Выбрать главу

Мачалаў па просьбе Анастасіі Георгіеўны даведаўся, як адшукалі Латаніну, і пры сустрэчы сказаў, што здрадніцу апазнаў Уладзімір. Анастасія Георгіеўна заплакала. Яна была ўпэўнена, што Міхаіл Іванавіч быў схоплены па даносе Латанінай, і цешылася, што яе сын хоць у нейкай меры адпомсціў здрадніцы...

Пётр Пятровіч сядзеў у сваім кабінеце і прадумваў план сустрэчы на чыгуначным вакзале з Купрэйчыкам. Пра гэта яны дамовіліся яшчэ тады, калі Аляксей рызыкнуў паспрабаваць праз Драбуша выйсці на Карунова. Вырашыўшы, што лепш на сустрэчу ісці яму аднаму, Пётр Пятровіч паглядзеў на гадзіннік. У яго распараджэнні было яшчэ больш як дзве гадзіны. Ён дастаў з сейфа і паклаў перад сабой тоненькую папку, на якой прачытаў ненавіснае прозвішча «Юшэвіч». Учора Пётр Пятровіч атрымаў два адказы. Асаблівую цікавасць уяўляў для маёра той, у якім паведамлялася, што сям’я Юшэвічаў яшчэ ў сорак чацвёртым годзе выехала са сваёй вёскі ў невядомым кірунку. Адзін з далёкіх сваякоў паведамляў, што маці Юшэвіча ён выпадкова сустрэў напачатку сорак шостага года ў Мінску і яна яму казала, што жывуць яны ў горадзе. Мачалаў запытаў адраснае бюро, але сям’я Юшэвічаў прапісанай у горадзе не значылася. З гэтага можна было зрабіць выснову, што Юшэвічы або ніколі не пражывалі ў Мінску і маці Якава ашукала свайго сваяка, ці жывуць яны без прапіскі. Мачалаў цалкам дапускаў і першае, і другое.

Мачалаў уявіў сабе Юшэвіча. Памятаў яго ён добра, як-ніяк жылі ў адной вёсцы. Ужо тады, у мірны час, тагачаснаму ўчастковаму ўпаўнаважанаму даводзілася не раз займацца Грышкам Мірэйчыкам і яго сябруком Яшам Юшэвічам.

Ледзь чутна зазвінеў стары «рагаты» тэлефонны апарат, які захаваўся з часоў рэвалюцыі. Начальнік міліцыі падняў трубку і пачуў голас дзяжурнага:

— Таварыш маёр! Толькі што паведамілі, што на вуліцы Усходняй выяўлены труп гаспадыні.

— Хто паведаміў?

— Суседка прыбегла.

— Дзе яна?

— Тут, у мяне.

— Правядзіце жанчыну да мяне, а самі збірайце групу. Накіруйце яе да месца здарэння, я выеду адразу ж, як толькі пагавару з гэтай жанчынай.

Дзяжурны выйшаў, а Мачалаў, прыбіраючы са стала папку з матэрыяламі на Юшэвіча, раздражнёна падумаў: «Трэба ж, толькі падумаў пра тое, што Каруноў не дае пра сябе знаць, як на табе. Хаця рана рабіць вывад, а раптам тут зусім іншае».

У пакой увайшла жанчына. Відавочна, яна вельмі спяшалася і яшчэ не адсаплася. Твар яе быў потны, паліто — расшпілена. Маёр запрасіў яе сесці і адкрыў свой нататнік, у які заносіў усе звесткі пра нераскрытыя справы. Ён запісаў яе прозвішча і адрас і толькі пасля гэтага спытаў:

— Вы самі бачылі забітую?

— Так, канешне. Нашы дамы стаяць побач. Я прыйшла да Леакадзіі, гэта яе так завуць, сланечнікавага алею пазычыць, а яна, бедная, каля ложка ляжыць, уся ў крыві, вочы адкрыты, і не дыхае!

— Хто-небудзь выходзіў з яе дома?

— Не, я нікога не бачыла.

— Хто яшчэ пражывае ў яе доме?

— Адна яна жыла. Муж на фронце загінуў. Пры немцах пакутавала і існавала толькі за кошт сваіх кватарантаў. Аб смерці мужа даведалася ў канцы сарок чацвёртага.

Мачалаў зразумеў, што жанчына не паведаміць яму нічога, што прымусіць яго прымаць меры прама тут, у аддзяленні, і пачаў апранацца...

Гутарка заняла ўсяго некалькі мінут, і аператыўная група паехаць яшчэ не паспела. Жанчыну пасадзілі ў кабіну, а самі залезлі ў кузаў. Палутарка, прыбуксоўваючы коламі па снезе, кранулася з месца. Кузаў быў выпацканы машынным маслам, у ім валяліся трэскі. Усім пяцярым супрацоўнікам давялося стаяць. Трымаліся хто за кабіну, а хто за брудныя дрыготкія барты. «Вярнуся ў аддзел, — злосна падумаў маёр, — старшыну і шафёра прабяру як след. Зусім за машынай не сочаць!»

Ён адварочваў твар ад сустрэчнага ветру, але вочы хутка напаўняліся слязамі, вецер залазіў пад старэнькае восеньскае паліто, спецыяльна надзетае для сустрэчы з Купрэйчыкам. Нягледзячы на тое, што ехалі нядоўга, Мачалаў адубеў. Ён цяжка саскочыў на зямлю і першым увайшоў у брамку. Лёгкі сняжок замёў сляды, і толькі ледзь прыкметныя іх абрысы сведчылі пра тое, што па двары хтосьці прайшоў.

Мачалаў увайшоў у цёмны калідор, намацаў дзверы і адчыніў іх. Прайшоў першы пакой і адчыніў пафарбаваныя белай фарбай дзверы. У пакоі была бязладзіца. У Мачалава непрыемна засмактала пад лыжачкай. Хто-хто, а ён разумеў, што гэта характэрна для налётчыкаў, якія ў пошуках каштоўнасцей і грошай пераварочваюць у доме ўсё. Але вось на стале ўбачыў дзве пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі, на разасланай газеце валяліся рэшткі ежы. Недалёка ад стала, каля ложка, які стаяў ля далёкай сцяны, ляжала жанчына. Яна была ў камбінацыі. Коўдра спаўзла з ложка і затуляла яе ногі. Жанчына ляжала тварам угару. Вочы былі шырока раскрыты, на твары — кроў. Аднаго позірку было дастаткова, каб пераканацца: удар быў нанесены па галаве, спераду. Недалёка валяўся малаток. У пакоі было змрочна, і Мачалаў загадаў: