Выбрать главу

— Марыя Рыгораўна, як жа вы спраўляецеся з дзецьмі?

Яна млява правяла рукой па твары і падняла на Купрэйчыка вочы.

— Ты не глядзі на мяне, як на бандэршу якую-небудзь, сама я ніколі нічога не ўкрала, хоць не буду хлусіць, і цёмную шмотку сяды-тады прынясуць, а я вазьму яе і прадам. А як жа інакш? З чаго мне жыць?

— Ну, а пенсія на дзяцей?

— Якая там пенсія?! — махнула яна рукой. — Калі б мы жылі толькі на яе, даўно б ногі працягнулі.

— Марыя Рыгораўна, а вось дзеці вашы. — Купрэйчык ніяк не мог падабраць словы, каб не пакрыўдзіць жанчыну. Тая, напэўна, здагадалася, што бянтэжыць яго, і нявесела ўсміхнулася:

— Ты хочаш сказаць, як я магла гэтулькі байструкоў напладзіць?

— Не, я хацеў спытаць пра іх бацьку.

— Гэтых бацькоў у мяне трое было. Ад першага двое дзяцей засталося. Знік ён у мяне ў трыццаць пятым.

— Як знік? — не зразумеў Купрэйчык.? — Збег?

— Не, не збег. Проста знік, і ўсё. Аднойчы не прыйшоў з працы дахаты. як у ваду кануў.

Купрэйчык зразумеў, што Жовель штосьці недагаворвае, і не стаў дапытвацца. А яна пасля нядоўгага маўчання зноў загаварыла:

— Напачатку трыццаць шостага выйшла замуж за іншага чалавека. Прыгажун, а не мужчына. Нарадзіла я ад яго траіх дзяцей, а ён злодзеем аказаўся. Пасадзілі, а праз тры месяцы збегчы заманулася, дык яго і падстрэлілі. У канцы трыццаць дзявятага выйшла трэці раз замуж. — Жовель паглядзела ў вочы Купрэйчыку. — Спытаеш, навошта зрабіла гэта? Дзяцей жа карміць трэба было, а Антон чалавек паважаны і талковы быў. Жонка яго першая памерла, а двое дарослых сыноў ужо былі жанатыя, сваіх дзяцей мелі і жылі ў іншым горадзе. Не ведаю, чым я яму спадабалася, але жаніўся ён на мне, не паглядзеў, што пяцёра дзяцей. Хто ведае, чалавек ён мяккі быў, можа, пашкадаваў мяне, таму і жаніўся. Нарадзіла я яму шостага, а калі вайна пачалася, у кастрычніку сарок першага, з’явіўся і сёмы. Муж тады на фронце, вядома, быў. І толькі калі нашы вызвалілі Мінск, даведалася я пра яго лёс. Зайшоў у ліпені сорак чацвёртага да мяне сяржант, які з Антонам ваяваў. Ён расказаў, што сябравалі яны і што Антон загінуў пад Віцебскам. Аддаў ён партсігар, фотакартку Антона, дзе мы з ім яшчэ да вайны ўдваіх сфатаграфаваліся, а сам пайшоў далей ваяваць. А што мне рабіць? Павойкала, паплакала, а жыць жа трэба, паесці сямі ртам — дай некалькі разоў у дзень, апрані ўсіх. Але бачыш, жыву!

Купрэйчык, сам не ведаючы навошта, спытаў:

— Колькі вам гадоў?

— Праз год пяцьдзясят будзе. Што дзівішся? Старой стала? Нялёгка пры такім жыцці маладой выглядаць, такую чараду адной выхоўваць.

Купрэйчык спагадліва маўчаў. А Жовель, як бы спахапіўшыся, спытала:

— А што ты мяне пра Воўку не пытаеш?

— Мне ўчора здалося, што вы не хочаце пра яго гаварыць.

— Так, не хачу. Я наогул ні пра каго не хачу нічога казаць. Але, скажу табе па праўдзе, спадабаўся ты мне, крануў маё сэрца. Значыць, думаеш не толькі пра тое, каб камусьці сонечную камеру падаць. — Яна нечакана засмяялася сваім незвычайным смехам. — Трэба ж такое прыдумаць — лекі прынесці. Ну ты, хлопец, хоць і міліцыянер, але зух, нічога не скажаш! А, добра, — рашуча махнула рукой Жовель, — слухай, усё, што ведаю, скажу! Не думай, што я нічога не разумею. Запомні прозвішча: Драбуш. Жыве па Старавіленскай, завуць Мішкам. Ён і ёсць сябрук гэтага Воўкі. Да вайны сядзеў два ці тры разы. Апошні тэрмін не адседзеў — немцы прыйшлі. Вось ён — хлюст! Не тое што я — Маня, якая сама нічога не выкрала, а калі хто з дзяцей сапрэ булачку ў краме, то гэта не значыць, што яны вырастуць злодзеямі. Яны ў мяне ведаюць, што я ім усё, што магу, аддаю і крый божа ім не паслухацца!

— Марыя Рыгораўна, Драбуш з Каруновым даўно пасябравалі?

— А чорт іх ведае, але знаёмыя даўно.

— Воўка ведае пра прадаўца піва?

— Лёву? А хто не ведае? Вядома, ведае. Я сама ў Лёвы не раз бачыла гэтага Валодзьку.

— Ён жыве ў Драбуша?

— Не. Драбуш не такі дурань, каб зэка ў сябе дома трымаць, ён не фраер. Кажуць, што Воўка жыве ў аднаго з яго сяброў, а вось у каго — хоць забі, не ведаю. — Яна павярнулася да дзвярэй і гучна паклікала: — Толька, а Толька, ідзі сюды!

З суседняга пакоя выйшаў ужо знаёмы Купрэйчыку хлопец. Капітан падумаў: «Дзеці ад розных бацькоў, а як падобныя паміж сабой. Усе ў маці пайшлі».

— Толя, ты Воўку, дружбака Драбуша, ведаеш?

— Таго, што твар у вуграх? Ага, ведаю. Ён раней да Драбуша прыходзіў, але ўжо тыдні два як не з’яўляецца ў яго.