Выбрать главу

Ішлі даволі доўга. Спачатку па Савецкай, затым выйшлі на Старажоўскую і, нарэшце, увайшлі ў двор невялікага двухпавярховага дома, размешчанага недалёка ад лазні. Драбуш пастукаў у бруднае акно. З таго боку хтосьці адсунуў фіранку і вызірнуў. Купрэйчык не паспеў разгледзець твар.

У калідоры пачуўся шум, і дзверы расчыніліся. Аляксей убачыў жанчыну. Яна хмурна адказала на прывітанне і моўчкі збочыла, прапускаючы гасцей у кватэру. Аляксей чуў, як зачыніліся дзверы і жанчына засунула завалу.

Яны ўвайшлі ў пакой. Каля печы стаяў мужчына. Купрэйчык зірнуў на яго і ледзь не ўскрыкнуў: перад ім быў Каруноў. Вуграваты твар, злыя, насцярожаныя вочы.

У руках ён трымаў сякеру. Каруноў перавёў цяжкі погляд на Драбуша і глуха спытаў:

— Навошта лягавага прывёў?

16 Лейтэнант Славін

Славін тры дні знаходзіўся на семінары-нарадзе супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, які праходзіў у абласным цэнтры.

Начальнік упраўлення, падводзячы вынікі семінару, у ліку лепшых супрацоўнікаў назваў і прозвішча Славіна. А потым яго выклікалі на сцэну, і начальнік упраўлення пад апладысменты ўсёй залы ўручыў яму гадзіннік.

Шчаслівы і разгублены, Славін вярнуўся на месца. Лагута, які сядзеў побач, штурхнуў сябра локцем:

— Будзеш прастаўляць!

— Цяпер ці можна пазней?

— Да канца нарады патрываю, ну, а пакуль віншую! Рады за цябе!

Лагута не крывіў душой. За кароткі час, які яны працавалі разам, ён адчуў

прыхільнасць да энергічнага і сціплага хлопца. Яго па-сапраўднаму ўсхваляваў лёс Славіна. Хлопцу яшчэ толькі дваццаць два, а пабачыць яму ўжо давялося многае.

Капітан употай ад Славіна некалькі разоў гутарыў з Алтыніным, пераконваючы яго, каб той пахадайнічаў перад начальствам пра перавод лейтэнанта ў Мінск.

Пасля нарады, калі Славін і Лагута ўжо апрануліся і ішлі па калідоры да выхада, ім сустрэўся начальнік упраўлення.

Палкоўнік усміхнуўся:

— Як справы, лейтэнант?

— Звычайна, таварыш палкоўнік, працуем.

— Вось гэта я бачу. У Беларусь не цягне?

— Каго ж дахаты не цягне, таварыш палкоўнік? Цягне, але я ж бачу, што і тут працаваць трэба.

— Так, гэта вы правільна заўважылі, работы і тут хапае. Мы вам сёння накіравалі арыенціроўку. З месцаў пазбаўлення волі збег небяспечны злачынец — Солах Грышка. Усю вайну праседзеў і вось, на табе, разам з сябруком збег.

Лагута схамянуўся:

— Гэта той, што за забойства ў трыццаць дзявятым быў асуджаны, сын кулака?

— Ён самы! Прыедзеце да сябе і бярыцеся за яго сувязі. Тайгу ён, вядома, ведае добра, але, напэўна, да родных месцаў пацягне. Бацька яго жывы, зна­чыць, Грышка і на яго дапамогу разлічвае.

Лагута растлумачыў:

— Мне пра гэту сямейку Ягор Ягоравіч неаднаразова расказваў. Амаль усе іх сваякі ў бандах хадзілі. Праўда, многія так да роднага прытулку і не вярнуліся. — Ён павярнуўся да Славіна і ледзь прыкметна ўсміхнуўся. — Ну вось і спатрэбіцца табе твой партызанскі вопыт, давядзецца нам па тайзе за гэтым шатуном паганяцца. Таварыш палкоўнік, з кім ён збег?

— З Мельнікавым Раманам Сяргеевічам, асуджаным у сорак шостым за саўдзел у забойстве да дваццаці пяці гадоў. У арыенціроўцы ўсе дадзеныя на абодвух маюцца, так што, як прыбудзеце ў Мар’янск, трэба адразу ж на іх вышук пераключыцца. Для вас гэта, мабыць, цяпер самая важная задача. Я тэлефанаваў ранкам Алтыніну і сказаў, што, калі патрэбна будзе дапамога, людзей мы дадзім. З гэтым звяр’ём жартаваць нельга, ім губляць цяпер няма чаго.

З трывогай у душы пакінулі Лагута і Славін Кемерава. Яны спяшаліся ў Мар’янск.

На наступны дзень у аддзяленне паступіў сігнал пра тое, што Солаха і Мельнікава бачылі ў трыццаці кіламетрах ад сяла, дзе жыў стары Солах. Грышку апазнаў адзін з мясцовых жыхароў, які разам з іншымі работнікамі лесанарыхтоўчага ўчастка ехаў на грузавіку па таежнай дарозе. Машыну спынілі двое мужчын і распытвалі шафёра, як дабрацца да сяла Станавое, дзе жыў бацька Грышкі.

Алтынін запрасіў да сябе ў кабінет Лагуту і Славіна.

— Пакуль вы ішлі сюды, я хацеў загадаць, каб абодва адпраўляліся неадкладна ў Станавое і заняліся гэтай справай. Але зараз падумаў, а хто ж тут застанецца? У нас вісіць нераскрытым крадзеж аўтапакрышак на базе, невядома, хто хлопца нажом парнуў на танцах. Адпусціць вас абодвух — значыць, застацца без аператыўніка, які мог бы ўсю паступаючую ў аддзел інфармацыю абагульняць і правяраць.

— А што тут гадаць, я і паеду, — горача заявіў Лагута. Але Славін яго перабіў: