— Вы едзьце ў наш інтэрнат — там ёсць пакоі для камандзіраваных — і адпачніце. Машыну вам дасць дзяжурны. Прыходзьце сюды к вечару, падвядзём вынікі і падумаем, што рабіць далей.
— Таварыш палкоўнік, у мяне яшчэ адно пытанне. — І Славін расказаў пра буфетчыцу Сыраежную.
— Вы не памыліліся, лейтэнант?
— Ніяк не, таварыш палкоўнік. Яна ж была маёй суседкай, жыла праз вуліцу, амаль насупраць. Гэта мяне яна не запомніла, падлеткам быў. А я яе, гадзіну, на ўсё жыццё запомніў!
— Так, гэта сур’ёзна. Добра, вось вам папера, напішыце рапарт і едзьце адпачываць. Сустрэнемся ў шаснаццаць гадзін.
Славін напісаў рапарт. Пакінуў яго палкоўніку, а сам на дзяжурнай «эмцы» паехаў у інтэрнат.
А ў горадзе ішоў напружаны пошук. Адна за другой правяраліся аўтагаспадаркі, установы і прадпрыемствы. Работнікі міліцыі старанна правяралі дакументы, ішоў пошук аўтамашыны, якая ездзіла ў Мар’янскі раён у першай палове верасня. Калі знаходзілася такая машына, то адразу ж супастаўляліся прыкметы яе вадзіцеля з тымі, пра якія паведаміў Славін.
Калі Славін увайшоў у кабінет начальніка, той сказаў яму, што ўжо праверана вялікая частка аўтамашын горада. Палкоўнік запрасіў лейтэнанта сесці, а сам стаў размаўляць з кімсьці па тэлефоне. Славін зразумеў, што гаворка ідзе пра Латаніну-Сыраежную. Нябачны суразмоўца паведамляў, што робіцца для яе праверкі.
— Па дакументах, якія маюцца ў аддзеле кадраў, Сыраежная Любоў Сяргееўна значыцца як былая медсястра, якая знаходзілася на фронце ў складзе Першага Беларускага фронту. Цяжка пакуль сказаць, ці пацвердзяцца вашы падазрэнні, але адна акалічнасць мяне ўжо збянтэжыла. Мяркуючы па дакументах, Сыраежная да і падчас вайны працавала медсястрой, а тут, дзе да зарэзу патрэбны медыкі, стаіць за прылаўкам.
— А адкуль яна прыехала?
— З Беларусі.
— Дык можна ж запытаць!..
— Ужо зроблена, — усміхнуўся палкоўнік і дадаў? — Да нас падключыўся ўжо прадстаўнік органаў дзяржаўнай бяспекі. Так што, калі вы не памыліліся, то нікуды яна не дзенецца.
— Я не памыляюся, гэта Латаніна, дарэчы, мне мама, калі я знаходзіўся яшчэ ў Баранавічах, пісала, што яе ўзмоцнена шукаюць як здрадніцу.
У дзверы пастукалі. У кабінеце з’явіўся капітан, ён працягнуў палкоўніку тэлеграму:
— Толькі што прыбыла.
Начальнік зірнуў на яе і ўсміхнуўся.
— Табе, у першую чаргу, трэба было даць яе гэтаму маладому чалавеку. — Ён працягнуў бланк Славіну. — Прачытайце.
Славін прачытаў і ўскочыў з крэсла:
— Вось малайчына ўчастковы ўпаўнаважаны! Вось малайчына, устанавіў!
У тэлеграме паведамляліся прозвішча вадзіцеля і нумар аўтамашыны, якая прывозіла розныя прылады на адну з лесараспрацовак і з’ехала адтуль трынаццатага верасня. У канцы тэлеграмы было два словы: «Прыкметы супадаюць».
Палкоўнік загадаў дзяжурнаму даць адбой тым, хто быў заняты вышукам машыны, і запрасіць да яго старшага лейтэнанта Папова. Калі дзяжурны выйшаў, палкоўнік пачаў распытваць Славіна, адкуль ён родам, дзе родныя, як працуецца на новым месцы.
У кабінет увайшоў афіцэр, далажыў:
— Таварыш палкоўнік! Старшы лейтэнант Папоў прыбыў па вашым загадзе!
— Добра, Алег Іванавіч. Пазнаёмцеся, лейтэнант Славін. Вам неабходна разам з ім паехаць у трэцюю аўтабазу і затрымаць вадзіцеля Хахлова, — палкоўнік зазірнуў у тэлеграму, — Андрэя Савельевіча, ён падазраецца ў здзяйсненні наезду на грамадзяніна. Па дарозе Славін увядзе вас у курс справы, а цяпер бярыце маю машыну і едзьце, а то працоўны дзень заканчваецца, баюся, як бы вы не спазніліся.
Славін і Папоў накіраваліся да выхаду, але палкоўнік спыніў іх:
— Ледзь не забыўся. Дамоўцеся з кіраўніцтвам аўтабазы, каб паставіць гэту машыну ў асобны бокс, яе прыйдзецца аглядаць.
Пакуль ехалі ў машыне, Славін і Папоў пазнаёміліся бліжэй. Аказалася, што яны заканчвалі адну і тую ж афіцэрскую школу, толькі Папоў скончыў яе на год раней.
Неўзабаве яны былі на аўтабазе. Знайшлі галоўнага інжынера, ён, па словах вартаўніка, які сустрэў іх ля варот, выконваў абавязкі дырэктара аўтабазы. Галоўны інжынер — нізенькі, поўны, гадоў пяцідзесяці мужчына, які пакутуе задышкай — вельмі ўважліва чытаў пасведчанні Папова і Славіна і толькі пасля гэтага запрасіў іх да сябе ў кабінет. Доўга ішлі па тэрыторыі аўтабазы, затым — па вузкім, прапахлым маслам і бензінам калідоры, падняліся на другі паверх і апынуліся ў маленькім пакоі.