Выбрать главу

— Гэта таксама ваш участак?

— Так, гэта мая тэрыторыя.

— Раскажыце пра сям’ю Солахаў.

— Іх дом у цэнтры сяла, калі ісці ад майго, то па правым баку, з блакітнымі аканіцамі. Цяпер у ім жыве адзін стары Солах. Увесну мінулага года памерла жонка.

— Маці Рыгора-малодшага?

— Не, яго маці памерла яшчэ ў трыццаць сёмым. Біў яе да паўсмерці муж, вось яна і да пяцідзесяці не дажыла. У трыццаць восьмым ён ажаніўся на ўдаве ляснічага, якога ў тайзе мядзведзь задраў. Вось так і жылі да мінулай вясны.

— Колькі пакояў у Солаха ў хаце?

Буравін задумаўся на хвіліну, прыкідваючы размяшчэнне пакояў.

— Калі не лічыць прыхожую, дзе печ стаіць, то пяць.

— Як вы думаеце, уцекачы прыйдуць да яго?

— Упэўнены на ўсе сто. Калі ўжо Грышка абвясціўся ў гэтых месцах, значыць, напэўна, будзе шукаць сустрэчы са старым. Жыць, як мне здаецца, у яго ён не застанецца, не дурань жа, разумее, што да бацькі ў першую чаргу прый­дуць. Тым больш... — Буравін запнуўся, — разумееце, калі старога Солаха раскулачылі, то пагаворвалі, што ў яго, акрамя выяўленых двух дзясяткаў залатых манет, яшчэ не меней як сотня схавана. Але знайсці іх у яго так і не змаглі. Вось і атрымліваецца, што сын яго, напэўна, ведаючы пра гэта, разлічвае і на тое золата, бо не стагоддзе ж стары жыць будзе, а таямніцу з сабой у магілу несці таксама не захоча.

— І так, паразважаем, чаму злачынцы абавязкова прыйдуць да Сола­ха? — сказаў Славін, на хвіліну змоўк, затым працягваў: — Першае: іх бачылі недалёка ад сяла. Другое: Грышка без дакументаў нікуды не сунецца, значыць, ён будзе пакуль адседжвацца ў зацішным месцы і шукаць дакументы. Гэта небяспечна, злачынцы могуць пайсці на забойства, каб здабыць дакументы. Нам трэба папярэдзіць насельніцтва, і асабліва тых людзей, якія працуюць у тайзе. Трэцяе, стары, вядома, акажа поўную падтрымку свайму сынку. Ён мясцовы, добра ведае тайгу і зацішныя месцы ў ёй. З гэтага вынікае, што ён можа схаваць уцекачоў у якой-небудзь таежнай хаціне ў глыбіні тайгі і ўпотай перыядычна наведваць іх. У іх зброя, а гэта значыць, дзічыны яны сабе заўсёды здабудуць, а астатняе стары даставіць. Шкада толькі, што мы не ведаем, колькі ў іх патронаў, у арыенціроўцы пра гэта чамусьці нічога не сказана. Дарэчы, у старога стрэльба ёсць?

— Вядома, ёсць, прычым дзве ці тры. У мясцовых жыхароў у кожнага ёсць ружжо.

Сімоха, які да гэтага маўчаў, заўважыў:

— Значыць, ён ім можа і сваю стрэльбу даць.

— І гэта можа быць, — пагадзіўся Славін. — Чацвёртае — гэта золата, пра якое вы, Міхаіл Якаўлевіч, казалі. Так што, як бачым, каб застацца ў гэтых краях у бандытаў ёсць шмат прычын, ці, скажам так, «за». Зараз давайце паглядзім, што «супраць». Першае і, мабыць, самае галоўнае — гэта тое, што Грышку мы будзем шукаць у бацькі. Што яшчэ?

Буравін дадаў:

— Другое, Грышку ў твар ведаюць многія мясцовыя жыхары, а гэта для яго небяспечна.

— Правільна. Але ўсё адно, у яго больш шанцаў быць нязлоўленым і здабыць дакументы, пакуль ён будзе хавацца ў гэтай мясцовасці. З гэтага робіцца выснова, што нам трэба прадумаць, як узяць пад назіранне дом старога Солаха.

— А я думаю, — задуменна прагаварыў капітан, — што Грышка ў дом да бацькі наўрад ці прыйдзе.

— Гэта чаму ж? — спытаў Славін.

— Хоць бы таму, што ў доме можа быць засада. Акрамя таго, у старога ён даўно не быў, таму будзе спрабаваць спачатку выведаць усё, а затым ужо ісці на кантакт з бацькам.

— Сабака ў Солаха ёсць?

— Тры здаравенныя і злыя, як пантэры. У двор не дадуць і ступіць. Гэта, дарэчы, у шкоду Грышку і яго сябруку.

— Міхаіл Якаўлевіч, як вы лічыце, як Грышка можа паспрабаваць сустрэцца з бацькам?

Буравін не спяшаўся з адказам. Ён задуменна сядзеў на табурэтцы і глядзеў у падлогу.

Славіну нават здалося, што капітан не пачуў пытання, і вырашыў паўтарыць яго, але Буравін загаварыў:

— Я думаю, што Грышка паспрабуе сустрэць ці нават зайсці да кагонебудзь са сваякоў.

— Ой, браткі, — прастадушна прызнаўся Славін, — а я і забыўся пра іх. Колькі іх у яго і дзе яны жывуць?

— Сваякоў у Солаха засталося мала, але яны ёсць. Праз два дамы ад майго жыве яго стрыечны брат Дзенкін Андрэй Аляксеевіч. Разам з ім жывуць жонка і старэйшая дачка з мужам і двума дзецьмі. Ёсць у Андрэя яшчэ двое сыноў, але яны пасля вайны — абодва былі на фронце — засталіся жыць у Новасібірску. Я думаю, што яны не будуць дапамагаць бандытам. Сам Анд­рэй, гэтак жа як і сыны, на фронце з першых дзён да перамогі ваяваў, тры ордэны і шмат медалёў мае. Яго брыгада ў калгасе перадавая, ён — член партыі. Я памятаю, калі старэйшы Солах з бандытамі вадзіўся, то Дзенкін дапамагаў нам. А вось крыху бліжэй да цэнтра жыве старая Любка, прозвішча яе Беркут. Яна — далёкая сваячка Солаха-старэйшага. Нам трэба памятаць, што і муж і двое сыноў яе былі актыўнымі ўдзельнікамі банды. Усе яны загінулі ў перастрэлцы, калі ліквідавалі банду. З тых часоў Беркут жыве адна, прычым не хавае сваёй нянавісці да савецкай улады. Але што возьмеш са старога чалавека? Памяркоўная, шкоды ад яе, акрамя зласлівай балбатні, няма. Людзі проста на яе ўвагі не звяртаюць. Вось да яе Грышка і можа завітаць, гэта факт! Ёсць яшчэ ў Солаха сваяк — Дрозд яго прозвішча, завуць яго Міхаіл Андрэевіч. Жыве ў Светлым з жонкай, сын дзесьці ва Украіне. Міхаіл два гады назад з месцаў пазбаўлення волі вярнуўся.