Коні беглі хутка, і неўзабаве сані павярнулі налева. Ззаду застаўся гасцінец, наперадзе была вузенькая лясная дарога, уся ў калдобінах, якія так і не змог прыкрыць снег.
Дзень ужо хіліўся к вечару, і Славін пачаў турбавацца, ці паспеюць яны дацямна дабрацца да пакінутай стаянкі. Трывожыла думка, што дом маглі знесці, і тады давядзецца начаваць проста ў тайзе на такім марозе. Напэўна, пра гэта ж падумаў і сяржант. Ён усё часцей падганяў коней. Трывожная цішыня стаяла сярод велізарных, засыпаных пухнатым снегам дрэў. Славіну стала не па сабе. Лейтэнант мімаволі дакрануўся локцем да боку, дзе пад паўкажушкам быў схаваны пісталет.
Неўзабаве сцямнела. Славіна ўжо трывожыла, што яны так і не знойдуць стаянку.
— Прыехалі! — нечакана гучна сказаў Сімоха і паказаў рукой у цемру: — Вунь і наша гасцініца.
Уладзімір нічога разгледзець не мог і толькі спытаў:
— А як да яе дабрацца?
— Коні наперадзе, за імі — сані, ну а мы следам у ролі штурхачоў, — весела адказаў Сімоха, саскочыў з саняў і тут жа войкнуў: — Ух, чорт, ногі зацяклі!
Яны прама па цаліку, патанаючы па пояс у снезе, прабраліся да невялікага, складзенага з бярвення дома. Славін асвятліў яго кішэнным ліхтарыкам і ўбачыў, што вокны забіты накрыж тонкімі жэрдкамі, але шыбы цэлыя. Падышлі да дзвярэй. Замка няма, замест яго ў дужцы жалезнай клямкі тырчала трэска.
Перш чым увайсці, Сімоха, падсвечваючы сабе ліхтарыкам пад ногі, абышоў дом.
— Ты чаго кругамі стаў хадзіць ці ногі размінаеш? — спытаў Славін.
— Не, браток, ногі ўжо адышлі ў мяне. Я праверыў, ці няма ля дома слядоў, — адказаў Сімоха і нагой пачаў адграбаць снег ад дзвярэй.
Славін здзівіўся, убачыўшы, што ў вялікім пакоі быў парадак: стол з груба пазбіваных дошак, дзве лавы, у дальнім куце зробленая з жалезнай бочкі печ-«буржуйка», каля яе акуратна складзены дровы. Ля сцен стаялі чатыры самаробныя тапчаны.
Сімоха разгарнуў нейкі скрутак, які знаходзіўся на стале, і Славін здзівіўся; яшчэ больш:
— Што, лямпа? А газа ёсць?
— Вядома. Закон тайгі. Сыходзіш з дома хоць і назаўжды, а пакінь у ім усё, што можа спатрэбіцца чалавеку, які заблудзіўся.
Сяржант чыркнуў запалкай і запаліў лямпу. У пакоі стала весялей. Сімоха сказаў:
— Пойдзем коньмі зоймемся, а затым печ затопім, павячэраем і на бакавую.
Яны выйшлі вонкі. Сімоха, які падчас абыходу дома ўжо сцяміў, як зручней дабрацца да хлява, паклікаў лейтэнанта за сабой. Яны адгрэблі снег ад дзвярэй хлява і адкрылі іх. Усярэдзіне ў куце ляжала капа сена, і Сімоха здаволена заўважыў:
— Ну вось, бачыш? Былыя гаспадары, вядома, і пра коней не забыліся.
Яны распрэглі коней, завялі іх у хлеў, далі аўса. Сані засталіся стаяць
каля дома. Славін і Сімоха забралі з іх кажухі, мяшок з правізіяй, аўтамат і боепрыпасы, прыціснулі сена зверху жэрдкамі, каб вецер не растрапаў яго, і ўвайшлі ў дом.
Сімоха хутка распаліў печ, і неўзабаве ў пакоі стала цёпла і ўтульна. Яны спехам павячэралі і, ашчаджаючы газу, патушылі лямпу.
17 Каруноў
Купрэйчыка прабіў халодны пот. «Няўжо ён ведае мяне? — працяла яго думка, але тут жа загадаў сабе: — Спакойна, трымай сябе ў руках!» Імкнучыся не губляць свайго «п’янага» выгляду, павярнуўся да Драбуша:
— Міша, скажы гэтаму ганчаку, што я такіх жартаў не цярплю.
Драбуш ступіў да Карунова:
— Не балбачы глупства. Гэта Лёшка, свой кораш. Ірвануў з-пад канвою. Дарма ты так на яго, я ж, каго не ведаю, не прывяду.
Але Каруноў працягваў свідраваць Купрэйчыка злымі вузкімі вачыма. І столькі звярынай злосці было ў іх, што Аляксею захацелася скончыць увесь гэты маскарад, выхапіць маўзер, схаваны пад пахай, і загадаць усім легчы на падлогу. Але нельга было рабіць гэтага. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку многае яшчэ не ведалі: дзе захоўваецца выкрадзенае і хто саўдзельнікі Карунова. Урэшце, нават прамых і, самае галоўнае, неабвержных доказаў віны самога Карунова не здабыта. Аляксей спытаў у Драбуша:
— Гэта ў яго ты мяне хацеў пасяліць?
— Не, не. Ён сам сюды ў госці заваліў, жыве ён у іншым месцы. Распранайся, Лёха, і не зважай на яго, мужык ён свой, правераны. Вось толькі ў апошні час дрыжаць за сваю шкуру пачаў. — Драбуш зірнуў на Карунова і ўсміхнуўся: — Ты, Воўка, лічыш, што яна з кожным годам даражэй становіцца?
І тут Драбуш раптам змяніўся. Яго вясёлы погляд нечакана стаў злым і калючым, як і ў Карунова. Прыпадаючы на правую нагу, ён яшчэ бліжэй падышоў да Карунова і з пагрозай сказаў: