Выбрать главу

— Ягор Ягоравіч, дазвольце я паеду. Месцы тамашнія я ўжо вывучыў, ну а па лесе яшчэ ў вайну хадзіць навучыўся.

Алтынін нейкі час маўчаў, узважваючы ўсе «за» і «супраць», а затым рашуча пляснуў па стале:

— Добра, паедуць Славін і Сімоха. Вазьміце аўтамат. Прыхапіце харч, ліхтары, патроны і ўсё іншае, увогуле, прадумайце старанна, што вам можа спатрэбіцца. Паедзеце верхам на конях. Гэта, мабыць, цяпер самы лепшы спосаб перасоўвання. Чакаю вас праз гадзіну з прапановамі.

Славін і Лагута накіраваліся да сябе. Па дарозе паклікалі Сімоху, які знаходзіўся ў дзяжурным пакоі. Потым утрох сядзелі ў кабінеце і прадумвалі кожную дробязь.

Праз гадзіну Славін і Сімоха пастукаліся ў кабінет начальніка. Алтынін быў адзін, убачыўшы падначаленых, усміхнуўся:

— Ну што, прадумалі сваю камандзіроўку?

— Так точна, — адказаў Славін і пачаў расказваць, што яны вырашылі.

Алтынін здзівіўся, што хочуць ехаць не верхам, а на звычайных простых санях, запрэжаных парай коней.

Славін растлумачыў:

— Па-першае, гэта дапаможа нам сысці за мясцовых жыхароў, па-другое, аўтамат схаваць ад старонніх вачэй і, па-трэцяе, узяць з сабой усё, што трэба, у санках месца для ўсяго хопіць.

Алтынін слухаў Славіна, паволі цярэбячы рукой бараду, і, калі лейтэнант замоўк, сказаў:

— Так, напэўна, твая праўда. Ну што ж, запрагайце коней і — у шлях. Дарога вам доўгая мае быць. Участковага ў Станавым я папярэдзіў ужо пра злачынцаў. Ён вам дапаможа.

Пасля гэтага маёр уручыў Славіну і Сімоху фатаграфіі злачынцаў і старанна праінструктаваў сваіх падначаленых. Праз гадзіну яны адправіліся ў дарогу.

Калі Славін пераконваў начальніка, каб той дазволіў менавіта яму выехаць у Станавое, то крыху перабольшыў, даказваючы, што ён ужо добра ведае раён. Таму з сабой лейтэнант прыхапіў карту. Сяржант Сімоха смяяўся:

— Ты яе схавай далей, бо я па тамашніх месцах магу з завязанымі вачамі хадзіць.

Славін, не адказваючы, уважліва ўзіраўся ў карту. Ішоў час. Яны паступова паглыбляліся ў лес. Дарога пакуль была ўтрамбаванай і роўнай.

Славін паўляжаў на мяккім сене, ухутаўшыся ў вялікі кажух. Коньмі кіраваў Сімоха. Седзячы наперадзе, не спяшаючыся расказваў сябру, як ён растлумачыў жонцы сваю камандзіроўку:

— Колькі гадоў разам, а жонка ўсё не прывыкла да маіх ад’ездаў. Як прыйшоў з фронту, яна яшчэ больш стала баяцца за мяне. — Ён усміхнуўся, відавочна, уявіўшы твар жонкі, і працягваў: — Як пачула, што з’язджаю, адразу ж вочы круглымі сталі, вусны задрыжалі. Колькі разоў я ёй казаў: «Не бойся, калі мяне на фронце не забілі, дык у мірны час жыць буду». А яна мне ў адказ: «Двойчы і на фронце цябе кулі знаходзілі, і тое, што жывы застаўся, — Божая воля!» Я ёй, вядома, тлумачу, што ніякага Бога няма, а яна ўсё адно ў звышнатуральную сілу верыць. Дзеці над ёй паджартоўваюць. Воўка, старэйшы мой, яму адзінаццаць, прыйшоў неяк са школы і давай хлусіць, што бачыў, як са студні вядро выскачыла і ваду каля зруба выплюхнула. А мая адразу ж на мяне сваімі блакітнымі вачамі ўтаропілася. Ну, я гэтаму падшыванцу па карку, вядома: «Хопіць маці разыгрываць, малы яшчэ!» Не, скажу я табе, Валодзя, добрая ў мяне жонка.

— Гэта я бачу, — усміхнуўся Славін, — не паспелі якіх і пяць кіламетраў ад хаты ад’ехаць, а ты ўжо засумаваў па ёй.

— Пагляджу я на цябе, калі ты ажэнішся, — лагодна адмахнуўся Сімоха, але тэму гаворкі змяніў. — Хутка звернем з гасцінца, там дарога горшай будзе, па ёй толькі лесавозы і трактары ходзяць, каляіна глыбокая, ды і лес больш глухі пойдзе, у тым краі ад жылля да жылля чалавечага можна і за некалькі сутак не дайсці.

— Дзе на начлег спынімся?

— Думаю, на былой стаянцы лесанарыхтоўшчыкаў. Яны гады тры назад сышлі адтуль, але дом і хлеў не разбіралі.

— А не могуць Солах з Мельнікавым там хавацца?

— Могуць, вядома. У тайзе такіх хацін нямала, яны ў любой могуць спыніцца. Вось я ўсё думаю, але ніяк зразумець не магу: у арыенціроўцы сказана, што яны двух вартавых забілі і карабіны забралі, а людзі, у якіх яны дарогу на Станавое пыталі, сцвярджаюць, што без зброі яны былі. І, вядома, мяне цікавіць і іншае: Грышка мясцовы, увесь час па тайзе шнырыць і раптам са шляху збіўся, дарогу да роднай хаты не знайшоў — пацеха!

— Не дзівіся, Андрэй. Пакуль яго не было, многае змянілася. Новыя паселішчы пабудаваны і сотні новых дарог з’явілася, мог і збіцца са шляху Грышка, ну, а што да зброі, то не дурні яны, каб днём на дарогу з карабінамі выходзіць. Напэўна, у кустах пакінулі і да машыны з пустымі рукамі выйшлі. Ты вось лепш як старажыл гэтых месцаў раскажы мне пра Солаха.

— Бацька — буйны кулак, увесь час каламуціў ваду. Усіх траіх сыноў настроіў супраць савецкай улады. Двое старэйшых так і загінулі, нічога на свеце не ўбачыўшы, а гэты на некаторы час прыціх, стаіўся. Але бандыт ёсць бандыт. За два гады да пачатку вайны, гэта ў трыццаць дзявятым было, разам са сваім сябруком забойства здзейсніў.