Выбрать главу

— Ты, Лёха, не крыўдзіся на Воўку. Я яго ведаю даўно, ён чалавек надзейны! Зразумей яго, ён ужо які год па лязе брытвы ходзіць, у любы момант пагарэць можа. У любога на яго месцы, пры выглядзе новага чалавека, ачко зайграла б. Драбуш паклікаў Карунова: — Воўка, а Воўка, ідзі сюды.

Падышоў хмурны Каруноў.

— Чаго табе?

— Не, ты не дрэйфі. Лёшка чалавек што трэба, ён свой, далібог, свой. Я ўпэўнены, калі вы пасябруеце, то карысць вялікая будзе, на любую справу разам можна пайсці.

— Ды я што. — прамармытаў Каруноў, — я ж проста так, хачу бліжэй пазнаёміцца, — і ён нечакана працягнуў руку Купрэйчыку. — Не крыўдуй, давай будзем карашамі.

Купрэйчык зрабіў выгляд, што ён таксама некалькі збянтэжаны.

— Ды я не крыўджуся, — і ён паціснуў працягнутую руку.

Мір быў адноўлены, і неўзабаве Аляксей і Каруноў вялі спакойную гаворку. Каруноў абяцаў свайму новаму знаёмаму дапамагчы прыжыцца ў горадзе і ўзяць яго на «справу». Але ён тут жа намякнуў, што, толькі паглядзеўшы на Аляксея ў «рабоце», будзе давяраць яму.

Прайшла яшчэ гадзіна. На дварэ было цёмна. Драбуш і Каруноў сышлі разам. Жонка гаспадара прыгатавала пасцель Аляксею ў суседнім пакоі. Купрэйчык прычыніў шчыльней дзверы і лёг. Наступіў момант, калі можна было прааналізаваць падзеі мінулага дня. Аляксей доўга ляжаў у цемры, успамінаючы ўсё, што прыйшлося перажыць за дзень. «Як быццам пакуль усё ідзе звычайна, накладак не было, — але тут жа ўспомніў абяцанне Карунова ўзяць яго на «справу». — Што ж ён можа мне прапанаваць?»

Аляксей, засынаючы, ужо каторы раз за гэты час падумаў: што чакае яго сярод гэтых незнаёмых, варожых яму людзей.

А на вуліцы скуголіў вецер, ішоў снег. У горад прыйшла сапраўдная зіма.

18 Рыта Алешына

Рыта Алешына была вясёлай і сімпатычнай дзяўчынай. Яна жыла ў інтэрнаце, разам з ёй у пакоі жылі яшчэ пяць дзяўчат. Усе яны працавалі ў паліклініцы, але не толькі гэта аб’ядноўвала і нават радніла іх. Так ужо здарылася, што ні ў адной з іх не было бацькоў, і, можа, таму дзяўчаты ставіліся адна да адной з пяшчотай і любоўю.

У гэты вечар разам з Рытай у пакоі знаходзілася Валя Цярохіна. Рыта, седзячы ля стала, які стаяў пасярэдзіне пакоя, пісала ліст Славіну. Цярохіна чытала.

Рыта напісала ў лісце чым займалася ў апошнія дні, і задумалася. Цяпер ёй трэба зрабіць галоўнае — паведаміць Уладзіміру, што яна не зможа выехаць да яго ў маі.

Сёння ёй сказалі, што афіцэрская школа пашыраецца і раней ліпеня яе наўрад ці адпусцяць. Па дарозе ў інтэрнат Рыта нават паплакала ад крыўды, але ў пакой увайшла толькі тады, калі супакоілася. Дзяўчаты збіраліся на танцы, але Рыту нават не сталі запрашаць. Пасля таго, як з’ехаў былы курсант Славін, яна на танцы не хадзіла.

Рыта, так і не прыдумаўшы, як ёй напісаць пра непрыемную навіну, уста­ла з крэсла і падышла да вялікага квадратнага люстэрка, якое вісела на сцяне. На яе сумна глядзела высокая цёмнавокая дзяўчына. Доўгія каштанавыя валасы спадалі на плечы.

Цярохіна адарвалася ад кнігі і, гледзячы на Алешыну, сказала:

— Рыта, а табе ніхто не казаў, што вы са Славіным падобныя? Абодва высокія, стройныя, цёмнавокія і цёмнавалосыя. — Дзяўчына нечакана засмяялася. — Ой, Рытка, у цябе цяпер нават выраз твару, як у твайго Вовы, вось выдатна!

— Прыдумала таксама! — адмахнулася Рыта і, збянтэжыўшыся, вярнулася да стала.— Вось пішу яму, а сама не ведаю, як сказаць, што да мая не прыеду?

— Баішся, што разлюбіць, іншую знойдзе?

— Ды ну цябе! — зноў махнула рукой Рыта. — Ведаю, што не разлюбіць. Ён у мяне сур’ёзны і, здаецца, адналюб. Мне проста не хочацца яго засмучаць. Ведаеш, якая там у Сібіры работа. Вось сядзім мы цяпер з табой у цяпле, а ён, можа, у гэту самую хвіліну на саракаградусным марозе ў тайзе знаходзіцца. — Дзяўчына памаўчала нейкі час, а затым, адважыўшыся, сказала: — Але напісаць праўду я абавязана!

І яна схілілася над лістом паперы.

А Славін тым часам сапраўды знаходзіўся ў марознай і снежнай тайзе...

19 Капітан міліцыі Буравін

У Станавое Славін і Сімоха дабраліся толькі ўвечары наступнага дня.

Спыніліся на ўзлеску недалёка ад сяла і пачалі раіцца, ці ехаць на конях адразу ў сяло ці спачатку сустрэцца з участковым упаўнаважаным і высветліць становішча.

Славін застаўся з коньмі, а Сімоха рушыў у сяло. Лейтэнант, баючыся, што яго ўбачыць выпадковы прахожы, штораз запрагаў і распрагаў коней. Гэтай работай яму прыйшлося займацца не меней як паўгадзіны, перш чым вярнуўся Сімоха. Ён прыйшоў у суправаджэнні немаладога, апранутага ў доўгае футра і салдацкую зімовую шапку мужчыны. Гэта і быў участковы ўпаўнаважаны.