Выбрать главу

У пакоі было шасцёра дзяцей, усе дрэнна апранутыя, нямытыя. Ля сцяны сядзела жанчына на павернутай бокам табурэтцы. Яна трымала ногі ў бляшаным тазе з вадой. На жанчыне была старая ватовая паддзёўка і чорная спадніца. Яе доўгія валасы былі раскіданы па плячах, закрывалі хударлявы твар. Аказалася, што гэтыя дзіўныя гукі, рэзкія ўсхліпы, якія ён пачуў, як толькі ўвайшоў у калідор, зыходзілі ад яе. Маня Жовель смяялася. Смех яе быў не падобны на звычайны і хутчэй нагадваў плач чалавека, у якога ад гора перахапіла дыханне і гукі з цяжкасцю вырываліся з грудзей.

— Іх... іх... іх... — рагатала Жовель, нізка нахіляючы галаву да калень.

Ля тазіка на кукішках сядзелі дзве дзяўчынкі. Адна — гадоў дзесяці, дру­гая — крыху старэйшая за яе. Яны таксама смяяліся, але, убачыўшы незнаёмага чалавека, змоўклі і са здзіўленнем глядзелі на яго.

Дзяўчынка старэйшая дакранулася рукой да пляча маці:

— Ну хопіць! Паглядзі, чалавек прыйшоў.

Жовель падняла галаву і зірнула на Купрэйчыка.

Аляксей прывітаўся і спытаў:

— Напэўна, дзеці рассмяшылі?

Жанчына, стаўшы сур’ёзнай, адказала:

— А каму ж яшчэ засталося смяшыць мяне?

Яна злёгку пхнула дочак:

— Ну, чаго чакаеце, падайце чалавеку крэсла.

Пакуль Купрэйчык уладкоўваўся на старым, расхістаным крэсле, у пакой увайшоў хлопец гадоў пятнаццаці. Ён незычліва прывітаўся і моўчкі прысеў на ложку, што стаяў воддаль. Аляксей адчуў, як Жовель глядзіць вывучаючы яго. Капітан сустрэў яе погляд і ціха сказаў:

— Марыя Рыгораўна, я хацеў бы з вамі пагаварыць.

Жовель хутка па чарзе паглядзела на дзяцей:

— А ну, уцякайце адсюль!

Дзеці моўчкі, адно за адным, пачалі выходзіць. Тры дзяўчынкі пайшлі ў суседні пакой, чацвёра хлопчыкаў — у калідор. Было бачна, што яны рады лішні раз вырвацца з дому.

Купрэйчык, перш чым прыйсці сюды, да Жовель, тройчы сустракаўся з прадаўцом піва Мулерам, які параіў, як трэба сябе трымаць з Маняй. Капітан памятаў пра гэта і не спяшаўся казаць пра галоўнае. Ён прадставіўся ёй і пачаў гаворку здалёк:

— Вы даўно тут жывяце?

— А ты што, хлопец, не з нашага аддзялення?

— Я — навічок. Нядаўна перавялі сюды.

— Ясна. А то я здзівілася, што мільтон. ох, прашу прабачэння, міліцыянер і — раптам нічога пра Маню не ведае.

— Ну чаму ж, — усміхнуўся Купрэйчык, — сёе-тое я ўжо ведаю.

— І што ж?

— Ну, напрыклад, што ў вас сямёра дзяцей, што вы — старажоўская знакамітасць, што нават немцы не адважваліся з вамі звязвацца, — пахваліў Маню Аляксей, — баяліся, што не выйдуць з вашай кватэры.

— Так, гэта праўда, фрыцы і паліцаі стараліся маю хату бокам абыходзіць. Але ты не турбуйся, я таксама гэтым карысталася і дваіх яўрэяў, лічы, ад смерці ратавала: амаль два гады хавала ў сябе.

«Вось яно што. — падумаў Аляксей, — Мулер жа казаў мне між іншым, што Жовель ён многім абавязаны. Ці не яго яна хавала?» Ён сказаў:

— Вось пра гэта я і не ведаў. І што, удалося вам выратаваць гэтых яўрэяў? Хто яны?

— Адзін, які маладзейшы, пасля таго як прыйшла Чырвоная Армія, на фронт пайшоў. Загінуў, небарака. Добры чалавек быў, музыка.

— А другі хто? — не вытрымаўшы спытаў капітан.

— Другі? Ён жывы-здаровы, але сквапнюга страшэнны. Спачатку газіроўку прадаваў, на вадзе і дом сабе пабудаваў, зараз ужо года паўтара як півам гандлюе на Камароўцы. Лёвам яго завуць, а прозвішча Мулер. Можа, чуў?

— Так, яго я ўжо ведаю.

— Ён стары нядрэнны, — сказала Жовель і, павярнуўшыся да дзвярэй, уладарна крыкнула: — Ірка, ці хто там, падліце мне вады гарачэйшай! — Павярнулася да Купрэйчыка і ўжо іншым, жаласным голасам растлумачыла: — Мазалі зусім мяне замучылі, хадзіць няма сіл. — І скончыла раней выказаную думку: — Я б не сказала, што Лёва дрэнны чалавек: і разважлівы, і параду добрую даць можа, але прагны, ох які скупы! Вось прыйду часам да яго і папрашу піўка папіць. Налье паўкубка — і ўсё.

Купрэйчыку падалося, што цяпер зручны момант, каб паспрабаваць высветліць пра Карунова. Ён, як бы ўспамінаючы, сказаў:

— Ага, і Воўка Каруноў жаліўся на гэтага Лёву, памятаеце Карунова?

І тут жа Купрэйчык зразумеў, што ён паспяшаўся і гэтым пытаннем сапсаваў справу. Жанчына кінула на яго імклівы погляд і, пагладжваючы ногі, млявым голасам сказала;

— Не ведаю ніякага Воўкі Карунова. Ох, як баляць мае ножкі. — І яна павярнулася да дзвярэй: — Ірка, хутка ты там ваду прынясеш?

Купрэйчык зразумеў, што далей гутарыць бескарысна, і вырашыў часова адступіць.