— Дождж кожны дзень, машыны суткамі ў гразі сядзяць, велізарны перарасход гаручага. Хутчэй бы снег выпаў, — адразу ж пачаў наракаць на надвор’е галоўны інжынер.
— Ваш вадзіцель Хахлоў на месцы?— перабіў яго Папоў.
— Хахлоў? Зараз высветлім.
Ён патэлефанаваў:
— Хто? Слухай, ты правер, дзе цяпер вадзіцель Хахлоў знаходзіцца. Што? Добра. Чакаю.
У кабінеце наступіла цішыня. Усё чакалі. Нарэшце галоўны інжынер ажывіўся, выслухаўшы таго, хто размаўляў на другім канцы дроту.
— Яго цяпер няма, з учарашняга дня знаходзіцца ў камандзіроўцы і прыедзе, па нашым разлікам, дні праз два.
— Куды ён паехаў? — спытаў Славін.
— Не ведаю, не спытаў.
— Хто можа сказаць?
— Дыспетчар, гэта я з ім размаўляў, калі хочаце, яшчэ раз патэлефаную.
— Дзякуй, давайце лепш пройдзем да дыспетчара, нам трэба высветліць, дзе Хахлоў быў трынаццатага верасня.
Яны зноў пайшлі праз усю тэрыторыю аўтабазы і неўзабаве апынуліся ў невялікім аднапавярховым цагляным будынку.
У горача напаленым пакоі сядзела некалькі чалавек. Галоўны інжынер звярнуўся да мужчыны, які сядзеў за першым сталом:
— Слухай, Марынічаў, паглядзі, куды Хахлоў накіраваны.
— У Мар’янскі раён, павёз рухавік для выпрацоўкі электрычнасці і розныя інструменты.
Славін папрасіў:
— Паглядзіце, калі ласка, дзе ён быў трынаццатага верасня.
Марынічаў ізноў схіліўся над паперамі і праз хвіліну ўпэўнена адказаў:
— Там жа быў. Знаходзіўся ў камандзіроўцы з дзясятага па пятнаццатае верасня.
Уладзімір радасна зірнуў на Папова, і яны тут жа пайшлі. Па дарозе да машыны Папоў спытаў у Славіна:
— Ну, што рабіць будзем?
— Паедзем ва ўпраўленне, даложым начальніку, і я буду прасіць, каб ён мне дазволіў перахапіць Хахлова ў дарозе, калі той будзе вяртацца.
Праз паўгадзіны яны ўжо знаходзіліся ў кабінеце начальніка. Славін далажыў пра тое, што ім удалося высветліць, і спытаў:
— Таварыш палкоўнік, дазвольце я сёння выеду ў пасёлак Лябяжы і там разам з мясцовым участковым упаўнаважаным, якраз з тым, які ўстанавіў прозвішча Хахлова, і давядзём справу да канца.
— А можа, тут дачакаецеся Хахлова, вам нашы таварышы дапамогуць?
— А раптам хто-небудзь паспее папярэдзіць Хахлова і той зможа падрыхтавацца да сустрэчы з намі? У нас жа ніякіх доказаў яго віны няма.
— Так. — пацёр рукой падбародак палкоўнік, — а ведаеце, можа быць, ваша праўда! Добра, едзьце. — Ён перавёў позірк на старшага лейтэнанта: — Вы, таварыш Папоў, на маёй машыне падкіньце Славіна да выезду з горада і дапамажыце яму сесці на спадарожную машыну.
Афіцэры вырашылі, што ім можна ісці, і падняліся са сваіх крэслаў. Але палкоўнік папрасіў Славіна застацца.
— Мне тэлефанаваў гадзіну назад Алтынін. Дамовіліся, што ён ізноў у восем гадзін вечара патэлефануе. Ён яшчэ хварэе. Мы казалі пра вас, і я падумаў, што вас трэба было б накіраваць на работу проста сюды, ва ўпраўленне. Можа, цяпер вас перавесці?
— Дзякую, таварыш палкоўнік, але калі можна, я застануся ў Мар’янску. Я думаю, што калі ўжо мяне і трэба пераводзіць адтуль, то ў Мінск. Там у мяне мама, сястра. і яшчэ я павінен высветліць пра бацьку.
— Так, так, мне пра ваш цяжкі лёс расказаў Ягор Ягоравіч. Ну што ж, дзякуй за шчырасць. Працуйце пакуль там, але я буду мець на ўвазе, і калі з’явіцца магчымасць, будзем вырашаць пытанне пра ваш перавод у Мінск.
Расчулены гэтай гутаркай, Славін выйшаў з упраўлення і не заўважыў Папова, які стаяў каля машыны. Уладзімір спыніўся ля выхада, і той яго паклікаў.
— А, ты тут? — нібы ачнуўся Славін. — Ну паехалі.
Выехаўшы з горада, яны спынілі першы ж ЗіС, высветлілася, што ён ідзе да скрыжавання дарог. Уладзімір развітаўся са сваім новым таварышам, сеў у кабіну, і машына панеслася па дарозе, якая к вечару пачала трохі падмярзаць. Наперадзе была бяссонная ноч, але гэта было нішто ў параўнанні з думкай, якая хвалявала лейтэнанта: «Ці на правільным я шляху? Што прынясе сустрэча з Хахловым?»
11 Капітан Купрэйчык
Калі капітан Купрэйчык увайшоў у доўгі і цёмны калідор, з дзвярэй кутняга пакоя даносіліся рэзкія ўсхліпы. «Як я недарэчы, — падумаў ён, асцярожна прабіраючыся міма расстаўленых на падлозе бляшаных тазоў, вёдраў, паламаных табурэтак,— няўжо няшчасце здарылася?»
Неўзабаве Аляксей дабраўся да пакоя. Ён быў метраў дванаццаць, не больш, злева віднеліся дзверы, што вялі ў другі пакой. Капітан раней не бачыў такой запушчанай кватэры: на падлозе, якая ўжо даўно не прыбіралася, шалупінне ад семак, смецце і бруд. Уздоўж сцен стаялі тры непрыбраныя ложкі з нямытай бялізнай. Справа ад увахода — вялікі прамавугольны стол. На ім — брудныя талеркі, рэшткі ежы, абрыўкі паперы.