярнуўся да дырэктара:

— У якім баку тая брыгада працуе?

— Недалёка ад вёскі Пасха.

Славін разгарнуў скрутак і паказаў гаспадыні чаравік.

— Зірніце, гэта выпадкова не яго абутак?

Жанчына ўзяла чаравік, і рукі яе адразу задрыжалі.

— Яго, вядома, яго! З ім няшчасце?

Дырэктар падышоў да яе і, узяўшы за плечы, пасадзіў на канапу:

— Мацуйся, Ліда! З Мікалаем сапраўды здарылася няшчасце. На яго наехала машына.

— Машына? Якая машына? Дзе ён, скажыце, дзе ён? — Жанчына ўскочыла з канапы і падбегла да Славіна: — Вы ведаеце, дзе ён? Скажыце мне, малю! Скажыце мне, жывы ён?

Славін апусціў галаву і ледзь чутна сказаў:

— Ён... загінуў.

— А... а... — гучна закрычала жанчына і, ломячы рукі, кінулася да дзвярэй, але яе спыніў дырэктар:

— Ліда, Ліда, спыніся, мілая! Ідзі вось сюды, сядзь на канапу.

Яна паспрабавала вырвацца, але дырэктар абняў яе за плечы і сілай пасадзіў на канапу.

Неўзабаве зайшоў брат гаспадыні. Участковы, калі яны праходзілі міма яго дома, забег і папрасіў яго прыйсці. Славін растлумачыў яму, што здарылася, і сказаў, што дырэктар леспрамгаса дасць машыну, на якой трэба паехаць па цела Літвіна. Пасля гэтага асцярожна крануў за рукаў участковага: «Пойдзем!.. Праводзьце мяне да дарогі, вы ў форме, вам лягчэй будзе спыніць машыну».