— Узяў бы тады і падзяку напісаў, калі падабаецца.
Славін і сам хіліўся да гэтага. Ці пад сваім прозвішчам працуе тут Латаніна? Уладзімір адказаў:
— А што? І напішу, вось толькі аловак дайце, а то не маю з сабой.
У кішэні пінжака Уладзіміра ляжала добрая аўтаручка, якую падарыла Рыта яшчэ летась, але ён не хацеў рабіць хоць бы малога кроку, які мог бы насцярожыць буфетчыцу. Хай ён застаецца проста тым, за каго яна яго прымае. Латаніна падала яму кнігу скарг і прапаноў. Гэта быў звычайны журнал, да якога быў прывязаны аловак.
Славін спытаў:
— Як ваша прозвішча?
— Сыраежная.
— Імя?
— Любоў Сяргееўна.
— А афіцыянткі?
— А навошта табе і афіцыянтцы пісаць? Хопіць, што мне напішаш.
Славін ледзь стрымліваў сябе, каб не схапіць яе за руку і прама праз прылавак выцягнуць у залу, кінуць у машыну і даставіць у бліжэйшае аддзяленне міліцыі. Але ён ведаў, што перш, чым затрымаць злачынцу, трэба прад’явіць ёй абвінавачванне. Славін сеў за стол і стаў пісаць, а перад вачамі ў яго стаяла выява бацькі. Магчыма, менавіта Латаніна і данесла фашыстам пра яго. Успомніў яе ўсмешлівую на Камароўскім рынку, абкружаную гестапаўскімі афіцэрамі, як паказвае рукой на нейкага мужчыну, якога тут жа схапілі. Яго не збянтэжыла тое, што гэта жанчына назвалася іншым прозвішчам, не, ён не пераблытаў, гэта была яна — Светка Латаніна!
Уладзімір напісаў некалькі слоў падзякі, указаўшы ў ёй прозвішча Сыраежнай. Есці ён не стаў. Выпіў гарэлку і пачаў прыспешваць вадзіцеля. Той здзіўлена паглядзеў на яго.
— І чаго ты так спяшацца стаў? То падзяку пішаш, то нават ад ежы адмаўляешся.
— Не бурчы, сябра, зрабі для мяне добрую справу, паехалі хутчэй!..
9 Купрэйчык
У піўнушцы народу было шмат. Купрэйчык і оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Новікаў, якога ён узяў сабе ў памагатыя, заказалі па куфлю піва і, стоячы недалёка ад піўной бочкі, асцярожна разглядалі прадаўца.
Яму было не менш за семдзесят. Сярэдняга росту, з рэдкімі сівымі валасамі. Ён працаваў спрытна. Хуткім рухам падносіў пусты куфаль да крана, адкрываў яго, пры гэтым весела перагаворваўся са знаёмымі, якія, як паспелі заўважыць аператыўнікі, даволі часта з’яўляліся тут.
У кожны куфаль Мулер відавочна не даліваў піва, не зважаючы на тое, што амаль палова куфля запоўнена пенай, працягваў яго кліенту. Адзін з наведвальнікаў абурыўся:
— Ты б, дзед, не даліваў, але по-боску. Паглядзі на сябе: ты ж жыццё ўжо пражыў, а ўсю драбязу збіраеш. Багацце на пене назапасіў, нябось, ужо і сам не ведаеш колькі.
— А ты не пі, тады таксама багатым будзеш, — спакойна і зусім бяскрыўдна адказаў Мулер.
Мужчына, які знаходзіўся непадалёку, сказаў незадаволенаму:
— Не псуй сабе нервы, мужык. Хіба доймеш гэтага скнару словамі. Вось калі б яму ў морду ўрэзаць, то тады, можа, і дайшло б, але нельга — стары ж. Хоць што да яго ўзросту, то не турбуйся, ён нас перажыве і хварэць не будзе, і сумленне яго грызці не стане.
Дзед не даў яму скончыць і абыякава адказаў:
— Лепш быць багатым і здаровым, чым бедным і хворым.
Купрэйчык нахіліўся да Новікава:
— Слухай, Ваня, а што, калі нам скарыстацца гэтым шумам і запрасіць Мулера для тлумачэнняў у аддзяленне, заадно там і пра Карунова высветлім?
— Давай, — згадзіўся Новікаў і, паставіўшы на невялікі, заліты півам прылавак куфаль, паказаў Мулеру пасведчанне. — Канчайце гандаль і збірайцеся. У аддзяленні разбяромся, ці доўга вы яшчэ ашукваць будзеце.
Мулер нават вокам не міргнуў і тым жа спакойным тонам адказаў:
— Ізноў, напэўна, міліцыі піва не спадабалася. Добра, зараз збяруся.
У аддзяленні Купрэйчык адчыніў выдзелены для яго групы кабінет і запрасіў Мулера сесці. Працягваючы заставацца спакойным, той сказаў:
— Я думаю, што з-за піўной пены садзіцца не варта.
— Гэта чаму ж? — заўважыў Новікаў. — Вы людзей ашукваеце і лічыце, што за гэта перад законам адказваць не трэба?
— Э, малады чалавек, я не ашукваю.
— Як гэта не ашукваеце? — здзівіўся Новікаў. — Адкажыце мне тады, чаму вы не даліваеце пакупнікам піва?
— Я стары чалавек і дрэнна бачу.
— А чаму, у такім разе, не пераліваеце?
— О, я яшчэ не настолькі аслеп. — Мулер хітра і ледзь прыкметна ўсміхнуўся.
Чым даўжэй Купрэйчык слухаў Мулера, тым больш пераконваўся, што ён не такі просты, як здалося. Капітан некалькі разоў улавіў не па ўзросце хуткі і ўважлівы погляд, якім абмацаў яго стары. У вачах свяцілася хутчэй пытанне, чым спалох ці разгубленасць.
«Здагадваецца стары, што не з-за піва мы яго сюды прывялі. Напэўна, хадзіць вакол ды каля няварта. Ён не дурны, а з такім лепш адносіны на даверы будаваць».