Выбрать главу

— Жонка-то цябе і такога кахаць будзе, — засмяялася Надзя, — але прашу цябе, не палохай сына. Прынамсі, Лёша, перад сном ты да яго не падыходзь! — Яна хацела зрабіць злосны твар, але гэта ў яе не атрымалася, і разрагатаўшыся, абхапіла мужа за шыю.

І вось недалёка ад выхада з рынку з’явіўся Мулер. Гэта адпавядала плану, і капітан, абагнаўшы Драбуша, на яго вачах схапіў Мулера за каўнер паліто:

— А, трапіўся, падла! Гані даўжок, ці я з цябе яго разам з трыбухамі вытрасу.

Мулер таксама іграў добра. Ён зрабіў спалоханыя вочы і, нібы хочучы паклікаць некага на дапамогу, закруціў галавой. Драбуш тут жа падскочыў да іх і схапіў за руку Купрэйчыка:

— А ну, адвалі ад старога! Чаго прычапіўся?

Купрэйчык павярнуўся да Драбуша і зло кінуў:

— Ты, кораш, не ўмешвайся! Тут у нас свая, «сяброўская», гаворка ідзе, і я не пераношу, калі з’яўляецца трэці.

Левая рука Купрэйчыка пагрозліва апусцілася ў кішэнь штаноў, але яе перахапіў Мулер.

— Кіньце дурэць, хлопцы! І самі не заўважыце, як у міліцыі апынецеся! Не бачылі хіба, колькі на кірмашы мільтонаў? Адыдзем у бок, разбяромся. — Яны выйшлі за вароты і сталі збоку ад дарогі. Мулер павярнуўся да Купрэйчыка:

— Не крыўдзіся, хлопец. Пойдзем са мной, грошы ў мяне ў ларку, там і разлічымся. — Затым стары паглядзеў на Драбуша: — Ты малайчына, Міша, дапамог мне, дзякуй. Разумееш, сустрэліся тры дня назад з гэтым хлопцам тут, на рынку, прапанаваў мне купіць у яго сёе-тое. Я купіў, але не хапіла паўтары тысячы рублёў, і мы дамовіліся, што да вечара сустрэнемся і я вярну даўжок.

— Пачакай, пачакай, — перабіў яго Аляксей і павярнуўся да Драбуша, нібы заклікаючы яго быць суддзём: — Разумееш, ён мне ў заклад гадзіннік пакінуў. Вось паглядзі,— Купрэйчык дастаў з кішэні ватоўкі кішэнны гадзіннік, — сказаў, што ён каштуе прыстойна. Сам жа на сустрэчу не прыйшоў, а калі я спытаў у гадзіннікавага майстра, колькі каштуе гэты гадзіннік, той зарагатаў і сказаў, што гэта звычайная штампоўка. Ведаеш, кораш, якая крыўда ўзяла. Думаю, завошта мяне нейкі стары ў лапці абувае. Я прайшоў агонь, ваду і медныя трубы, а тут на табе, дзед, які ў вырай збіраецца, мяне, як апошняга фраера, з носам пакідае. Вось і пачаў я хадзіць сюды кожны дзень, яго шукаць, і, як бачыш, знайшоў.

— Добра, хлопец, — міралюбна прагаварыў Мулер, — пойдзем да мяне ў ларок, з мяне бутэлька, там і разлічымся.

Пасля гэтага Мулер павярнуўся да Драбуша:

— Міша, пойдзем з намі. Я хачу і цябе пачаставаць.

Па тоне і выразе твару Мулера Драбуш зразумеў, што той баіцца застацца сам-насам з гэтым чалавекам. Апраўдаўся і яшчэ адзін разлік Купрэйчыка. Драбуш відавочна зацікавіўся ім: ён не раз дапытліва аглядаў яго і, вядома, звярнуў увагу і на стрыжаную галаву і на яго «зэкаўскую» адзежу. Драбуш пагадзіўся і хістаючы побач з Купрэйчыкам, спытаў:

— Што, адкінуўся толькі?

Аляксей насцярожана зірнуў на яго:

— А табе што да гэтага?

— Ды ты не бойся, я — свой. Сам не раз сёрбаў поліўку і добра ведаю, што такое параша.

— Бываюць і нашы іхнімі, — хмурна кінуў Аляксей і ступіў у адчыненыя Мулерам дзверы ларка.

Мулер адразу ж зачыніў на кручок дзверы, зайшоў за прылавак і паставіў на яго бутэльку гарэлкі:

— Вось, толькі закусіць у мяне няма чым.

— Нічога, — супакоіў Драбуш і, намякаючы на піва, сказаў: — Прычэпам зап’ём.

Далей усё ішло гэтак жа па плане. Купрэйчык намякнуў, што ён збег з месцаў зняволення, Драбуш паверыў і сам прапанаваў дапамогу.

— Да сябе дахаты ўзяць не магу, — языком, які ўжо заплятаўся, казаў ён, — мільтоны, асабліва ўчастковы, у любы момант заваліць могуць. Але ты не дрэйфі, у мяне ёсць у каго цябе пасяліць. У мяне ведаеш колькі сяброў?

— Адкуль мне ведаць? — п’яна адказаў Купрэйчык і дадаў: — Мне надакучыла па старых скляпах і гарышчах лазіць. Ужо амаль тыдзень як не галіўся, бачыш, уся рожа зарасла.

— Нічога, паголім, — упэўнена заявіў Драбуш, — а жыць цяпер будзеш побач з лазняй, так што і памыешся.

— У лазню мне нельга, небяспечна.

— Ды кінь ты, у мяне там таксама свой чалавек ёсць. Так што і ў лазню сходзім, і наогул ты мне спадабаўся, — Драбуш па-сяброўску пляснуў Купрэйчыка па плячы і тут, успомніўшы, што не ведае яго імя, спытаў: — Дарэчы, як цябе клікаць?

— Лёшкам заві.

— А я — Мішка. Дык вось, значыць, Лёха, раз ты мне спадабаўся, то, значыць, пасябруем і будзем карашамі. Ідзе?

— Ідзе.

Неўзабаве яны, пакінуўшы Мулера ў ларку, выйшлі на вуліцу. Усё вакол змянілася. Снег за паўтары гадзіны засыпаў вуліцы, руіны і дахі хат белай коўдрай.