— Выязджаў. Ён быў цэлы тыдзень у камандзіроўцы і прыехаў толькі ўчора ўвечары.
— Куды ён ездзіў?
— У Гомель. Вы мне скажыце, што здарылася?
— Я ж вам ужо сказаў: мне трэба пагаварыць з ім.
— Не, ён, напэўна, штосьці ў камандзіроўцы ўпароў.
Новікаў паціснуў плячамі:
— Дзіўны вы чалавек. Я вам кажу адно, вы мне — другое. Мне сапраўды трэба з ім пагаварыць.
Лейтэнант ужо быў не рады, што застаўся чакаць у доме, але ў гэты момант у калідоры пачуўся тупат, і ў дзвярах з’явіўся мужчына. Выглядаў ён гадоў пад пяцьдзясят, быў высокі, хударлявы. Цёмныя вочы запытальна глядзелі на незнаёмага чалавека.
«Яшчэ, чаго добрага, вырашыць, што чарговага палюбоўніка жонкі заспеў дома», — падумаў лейтэнант і сказаў:
— Мікалай Стэфанавіч, я — з міліцыі. Можа, вам лепш не распранацца, а прайсці са мной. Нам трэба пагаварыць па адным пытанні.
Гарбылеўскі пабляднеў. Ён паспрабаваў зноў зашпіліць гузікі, але рукі не слухаліся і моцна дрыжалі.
Гэта не выслізнула з-пад увагі оперупаўнаважанага.
Заўважыла гэта і гаспадыня. Яна падышла да мужа і спытала:
— Коля, што здарылася?
— Нічога, я хутка прыйду.
— Я пайду з табой!
— Не, не трэба. Ты пабудзь дома, я хутка.
Гарбылеўскі так разгубіўся, што нават стаў заікацца. Ён павярнуўся і выйшаў. Новікаву прыйшлося паспешна апранаць шапку і паліто.
Гарбылеўскага Новікаў дагнаў ужо за брамкай. Той спытаў:
— Куды мы пойдзем?
— У міліцыю, там і пагаворым.
У душы Новікаў праклінаў сябе за тое, што не папрасіў машыну. Гэтыя хвіліны былі самымі прыдатныя для гутаркі з Гарбылеўскім. Ён разгублены, і лёгка можна распазнаць, калі ён будзе казаць праўду, а калі маніць,
«Пакуль будзем дабірацца да аддзялення, — думаў лейтэнант, — ён, напэўна, супакоіцца і падрыхтуецца да допыту».
Так яно і здарылася. Калі Новікаў увёў Гарбылеўскага ў кабінет следчага, той ужо ўзяў сябе ў рукі. Ён з найгранай самаўпэўненасцю сказаў:
— Не разумею, навошта я спатрэбіўся вам? Жыву не ў гэтым раёне, і дзеля чаго мяне цягнуць з аднаго канца горада ў другі?
Следчы Весялуха быў вопытным работнікам. Ён зразумеў стан Гарбылеўскага, спакойна адказаў:
— Не мы вінаватыя ў тым, што вы тут апынуліся.
— Ну і не я ж.
Новікаў паклаў перад следчым лісток паперы, на якім напісаў дадзеныя Гарбылеўскага, і Весялуха, зазірнуўшы ў яго, прадоўжыў:
— Менавіта вы, Мікалай Стэфанавіч, прымусілі нас гэта зрабіць, і каб не марнаваць дарма час, папрашу растлумачыць, ці ведаеце вы Леакадзію Іванаўну Бузанінаву, адміністратара гасцініцы?
Гарбылеўскі паспешна адказаў:
— Не, не ведаю і ўпершыню чую пра такую.
— Ці так? — іранічна ўсміхнуўся следчы і павярнуўся да Новікава: — Іван Іванавіч, вы не пыталі ў таварыша Гарбылеўскага, дзе ён учора знаходзіўся?
— Не, я думаў, што ў гэтым няма неабходнасці, лічачы, што ён сам усё добра памятае і раскажа.
Весялуха зноў звярнуўся да Гарбылеўскага:
— Так што не трэба спяшацца з адказам. Думайце, перш чым гаварыць, Мікалай Стэфанавіч.
Следчы дастаў чысты бланк пастановы, хутка запоўніў яго і сказаў Новікаву:
— Іван Іванавіч, я вынес пастанову пра дактыласкапіраванне таварыша Гарбылеўскага і пакуль буду дапытваць яго, вы з’ездзіце з дактакартай да экспертаў. Думаю, што нам іх заключэнне спатрэбіцца.
Хвілін праз дзесяць Новікаў, выпрасіўшы ў дзяжурнага палутарку, хвалюючыся, ехаў з дактакартай Гарбылеўскага да экспертаў. А хвалявацца было ад чаго. На ўзятых з месца здарэння бутэльках з-пад гарэлкі былі выяўлены сляды пальцаў рук. Некаторыя з іх належалі забітай, але меліся і сляды, пакінутыя рукамі іншай асобы..
Прайшла яшчэ гадзіна, і Новікаў з кабінета экспертаў патэлефанаваў дзяжурнаму аддзялення міліцыі. Яму адказаў старшына Сафонаў. Лейтэнант папрасіў:
— Слухай, Сафонаў, зрабі добрую справу. Падыдзі да Весялухі і папрасі яго да тэлефона, а сам пакуль пабудзь у яго кабінеце.
Праз некалькі хвілін у трубцы пачуўся голас следчага:
— Весялуха слухае!
— Андрэй Яўгенавіч, гэта Новікаў. Ну як Гарбылеўскі, кажа праўду?
— Не. Стаіць на тым, што не ведае яе, і ўсё тут.
— Нічога, цяпер перадумае, гэта ён пакінуў на бутэльках сляды пальцаў рук.
— Што ты кажаш! Вось выдатна! Заключэнне гатова?
— Хвілін праз пяток скончаць пісаць.
— Добра. Прывозь яго, а я цяпер пайду працягваць допыт.
Неўзабаве Новікаў быў у аддзяленні. Ён адразу ж накіраваўся ў кабінет Весялухі. Той якраз скончыў допыт.
— Прачытайце і падпішыце кожны ліст пратаколу допыту.
Гарбылеўскі пачаў чытаць, а Новікаў, перавёўшы дух, зняў паліто, шапку, павесіў іх на вешалку і прысеў на крэсла, якое стаяла ўзбоч ад Весялухі, які моўчкі назіраў за аператыўнікам, даючы таму права ўзяць ініцыятыву на сябе.