Выбрать главу

Ну, я сеў сабе на канапу і рагачу, а тут вашы работнікі прыязджаюць, узялі мяне за каўнер і сюды прывезлі. А за што, я вас пытаю? Ну выпіў — гэта факт! Але не біў жа я іх, не біў!

І Мартаў, апусціўшы галаву, гаротна замоўк. Славіна душыў смех, ён не стрымаўся і зарагатаў. Супакоіўшыся, падышоў да Мартава і паклаў на яго плячо руку.

— Ідзі дахаты, Леанід Сцяпанавіч, толькі больш не рві на іх адзежу, хопіць з іх і гэтага. Ну, а што да гарэлкі, то мая парада — адвыкай. Ты ж шафёр і добра павінен ведаць, да чаго можа давесці п’янка.

Мартаў падняўся і, ціха сказаўшы «дзякуй», выйшаў з кабінета.

Прыгоду Мартава Славін сваім сябрам і калегам расказваў як займальны анекдот.

15 Драбуш

На Камароўскім рынку была звычайная нядзельная таўханіна. Хтосьці штосьці прадаваў, хтосьці купляў, а сёй-той проста так, з цікаўнасці, штурхаўся сярод людзей, прыглядаўся да тавару, узіраўся на пакупнікоў, заводзіў ад няма чаго рабіць гаворку пра надвор’е, пра кошт.

Вялікі натоўп сабраўся вакол велізарнага аўтамабіля-самазвала. Гэта быў адзін з аўтамабіляў першай серыі Мінскага аўтазавода. Людзі з цікаўнасцю разглядалі навінку. Краталі свежапафарбаваныя кабіну і крылы, распытвалі маладога вадзіцеля пра магутнасць рухавіка, хуткасць, грузападымальнасць. Вадзіцель, відавочна ўсцешаны ўвагай і павагай, адказваў самавіта, нягучна, прымушаючы прысутных напружваць слых. Нямала людзей тоўпілася і там, дзе была «барахолка». Тут гандлявалі чым заўгодна: ад іржавых насценных, даўно не працуючых гадзіннікаў да гумовых ботаў і вязаных кофт. Вялікае ажыўленне было ў конных радах, дзе гандлявалі і прадуктамі, і жывёлай.

Маладога мужчыну, апранутага ў чорную ватоўку, штаны з «чортавай скуры», запраўленыя ў кірзавыя боты, і цёмную шапку, якая хавала нагала стрыжаную галаву, зацікавіла сцэна, якая разыгрывалася ў конных радах.

Пажылы мужчына ў вялікім кажуху, нядаўна падагрэты віном, бутэлька ад якога валялася на ледзь прыцярушанай снегам зямлі, стаяў на возе на ўвесь рост і, абапёршыся на сагнутую пугу, крычаў:

— А ну, падыходзь, прадаецца свіння, калі прыгледзецца, то не свіння, а каралева, ды і каштуе нядорага.

Жанчына, якая праходзіла тут разам з мужам, гарэзна крыкнула:

— А ты што рабіць будзеш, калі каралеву прадасі? — І, адчуваючы ўхвальную падтрымку людзей, якія тоўпіліся наўкола, дадала: — Ты б менш языком мянціў, а то я ўпэўнена, што калі яшчэ бутэльку апрыходуеш, то сам у такога ж караля ператворышся.

Вакол зарагаталі. Мужчына гнеўна зірнуў на жанчыну і крыкнуў:

— Ну, ты, правальвай! Як я пагляджу, ты свайго каня ўжо прадала, а хвост замест языка сабе пакінула.

Але жанчына, відаць, з баявых трапілася, павярнулася і дзёрзка адказала:

— Не гаруй, мужык, і табе, калі прадасі свінню, хвост застанецца.

Муж падпіхнуў яе ў спіну:

— Ну добра, хопіць! Тупай далей!

Пасаромлены мужчына на возе крыкнуў мужу:

— Ну і жонку ты сабе падабраў, як брытва.

— А што, табе яна не падабаецца? — раззлаваўся муж.

— Хто, твая жонка? Не, чаму ж, — ён шматзначна агледзеў постаць жанчыны і адказаў: — Падабаецца.

— Ну, тады дару! — велікадушна махнуў рукой муж і не абарочваючыся, пад рогат натоўпу, пайшоў прэч ад жонкі. Тая хутка затэпала за ім.

— Ну, што ты, Сцяпан, я ж пажартавала.

Мужчына ў ватоўцы весела смяяўся разам з усімі. Але калі б чалавек назіральны сачыў за ім, то заўважыў бы, што ён неадступна ідзе за мужчынам сярэдніх гадоў, які прыпадае на правую нагу. Нават калі слухаў сварку паміж прадаўцом свінні і вострай на язык жанчынай і смяяўся, яго вочы неадступна сачылі за кульгавым.

Кульгавы таксама з цікавасцю прыслухоўваўся да гаворкі, а затым, прабіраючыся праз натоўп, накіраваўся да выхада з рынку. Мужчына рушыў услед за ім. Ён відавочна чагосьці чакаў. Так яно і было сапраўды. Чалавек, які накульгваў на правую нагу, быў Драбуш, а ішоў за ім Купрэйчык. Аляксей уважліва шукаў вачыма Мулера.

Напярэдадні Купрэйчык прапанаваў свой план Мачалаву, і той, падумаўшы, сказаў: «Рызыкоўна, але сэнс ёсць. Добра!» Днём Аляксей пабываў у цырульні і ўвечары паўстаў стрыжаным нагала перад жонкай. Надзя пляснула рукамі:

— Лёша, што ты нарабіў? Паглядзі ў люстэрка, на каго ты падобны!

— А што, нічога хлопец атрымаўся, — бадзёрыўся ён і, убачыўшы ў вачах Надзі ледзь прыхаваныя іскрынкі смеху, дадаў: — Пагляджу, як мая жонка будзе кахаць такога.