Калі яны падыходзілі да ўскраіны пасёлка, убачылі палутарку. У кабіне быў толькі вадзіцель. Па знаку работніка міліцыі машына спынілася, і неўзабаве Славін ехаў у кабіне старога, дабітага грузавіка.
Буфетчыца, як заўсёды, была на сваім пасту. Уладзімір прывітаўся і папрасіў накарміць яго. Цётка Маша хутка прынесла міску капусты, шніцаль з макаронамі і села насупраць.
— Ну, як у вас справы?
— Ды вось блукаю, — няпэўна адказаў Уладзімір. — Як вы думаеце, я на Кемерава знайду спадарожную машыну?
— Рэдка яны ходзяць, але, магчыма, знойдзеце. Вам трэба выйсці на дарогу, якая вядзе ў Кемерава, таму што некаторыя вадзіцелі, не спыняючыся тут, едуць далей.
Славін разлічыўся за абед і выйшаў з чайной. Стаяць на дарозе прыйшлося доўга, і толькі пад вечар, моцна змерзшы, ён сеў у кабіну ЗіСа, што ехаў у Кемерава. Вадзіцель, малады хлопец, аднагодак Уладзіміра, сказаў, што ехаць прыйдзецца амаль усю ноч. Шлях няблізкі, і Славін, уладкаваўшыся ямчэй, падрыхтаваўся да працяглай трасяніны па няроўнай дарозе.
Вадзіцель, які назваўся Аляксандрам, аказаўся гаваркім, ён расказаў, што родам з Кемерава і ўжо шмат разоў ездзіў па гэтых дарогах.
Уладзімір спытаў:
— Саша, а чаму ты на «пупе» не спыніўся? Там жа чайная, і амаль ніхто не праскоквае міма яе.
— А ў мяне ёсць свой «пуп», — усміхнуўся хлопец, — вось праз пяць гадзін убачыш.
— А што толку, праз пяць гадзін? — Уладзімір зірнуў на гадзіннік, — ужо будзе каля адзінаццаці, і нават чаю не вып’еш.
— Памыляешся. Там нядрэнная сталовая, і працуе яна круглыя суткі. Калі б ты ні прыехаў, заўсёды можна паесці гарачага.
Нягледзячы на тое, што дарога была ў калдобінах, яны ажыўлена размаўлялі, і пяць гадзін прайшлі неўзаметку. Калі даехалі да месца, пра якое казаў вадзіцель, Славін ужо многае даведаўся і пра Кемерава, і пра звычкі тутэйшых вадзіцеляў.
Аляксандр загнаў машыну ў двор чайной, і яны ўвайшлі ў чыстую невялікую залу, дзе сядзелі тры чалавекі. За стойкай стаяла маладая прыгожая жанчына, зірнуўшы на яе, Славін ледзь не ўскрыкнуў. Перад ім была Латаніна, якая падчас вайны даносіла гестапа на падпольшчыкаў і патрыётаў.
Уладзімір стаяў як скамянелы і глядзеў на буфетчыцу. Не, памыліцца ён не мог — гэта была Латаніна Светка, здрадніца, якая, напэўна, апынулася тут, у глухамані, каб згубіцца сярод людзей, схавацца, быць далей ад тых, хто яе добра ведаў, і такім чынам уцячы ад адплаты!
— Ну, ты што, прырос? Праходзь, — крануў Уладзіміра за плячо вадзіцель.
Славін сеў за бліжэйшы столік і неадрыўна глядзеў на буфетчыцу. Да іх падышла пажылая афіцыянтка:
— Ну, што, хлопчыкі, будзем заказваць?
— Нам чаго-небудзь гарачанькага, — папрасіў Аляксандр.
— Ёсць толькі суп гарохавы, а на другое — катлеты з тушанай капустай.
Вадзіцель ткнуў Славіна ў бок:
— Ну, што бяром? Табе можна і сто грамаў для апетыту, не за рулём жа.
— Што вам на трэцяе? Кампот ці чай? — нецярпліва спытала афіцыянтка. — Гарэлку калі захочаце, то ў буфеце возьмеце.
— Давайце чай, — махнуў рукой Славін і, пачакаўшы, пакуль афіцыянтка адыдзе ад стала, спытаў у вадзіцеля:
— Саша, гэта буфетчыца даўно тут працуе? Вадзіцель паглядзеў у бок буфета і, усміхнуўшыся, сказаў:
— Што, спадабалася? Яна ўжо больш як год тут. сімпатычная жанчына, толькі старэйшая яна за нас з табой.
— Яна замужам?
— Не ведаю. Хочаш, спытаю?
— Не, што ты! Проста мне здалося, што раней яна ў Мар’янаўску працавала.
Раптам ён адважыўся:
— Ведаеш, мабыць, я вазьму сабе сто грамаў, каб не застудзіцца, а то на дарозе амаль паўдня пратырчаў на ветры ў чаканні машыны.
Славін устаў і падышоў да прылаўка. Ён не баяўся, што Латаніна яго пазнае, ці наўрад яна памятала суседскага хлопца.
Жанчына кінула пусты погляд на хлопца і абыякавым тонам спытала:
— Што?
— Сто грамаў.
«Так, гэта яна!» — Славін зараз быў цвёрда ўпэўнены ў гэтым.
Буфетчыца наліла ў гранёную шклянку гарэлкі і, падсунуўшы бліжэй да Славіна, прамармытала:
— Хлопец здаровы, малады, і ад поўнай шклянкі нічога не стала б.
— У наступны раз, — пажартаваў Уладзімір і хацеў адысці ад буфета, але раздумаўся і сказаў: — Добра тут у вас, чыста, акуратна, колькі езджу па гэтай дарозе і заўсёды з вялікім задавальненнем заязджаю да вас.