Славін падняўся з-за стала.
— Ну, дзякуй вам! Паеў як след. Мабыць, увесь дзень есці не захачу.
— Калі ласка. Мы з вамі, здаецца, своечасова сняданак скончылі. Зірніце ў акно, начальнік ідзе.
Славін убачыў, што да будынка падыходзіць маёр, галаву ён трымаў неяк ненатуральна прама. Твар зарослы: вялікая барада, пышныя вусы.
— Так, немалады ён у вас, — прамармытаў Уладзімір.
— Сёлета шэсцьдзясят споўнілася, але ў адстаўку не сыходзіць, дый начальства лічыцца з ім, не хоча адпускаць. Я вам скажу — мужык ён дзелавы, башкавіты, дый пажартаваць любіць. Ну добра, я пайшоў сустракаць.
Сяржант надзеў фуражку і выйшаў у калідор.
— Таварыш маёр! За час майго дзяжурства здарэнняў не зарэгістравана. У начны час прыбыў для праходжання службы ў нашым аддзяленні лейтэнант Славін. Дакладвае сяржант Сімоха.
Неўзабаве маёр увайшоў у дзяжурны пакой. Лейтэнант, стоячы, прадставіўся і працягнуў яму свае дакументы.
Маёр быў ніжэйшы за Уладзіміра на цэлую галаву. Пакуль Славін дакладваў, ён уважліва аглядаў яго і, відавочна, застаўся задаволены знешнім выглядам свайго новага падначаленага. Вярнуў дакументы і запрасіў у кабінет.
Маёр назваўся Ягорам Ягоравічам Алтыніным і адразу ж пачаў распытваць лейтэнанта, адкуль ён, дзе жыў, чым займаўся. Слухаў уважліва, гледзячы на суразмоўца зусім не міргаючы. Славін упершыню сустрэўся з такой асаблівасцю вачэй чалавека і адчуваў сябе ніякавата.
— А зараз да справы, — сказаў Алтынін. — Мы абслугоўваем вялікую тэрыторыю. Гледзіце, — маёр устаў, падышоў да сцяны і адсунуў фіранку, за якой была карта раёна. — Насельніцтва сканцэнтравана ў пасёлках, невялікіх вёсках і калгасах. Ёсць паляўнічыя, якія жывуць у тайзе. Становішча, можна сказаць, звычайнае. Народ галоўным чынам сумленны, але часам здараюцца крадзяжы, часцей хуліганства, сярод якіх можна вылучыць бытавыя хуліганствы. Не-не, а дзе-небудзь муж жонку паб’е. Сёлета было два забойствы. Абодва ў месцах лесанарыхтовак, дзе народ розны сабраўся: шмат прыезджых, ёсць і асуджаныя. Нярэдка арганізуюцца п’янкі, а гэта — самі ведаеце першы крок да боек і калатнечы. Але людзі тут адзін у аднаго навідавоку. Мы імкнёмся, каб яны самі за парадкам сачылі. У кожным населеным пункце ёсць у нас добраахвотныя памагатыя, якія нярэдка многія канфлікты самі вырашаюць.
Нечакана пачуўся стук у дзверы, і ў кабінет увайшоў мужчына ў цывільным:
— Дазвольце ўвайсці?
— Дык ты ўжо ўвайшоў, — усміхнуўся маёр, — прысаджвайся да нас і знаёмся. Зараз у крымінальным вышуку вас будзе двое, — Алтынін паказаў рукой на лейтэнанта і прадставіў яго, а затым назваў Славіну яго калегу: — оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Лагута Іван Епіфанавіч — граза мясцовых парушальнікаў закона. Працуе ён тут даўно, падчас вайны служыў у Кемераве, а ў сорак трэцім быў пераведзены сюды. — Алтынін павярнуўся да Лагуты. — Бяры Славіна, ведае асаблівасці працы, становішча. У кабінеце ў цябе два сталы стаяць, так што працоўнае месца, будзем лічыць, гатова. — Маёр паглядзеў на Славіна. — Жыць будзеце пакуль тут, у будынку аддзялення. Уваход з тарцовага боку. Там ёсць пакой і невялікая куханька. Затым паглядзім. Без жылля ў нас не застанецеся.
Разам з Лагутам Славін зайшоў у свой кабінет. Ён быў невялікі, але для дваіх месца хапала. Пад столлю вісела вялікая газавая лямпа, якраз як і ў кабінеце начальніка.
— Электрычнасць яшчэ не дайшла да гэтых месцаў?
— Ды не, дайшла. Абяцаюць, што напачатку наступнага месяца будзе свяціць і ў нас. Слупы ўжо на вуліцы стаяць, хіба не бачыў?
— Не, не бачыў, я ж уначы прыехаў. А які-небудзь населены пункт тут ёсць паблізу? Вадзіцель, які мяне падвозіў, сказаў, што прыехалі ў пасёлак, а я, акрамя будынка міліцыі, так нічога і не ўбачыў.
— Канешне. У трохстах метрах ад аддзялення. Ідзём, я пакажу тваё жыллё, ты пераапранешся. І наогул, раю пакуль не апранаць форму: хутчэй пазнаёмішся з людзьмі, становішчам. А потым пройдзем па пасёлку, паглядзім. Як, не пярэчыш?
— Не, што вы, з задавальненнем! Возьмем толькі ў дзяжурным пакоі мой чамадан.
— Добра, там жа і ключ ад тваёй кватэры возьмем. І яшчэ, у мяне да цябе просьба: давай на «ты», нам жа разам працаваць, і значна прыемней, калі не «выкаеш».
— Давай.
Славіну спадабаўся Лагута. Ён быў сярэдняга росту, шыракаплечы, апрануты ў клятчастую кашулю з падкасанымі да локцяў рукавамі і шэрыя штаны, абуты ў светлыя летнія туфлі. Вось толькі ўзрост Славін дакладна вызначыць не мог. Трымаўся Лагута проста, упэўнена.
Яны ўзялі ў дзяжурнага чамадан і ключ і ўвайшлі ў невялікі пакой. У куце стаяў нікеляваны ложак. У процілеглым куце была кушэтка, на ёй — пакрывала. У цэнтры пакоя — стол і чатыры крэслы. Ля сцяны — невялікая шафа, а побач маленькі буфет, за шклянымі дзверцамі якога віднеўся нейкі посуд.