Выбрать главу

Роўна праз дзве гадзіны машына заехала ў нейкае паселішча. Шафёр з палёгкай пракрычаў:

— Мар’янск!

Неўзабаве ён спыніў машыну і, не выключаючы рухавіка, паказаў рукой на вузенькі завулак справа.

— Вам сюды, тут недалёка, метраў трыста. Бачыце аднапавярховы цагляны дом. Гэта і будзе міліцыя.

Праз дзесяць мінут Славін стукаў у глухія драўляныя дзверы, над якімі пры святле невялікага газавага ліхтара віднелася шыльда «Мар’янскае аддзяленне міліцыі».

За дзвярыма пачуліся крокі, затым ляснула завала, і ў праёме дзвярэй паказаўся міліцыянер.

— Дабрыдзень, таварыш сяржант! Я лейтэнант Славін, прыбыў для далейшага праходжання службы.

Сяржант павітаўся і, прапусціўшы госця ў калідор, зачыніў дзверы.

— А раптам каму дапамога спатрэбіцца? — кіўнуў галавой на завалу лейтэнант.

— Уначы да нас ніхто не звяртаецца. Урэшце пастукае, як вы цяпер.

Яны ўвайшлі ў дзяжурны пакой. За высокім бар’ерам стаяў пісьмовы стол, а ў куце на невялікім тапчане ляжалі матрац, коўдра і падушка. Сяржант дастаў з кішэні грабянец і стаў прычэсваць ускалмачаныя светлыя валасы. Ён быў такі ж высокі і стройны, як Славін, толькі гадоў на пятнаццаць старэйшы. Яго блакітныя вочы добразычліва глядзелі на Уладзіміра.

— Што будзем рабіць, таварыш лейтэнант? Загадаеце начальніку дахаты патэлефанаваць ці падрэмлеце ў суседнім кабінеце? Да світання нядоўга засталося.

— Вядома, няма сэнсу будзіць чалавека.

Сяржант узяў газавую лямпу, што стаяла на паліцы — яе да гэтага ён прынёс з калідора, і пайшоў паперадзе Славіна. Неўзабаве яны апынуліся ў вялікім кабінеце, абстаўленым простай мэбляй. Вялікі двухтумбавы стол быў накрыты зялёным сукном, на ім стаяў старадаўні, зроблены з мармуру і бронзы, чарнільны прыбор. Усе тры акны ў кабінеце былі зацягнуты цёмнымі шторамі. Сяржант дастаў з кішэні запалкі, запаліў лямпу, якая вісела пад столлю, і махнуў рукой на скураную канапу, што стаяла ў куце:

— Вось вам ложак. Цяпер прынясу пасцель.

Славін паставіў чамадан, паклаў на крэсла фуражку і сеў на канапу. Увайшоў сяржант. Ён працягнуў падушку і простую салдацкую коўдру:

— Уладкоўвайцеся і адпачывайце. Начальнік звычайна прыходзіць да васьмі. Вас пабуджу ў сем.

Славін зняў новенькі кіцель, акуратна павесіў яго на спінку крэсла, кінуў на канапу падушку, сцягнуў боты і, не здымаючы галіфэ, лёг. «Трэба спаць, а раніцай будзе відаць, што рабіць далей», — падумаў ён. Застаўшыся адзін, Уладзімір адразу ж успомніў пра сваю дзяўчыну, з якой пазнаёміўся ў Ашхабадзе, дзе была афіцэрская школа. «Цікава, што скажа Рыта, калі я паклічу яе сюды, у гэту глухамань? Тут нават электрычнасці няма. Вось куды закінуў мяне лёс!»

Не прайшло і дзесяці мінут, як Славін спаў ужо моцным сном.

2 Маёр Алтынін

Славіну здалося, што ён толькі што заснуў, а яго ўжо трос за плячо дзяжурны.

— Таварыш лейтэнант, а таварыш лейтэнант! Уставайце, ужо сем пятнаццаць, хутка наш начальнік прыйдзе.

Славін расплюшчыў вочы, наморшчыў лоб, успамінаючы, дзе ён, і, нарэшце ўспомніўшы, пачаў абувацца.

— Кіцель не апранайце, хадзем у двор, памыйцеся.

Лейтэнант моўчкі пайшоў за сяржантам, у якога праз плячо быў перакінуты ручнік. Яны выйшлі ў двор, акружаны высокім дашчаным плотам, і Славін здзіўлена спыніўся. Яркае сонца ўжо прыгрэла зямлю, і кветкі каля плота здаліся яму асабліва стракатымі. Каля невялікага хлява стаялі тры кані, паміж імі, гулліва падкідаючы заднія ногі, бегала жарабя. Убачыўшы людзей, яно падбегла да іх і даверліва ткнулася Славіну ў бок. Сяржант засмяяўся:

— Орлік знаёміцца прыйшоў.

Славін пагладзіў жарабя, і яно паскакала ўздоўж плота.

Уладзімір удыхнуў на поўныя грудзі і падставіў твар яркаму ласкаваму сонцу. Чыстае ранішняе паветра было насычаны пахамі сена і кветак. Усё гэта адразу ж адчуў гараджанін. Стаяла дзіўная цішыня, якая парушалася толькі фырканнем коней ды тупатам ног гарэзлівага жарабяці. На душы стала спакойна і нават неяк радасна.

Славін з задавальненнем памыўся халоднай вадой, якую ліў яму з вядра сяржант, затым вярнуўся ў кабінет і прывёў сябе ў парадак. Праз некалькі мінут Славін разам з дзяжурным пілі чай. Сяржант падсунуў бліжэй слоік з мёдам:

— Ешце, мёд сілу чалавеку надае.

— Дзякуй. А вы даўно тут?

— Я нарадзіўся ў гэтых краях. Працаваў на лесанарыхтоўках, потым на шахце, а за чатыры гады да вайны ў міліцыю прыйшоў. На фронце двойчы быў паранены, але да Прагі дайшоў. Ну а пасля вайны зноў у міліцыі.