У трывожным роздуме вярнуўся Буравін у сяло, напісаў ад імя пацярпелай заяву і ткнуў пальцам, дзе трэба распісацца.
Увечар Буравін расказаў Славіну і Сімоху пра вынікі сваёй паездкі. Славін спытаў:
— Лічыце, што гэта іх работа?
— Так, больш няма каму такое зрабіць. Вакол у тайзе чалавека са свечкаю не знойдзеш, ну, а мясцовыя красці не будуць, за гэта я галавой ручаюся.
— Няхай сабе злодзеі Солах і Мельнікаў, то як растлумачыць, што сляды ў лесе належаць траім чалавекам. Значыць, трэцім мог быць толькі мясцовы жыхар.
— Гэта вы, Уладзімір Міхайлавіч, правільна заўважылі наконт трэцяга. Так, там быў мясцовы жыхар. Але я меў на ўвазе сумленных вяскоўцаў і ўпэўнены, што з імі быў хтосьці з тых, каго мы трымаем пад кантролем.
— Што ж атрымліваецца? — заўважыў Сімоха, — мы за імі сочым, а яны калі хочуць, тады сыходзяць...
— Не здзіўляйся, Андрэй, — перабіў яго Славін, — завейнай ноччу можна выйсці з дому непрыкметна. Нам трэба прымаць больш рашучыя меры. Уначы будзем тэлефанаваць Алтыніну.
22 Маёр міліцыі Алтынін
Маёр Алтынін турбаваўся за лёс сваіх супрацоўнікаў. Яны знаходзіліся далёка ад раённага цэнтра і павінны былі разлічваць толькі на ўласныя сілы. Алтынін разумеў, што калі ён накіруе ў Станавое дадатковыя сілы, то пра гэта, напэўна, стане вядома злачынцам і яны проста сыдуць з гэтых месцаў. Знаходжанне ж бандытаў там, дзе яны цяпер былі, хоць і ўяўляла вялікую небяспеку, але нашмат аблягчала магчымасць злавіць іх...
Разважаючы над гэтым, Алтынін штохвіліны паглядаў на чорны стары тэлефон. Ён чакаў, калі яго злучаць з Кемерава. Нарэшце раздаўся рэзкі тэлефонны званок.
Маёр падняў трубку, пачуў голас начальніка ўпраўлення і стаў дакладваць:
— Здравія жадаю, таварыш палкоўнік. Я вырашыў патурбаваць вас па справе Солаха. Учора ўначы мне тэлефанаваў Славін. Хутчэй за ўсё ўцекачы там.
Алтынін расказаў і пра крадзеж свінні, і пра сляды ў лесе, якія выявіў участковы ўпаўнаважаны Буравін.
Палкоўнік моўчкі, не перабіваючы, слухаў. Алтыніну нават здалося, што сувязь перапынілася, і ён трывожна спытаў:
— Ало, вы мяне чуеце, таварыш палкоўнік?
— Так, так, я слухаю. Што ж вы прапануеце?
— Я хачу вас папрасіць узмацніць кантроль за дарогамі, якія выходзяць з раёна, і даць мне дадаткова людзей, каб блакіраваць участак тайгі, дзе павінны знаходзіцца злачынцы.
— У Станавое, лічыце, яшчэ супрацоўнікаў не трэба накіроўваць?
— Я думаю, што не трэба. Славіну і Сімоху пакуль удаецца знаходзіцца там неапазнанымі. Пра іх прысутнасць ведае толькі невялікая колькасць актывістаў, адабраных для кантролю за бацькам Солаха і яго сваякамі.
— Так і быць, мы ўзмоцнім кантроль за дарогамі і заўтра ж накіруем вам у дапамогу невялікі атрад супрацоўнікаў, якія добра арыентуюцца ў тайзе. Выкарыстоўвайце іх для пошуку логава злачынцаў. Мяне турбуе, што Славін і Сімоха адарваны ад аддзялення. Падумайце, можа, недалёка ад Станавога арганізаваць «стаянку лесарубаў». Размясціўшы там з дзясятак супрацоўнікаў, вы зможаце аператыўна ўмяшацца, калі спатрэбіцца, дый сувязь надзейную падтрымліваць са Славіным. Ну, як Славін, не рвецца ў Беларусь?
— Напэўна, рвецца, таварыш палкоўнік, але ён чалавек стрыманы. У яго ж там маці, сястра. Перажывае ён і за лёс бацькі. Хлопец яшчэ малады, а перажыў колькі! Асабіста я перавёў бы яго ў Беларусь. Сам ён прасіцца не будзе. Яму патрэбна дапамога, а дакладней, ваша дапамога, таварыш палкоўнік.
— Добра, добра, я падумаю, але пакуль хай працуе.
23 Лейтэнант Новікаў
На пошце Новікаву сказалі, што надпіс на газеце «Мог. 43», напэўна, зрабіў паштальён.
Пажылы начальнік паштовага аддзялення хрыплым прастуджаным голасам казаў:
— «Мог.»— гэта скарочаная назва вуліцы, а лічба 43 пазначае нумар дома. — Начальнік пошты пацягнуўся па тоненькую папку. — Тут у мяне пералік вуліц горада. Давайце паглядзім, якія вуліцы вам могуць падысці.
Праз некалькі хвілін Новікаў зразумеў, што яму трэба ехаць на вуліцу Магілёўскую. Ён высветліў, якое паштовае аддзяленне абслугоўвае гэту вуліцу, і паехаў туды.
Паштовае аддзяленне размяшчалася ў маленькай драўляным дамку. Усярэдзіне — цесна, няўтульна і холадна. Начальніка на месцы не было. Маладзенькая дзяўчына, якая сядзела за фанернай перагародкай, сказала, што ў дом нумар сарок тры па вуліцы Магілёўскай сапраўды дастаўляецца газета «Советская Белоруссия». Падпісчыкам яе з’яўляецца Гарбылеўскі Мікалай Стэфанавіч.