Выбрать главу

— За што быў асуджаны?

— За дэзерцірства, вызвалілі па амністыі. Да яго пакуль у мяне няма прэтэнзій, працуе ў калгасе быццам бы нядрэнна. Калі сын Солаха быў маладым, то сябраваў з сынам Дразда. Карацей кажучы, мы не павінны скідваць з рахунку і гэту сям’ю.

Славін спытаў:

— Дык што ж, нам пачынаць?

Буравін усміхнуўся, але з адказам не спяшаўся.

— А што тут гадаць, — горача заявіў Сімоха. — Стары жыве адзін, перабяромся да яго ў дом і будзем чакаць.

— Не, гэта не падыходзіць, — перабіў яго Славін, — так бандытаў мы не дачакаемся. Напэўна, яны да яго без адпаведнай разведкі не сунуцца. І вось, уяві сабе, што Грышка Солах падашле гэту старую ці Дразда ў дом. Што мы зробім? Нічога. Ну, а вы што думаеце, Міхаіл Якаўлевіч?

Святло газавай лямпы, якая вісела пад столлю, асвятляла ўчастковага ўпаўнаважанага зверху, і ад гэтага яго твар здаваўся яшчэ больш маршчыністым, выглядаў ён вельмі стомленым.

— Маё меркаванне такое. Па магчымасці арганізаваць назіранне за Любкай Беркут, Мішкам Драздом і, вядома, за Солахам.

— Ну, а як гэта зрабіць? — прыгнечана спытаў Славін. — Сіл у нас не хопіць, а прасіць Алтыніна без упэўненасці, што злачынцы сапраўды з’явяцца тут, няёмка.

— Як гэта зрабіць, пытаеце? — Буравін прыжмурыў вочы. — Я ўжо вам казаў, што людзі на маім участку за рэдкім выключэннем жывуць добрыя, сумленныя. Дык чаму ж нам цурацца іх? Ёсць у мяне нямала надзейных памочнікаў, правераных на справе. Я лічу, што дзясятка паўтара можна адабраць і сустрэцца з імі. Раскажам ім, што за птушак у нашы краі занесла, і папросім дапамагчы нам. Дастаткова вам ці мне лішні раз трапіцца на вочы Солаха, Дразда ці нават Любкі, як яны пачуюць штосьці падазронае, а вось калі нашых памагатых убачаць, то нічога ў гэтым няма.

— Яны ўсе надзейныя людзі?

— За тых, каго падбяру, галавой адказваю. Вы яшчэ не забывайце, што яны добрыя паляўнічыя, трапныя стралкі. Пра гэта трэба памятаць, калі спра­ву з узброенымі бандытамі маеш.

— Дзе мы іх збяром?

— Думаю, што лепш за ўсё ў канторы калгаса. Папрашу старшыню сельсавета, мужык ён разумны, таксама франтавік, зробіць як мага лепш.

— Дарэчы, там тэлефон ёсць? — спытаў Славін.

— А як жа! Інакш са мной Алтынін не звязаўся б.

— А калі людзей збяром?

— Заўтра. Адкладаць нельга.

Гасцінныя гаспадары размясцілі гасцей у вялікім цёплым пакоі, дзе стаялі два драўляныя ложкі.

Славін яшчэ доўга ляжаў з адкрытымі вачыма на шырокім і зручным ложку, думаючы пра будучую аперацыю, пакуль непрыкметна не заснуў. Ён ні разу ў жыцці не бачыў мора, а ў гэту ноч яно яму снілася: мора моцна штарміла. Сярод хваль у маленькай лодачцы плыў яго стрыечны брат Аляксей. Хвалі захліствалі лодку, але Аляксей чамусьці весела рагатаў. Ад гэтага рогату і прачнуўся Славін. Прыслухаўся і зразумеў, што за акном хаты не на жарт разгулялася віхура, якую яшчэ ўвечары, пры сустрэчы, прадказваў Буравін. «Дзіўна, — падумаў Уладзімір, — чаму мне прысніўся Аляксей? Як яму служыцца? Цікава, чым ён цяпер займаецца?»

З гэтымі думкамі Славін зноў заснуў. Ён не падазраваў, што за многія сотні кіламетраў, у далёкім Мінску, па вуліцах гуляе завея. Не падазраваў, што ў гэты час яго стрыечны брат уладкоўваецца на начлег у чужой хаце, таксама не падазраваў, што таго чакаюць цяжкія дні барацьбы з небяспечнымі злачынцамі, як, зрэшты, чакаюць яны і яго самога, оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку лейтэнанта міліцыі Славіна.

20 Маёр Мачалаў

Ішлі дні. Да вялікай радасці Мачалава Каруноў і яго банда новых дзеянняў не прадпрымалі. Гэта дазволіла надаць больш увагі раскрыццю іншых злачынстваў. Удалося раскрыць крадзеж з магазіна. Высветлілася, што гэта зрабілі трое ўжо немаладых мужчын, адзін з якіх раней працаваў там. Яны ж і спалілі драўляны будынак магазіна.

Пётр Пятровіч нават змог два дні таму разам з жонкай пабываць у Славіных. Як узрадавалася Анастасія Георгіеўна і Жэня, убачыўшы гасцей! Увесь вечар прайшоў ва ўспамінах. Анастасія Георгіеўна не хавала сваёй радасці, што сын — афіцэр міліцыі.