— А Драбуш?
— Як ні дзіўна, Драбуш — сябар Карунова, дапамагае яму, але на «справу» з ім не ходзіць.
— А дзе сёння днём былі Каруноў і яго сябрукі?
— Гадзін у дзесяць Каруноў прыйшоў да Прутава і п’юць да гэтага часу. Дзякуй богу, што мне ўдаецца выкручвацца і не піць, а то перад табой цяпер стаяў бы стопрацэнтны алкаш Купрэйчык.
— Разумееш, Лёша, сёння днём зноў забілі жанчыну.
Мачалаў паведаміў усё, што яму было вядома пра гэты выпадак, і спытаў:
— Значыць, не яны?
Купрэйчык ціха, нібы разважаючы ўслых, прагаварыў:
— Каруноў і Прутаў адпадаюць. Але, разумееш, сёння, калі Каруноў добра выпіў, ён, як бы між іншым, сказаў, што Магіла і два карашы пайшлі на «работу». Можа, ён гэта забойства меў на ўвазе? — Купрэйчык з трывогай паглядзеў на Мачалава.
— Паспрабуй праверыць.
— Добра.
— І яшчэ, Лёша, нам удалося ўстанавіць цікавую дэталь: у пяці дамах, на гаспадароў якіх былі здзейснены напады, у розны час на кватэры жыў Каруноў.
— Вось яно што. — працяжна сказаў Купрэйчык, — значыць, праводзіў разведку. А ў жанчыны, якая забіта сёння?
— Яшчэ не высветлілі.
— Надзя не тэлефанавала?
— Як жа! Кожны дзень тэлефануе, усё пытаецца, калі мужа вярну. Выкручваюся як магу.
— Скажы, хай не хвалюецца, хутка буду дома.
— Добра, скажу. Не забудзься пра гэтую Магілу высветліць, чым чорт не жартуе.
— Не забудуся. Калі сустрэнемся?
— Калі не патэлефануеш, то ў сераду, тут, у шаснаццаць.
Яны паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Першым сышоў у бок вакзала Купрэйчык. Вычакаўшы трохі, Мачалаў пайшоў у бок універсітэта. Неўзабаве ён сеў у трамвай, але праз два прыпынкі выйшаў з вагона і зайшоў у будынак электрастанцыі, размешчаны каля парку імя Горкага. Пётр Пятровіч вырашыў патэлефанаваць у аддзяленне міліцыі і высветліць, як ідуць справы па раскрыцці забойства. Яму пашанцавала, у дзяжурным пакоі, куды ён датэлефанаваўся, быў Новікаў. Ён далажыў пра вынікі агляду месца здарэння і апытання суседзяў загінулай. Маёр спытаў:
— Не высветлілі, Каруноў не пражываў у яе на кватэры?
— Суседка, якая паведаміла ў аддзяленне пра тое, што здарылася, кажа, што жылі на кватэры некалькі мужчын, але іх імёнаў і прозвішчаў яна не ведае. Вось калі б фота Карунова ёй паказаць, тады, магчыма, яна б і пазнала яго, калі ён жыў па суседстве.
— Ясна. Можа, твая праўда. Трэба паспрабаваць знайсці фотакартку яго. А цяпер ты, Ваня, схадзі на пошту і спытай, што можа азначаць надпіс на газеце, а я, мабыць, прайдуся крыху, штосьці галава баліць. Сустрэнемся ў аддзяленні гадзіны праз паўтары.
Мачалаў выйшаў на вуліцу Савецкую, перасек яе і па вузкай сцяжынцы пайшоў уздоўж ракі.
Працоўны дзень у супрацоўнікаў міліцыі быў не нармаваны, і працаваць даводзілася па дванаццаць—чатырнаццаць гадзін у суткі, а нярэдка і ночы напралёт. Мачалаў крочыў уздоўж ракі, стараўся не думаць пра працу, але гэта атрымлівалася з цяжкасцю. На плечы былога камбата, затым начальніка аддзела барацьбы з бандытызмам лёг цяжкі груз барацьбы са злачыннасцю і яшчэ дзясяткі вялікіх і малых праблем. Людзей не ставала, а тыя, што былі, жылі, дзе давядзецца: у маленькіх халупах, збудаваных сярод развалін, на кватэрах, туліліся з сем’ямі ў катухах-пакойчыках інтэрнатаў. Некаторыя спалі проста ў кабінетах аддзялення. Цяжка было і з харчаваннем у супрацоўнікаў, асабліва сямейных, тых, у каго былі маленькія дзеці. Да трывог і клопатаў сённяшняга дня дадалося пачуццё нездаволенасці тым, што ён ніяк не можа напасці на след Юшэвіча.
Мачалаў так задумаўся, што да яго свядомасці не адразу данёсся нягучны дзіцячы крык: «Дапамажыце, тану! Дапамажыце!»
Маёр рвануўся на строму, якая аддзяляла яго ад ракі. Крык даносіўся адтуль. Правальваючыся па пояс у снезе, ён узлез на невялікую строму і ахнуў. Амаль на сярэдзіне ракі ў палонцы боўтаўся хлопчык гадоў сямі. Ён спрабаваў учапіцца за лёд і ўзлезці на яго, але лёд крышыўся, хлопчык зрываўся і з галавой акунаўся ў ваду.
Мачалаў разумеў, што лёд яшчэ слабы, асабліва тут, дзе ў раку з трубы ішла цёплая вада ад прадпрыемстваў. Пётр Пятровіч азірнуўся. «Дошку б знайсці! — падумаў ён, аглядаючы засыпаную снегам мясцовасць. — Але дзе тут яе знойдзеш! Наперад, маёр!» — загадаў ён сабе і кінуўся да ракі.
— Трымайся, хлопец. Я іду да цябе на дапамогу!
Мачалаў зняў з сябе паліто, падбег да ракі, лёг на лёд і папоўз, пхаючы перад сабой паліто. Ён разумеў, што секунда прамаруджвання можа стаць для хлопчыка фатальнай. У любы момант стомленасць і холад могуць зрабіць сваю страшную справу. Каб падбадзёрыць яго, Пётр Пятровіч, працягваючы паўзці, спытаў: