Уладзімір, адганяючы ад сябе ўспамін пра Латаніну, узяў ліст Рыты і зноў з радасным хваляваннем пачаў чытаць: «Любы, калі б ты ведаў, як я знудзілася! Лічу дні, калі ўбачу цябе. Учора была ў начальніка паліклінікі. Нагадала яму, што ён ужо даўно абяцаў адпусціць мяне. Я нават не вытрымала і заплакала, начальнік злітасцівіўся нада мной і абяцаў, што хутка да нас у паліклініку прыбудзе папаўненне і ён мяне адразу адпусціць. Так што, дарагі мой, засталося, я думаю, трохі. Вытрымаеш?»
Уладзімір усміхнуўся, уяўляючы, як зменіцца кватэра з прыездам Рыты. Хлопец так аддаўся марам, што не звярнуў увагі на стук у дзверы. Стук паўтарыўся. Уладзімір, накінуўшы футра, выйшаў у сенцы і адчыніў дзверы. Каля іх стаяў дзяжурны:
— Слухай, Уладзімір Міхайлавіч, ізноў твайго падапечнага Мартава даставілі. Можа, пагаворыш з ім, разбярэшся?
Лейтэнант заўважыў, што дзяжурныя, карыстаючыся тым, што ён жыў побач, часта прасілі яго разабрацца з кім-небудзь, хоць маглі і самі прыняць рашэнне. Ён не крыўдзіўся, было нават прыемна, што ў ім маюць патрэбу. Уладзімір спытаў:
— Што ён зноў нарабіў?
— Ды зноў цешчу і жонку ганяў.
— Вось чалавек, абяцаў мне, што і пальцам больш не кране іх! Добра, я зараз прыйду.
У дзяжурным пакоі сядзеў Мартаў. Убачыўшы Славіна, ён ускочыў і скорагаворкай пачаў:
— Уладзімір Міхайлавіч, чэснае слова, я не чапаў іх! Проста так атрымалася, я вам усё растлумачу.
Пасля таго выпадку, калі ў кузаве машыны Мартава выявілі труп, а Славін у кароткі тэрмін адшукаў сапраўднага вінаватага і зняў падазрэнні з Мартава, аўтарытэт оперупаўнаважанага ў вачах шафёра прыкметна вырас. І калі аднойчы Славін запрасіў да сябе Мартава, ён у даверлівай гутарцы абяцаў выправіцца і змяніць свае паводзіны. Але вось зноў Мартаў у аддзяленні міліцыі.
— Разумееце, я пасля нашай гутаркі. пасля гэтага выпадку з забітым вырашыў цвёрда: піць буду толькі ў меру і палявання на жонку і цешчу больш наладжваць не стану. І ўсё ішло, як я вырашыў. Нават бабы дзіву даваліся. І вось у мінулую нядзелю я лёг на ложак у сваім пакоі і заснуў. Абудзіў мяне нейкі шум. Прыслухаўся, а гэта да цешчы і жонкі суседка прыйшла. Скажу я вам, паршывая яна баба, да ўсіх са сваімі парадамі лезе. Чую, што цешча і жонка мяне хваліць пачалі: «Крыху лепшым стаў, не б’ецца і выпівае менш». А суседка, зараза старая, кажа: «Бабанькі, я вам даўно хацела даць параду, як зусім вылечыць яго ад п’янства». Тут мае давай прасіць, каб сказала свой рэцэпт. Тая кажа: «Купіце бутэльку гарэлкі, адліце ад яе шклянку, а ў бутэльку сабачай мачы наліце і дайце яму шклянку гэтай сумесі. Гарантую вам: пасля гэтага ён на гарэлку і глядзець не будзе».
Чую, мае зацікавіліся і сталі думаць, дзе ім здабыць сабачай мачы. Я хацеў устаць, узяць гэту суседку за каўнер і вытрасці яе з хаты ды заадно і сваіх пад ложак загнаць. Але раздумаў і вырашыў правучыць баб. З таго моманту стаў я сачыць за цешчай і жонкай. У аўторак цешча ўвечары мне, як бы між іншым, кажа, што купіла корань жэньшэню і настойвае яго ў гарэлцы. Я, вядома, і выгляду не падаў, што ведаю пра іх задуму, якому сабаку гэты корань належыць, а толькі паціху пярэтрус у хаце зрабіў і знайшоў у каморы, пад перавернутым вядром, на падлозе гэтае «зелле». Купіў бутэльку гарэлкі, наліў туды для колеру трошкі чайнай заваркі і падмяніў тую бутэльку, а сам чакаю. І вось сёння прыходжу я з працы, адпусцілі мяне на гадзіну раней, заўтра ў рэйс, а цешча такім ялейным голасам, каб ёй гэты корань папярок горла стаў, кажа: «Зяцёк, выпі шкляначку гарэлачкі, настоенай на жэньшэневым корані. У цябе апетыт будзе лепш». Ну я і кажу: «Калі частуеце ад душы, то не адмоўлюся». Цешча зірнула на жонку і адказвае: «Ад душы, зяцёк, ад душы!» А сама шась у камору і прыносіць бутэльку. Наліла мне шклянку, я выпіў і за суп узяўся, а сам краёчкам вока за імі сачу, а яны на мяне вытарашчваюцца, чакаюць, значыць, што са мной цяпер здарыцца. З’еў я суп, другое да сябе прысунуў, а жонка мне і прапануе: «Можа, яшчэ вып’еш?» — «Не адмоўлюся», — адказваю.
Выпіў я другую шклянку, цешча на жонку, а жонка на цешчу вачамі страляюць. З’еў я другое і, ужо не пытаючы, сам выліў у шклянку астатнюю гарэлку і замест кампоту запіў абед. Пасля гэтага выцер вусны і як гаўкнуў на баб. У тых вочы на лоб палезлі, а я думаю: «Цяпер я вам пакажу сабачую мачу!» Устаў на карачкі і давай на іх брахаць. Жонка ўключыла чацвёртую хуткасць і — шась з пакоя. Чую, як дзверы знадворныя грукнулі, значыць, і ў кухні не затрымалася. Гляджу, і цешча бокам уздоўж сценкі хоча да дзвярэй дабрацца, збіраецца дзёру даць. Схапіў я зубамі за ніз яе халата і, стоячы на карачках, пасабачы, пачаў церабіць яго і рыкаць пры гэтым. Цешча мяне амаль праз увесь пакой працягнула, быццам за ёй чэрці гналіся, вырвалася, пакінуўшы ў мяне ў зубах кавалак падола халата, і ўслед за жонкай на вуліцу тарпедай панеслася.