Новікаў пачакаў, пакуль Г арбылеўскі дачытае пратакол, і, калі той пацягнуўся па ручку, каб распісацца, спакойна сказаў:
— Не спяшаецеся, Мікалай Стэфанавіч. Прачытайце спачатку гэта. — Лейтэнант працягнуў Гарбылеўскаму заключэнне эксперта і патлумачыў: — У кватэры Бузанінавай, знаёмства з якой вы адмаўляеце, мы выявілі на стале дзве пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі, на якіх маюцца сляды пальцаў і часткі далоняў вашых рук.
Весялуха таксама далучыўся да гутаркі:
— Да гэтага трэба дадаць, што ў той жа кватэры на стале мы знайшлі газету «Советская Белоруссия», на якой быў напісаны ваш адрас. Не сумняваюся, што пры допыце паштальён пацвердзіць, што гэтую газету ён даставіў своечасова да вас дамоў, а вось якім чынам яна патрапіла ў кватэру Бузанінавай — тлумачыць вам. І яшчэ, на спінцы ложка Леакадзіі Іванаўны мы выявілі вось гэту штучку. — Весялуха ўстаў і, падышоўшы да сейфа, дастаў з яго шлейкі.
Новікаў ледзь прыкметна падміргнуў Весялуху.
— Андрэй Яўгенавіч, можа, пакуль вы будзеце заканчваць допыт, я з’езджу хуценька дамоў да Мікалая Стэфанавіча, прад’яўлю жонцы газету, а заадно і шлейкі, а раптам яна апазнае, каму яны належаць.
Твар Г арбылеўскага пабарвавеў, ён паклаў на стол пратакол допыту і глуха сказаў:
— Не трэба нікуды ездзіць. Я сам усё раскажу. — Ён памаўчаў, сабраўся з думкамі, а затым нечакана стукнуў кулаком па стале. — Чорт бы пабраў гэтую бабу! Звалілася мне як снег на галаву. Уліп у гісторыю, а зараз хоць вешайся!
— Навошта вешацца? — спакойна заўважыў Весялуха. — Калі чалавек трапіў у цяжкае становішча, ён павінен шукаць з яго выйсце.
— Так, гэта так. Дык вось, слухайце... Пазнаёміўся я з Леакадзіяй Іванаўнай год назад. Пасябравалі, мне нават здавалася, што я пакахаў яе. У самога з жонкай жыцця не атрымалася. Жывём пад адным дахам як чужыя, дзяцей шкада. Пачалі мы сустракацца з Леакадзіяй, я дапамог ёй уладкавацца ў гасцініцу адміністратарам. Праўда, не падабалася мне, што ўжо занадта шмат у яе сябровак і знаёмых завялося. То нумар камусьці патрэбен, то пагаварыць у яе на кватэры трэба, а то проста ў каханне пагуляць... Не па душы мне ўсё гэта было. Спрабаваў я казаць ёй — не разумела, жартамі адказвала, смяялася. Але аднойчы, гэта было месяцы два назад, яна сама пачала турбавацца, чагосьці перажываць, утойваць ад мяне. Неяк намякнула, што яна баіцца нейкіх людзей, але, калі я пачаў высвятляць прычыну, Леакадзія нічога не сказала. І вось учора здарылася тое, чаго яна баялася. Я прыехаў з камандзіроўкі на дзень раней і вырашыў правесці яго разам з Леакадзіяй. Купіў дзве бутэлькі гарэлкі і пайшоў да яе дамоў. Леакадзія ведала, што я прыйду. У яе быў выходны дзень, яна чакала мяне. Мы выпілі... Раптам пачуўся стук ва ўваходныя дзверы. Я вызірнуў і ледзь не самлеў. На ганку стаяла жанчына, апранутая ў чорнае трусінае футра. Твару яе я не бачыў, бо жанчына стаяла да мяне бокам. Мая жонка таксама носіць чорнае футра, і я чамусьці вырашыў, што гэта яна, і, скажу вам шчыра, вельмі спалохаўся і разгубіўся. Думаю, што рабіць? Раз жонка прыйшла сюды, то, напэўна, ёй хтосьці падказаў, а гэта значыць, што яна будзе стукаць, пакуль ёй не адкрыюць. Ды і вокны можа палкай пабіць. Увогуле, схапіў я ў бярэмя свае рэчы і кажу Леакадзіі: «Я на гарышчы схаваюся, а ты ўпусці яе, скажаш, што спала, таму і не адкрывала. Мяне ты ніколі не бачыла».
Леакадзія ляжыць у пасцелі, на мяне вачамі зіркае і ніяк зразумець не можа, чаго я так перапалохаўся. Выйшаў я ў калідор, падняўся на гарышча і паціху, без шуму, лесвіцу за сабой увалок, каб жонка не ўлезла, і пачаў хутка апранацца. Чую, Леакадзія выйшла ў калідор. Я паволі праз лаз стаў назіраць. Адкрыла яна дзверы, а ў калідор уваходзіць незнаёмая жанчына. Аказалася, што я з перапуду памыліўся. Ну, што рабіць, не палезеш жа ўніз. Яна прывіталася з Леакадзіяй і пытае: «Чаго гэты ты ў камбінацыі?» А тая адказвае, што спала. Увайшлі яны ў пакой, а я сяджу на бэльцы перакрыцця. Хвілін праз пяць пачуўся нейкі шум, нават крыкі. Я вырашыў, што жанчыны пра нешта спрачаюцца. Потым стала ціха. Я сядзеў і думаў, што рабіць далей. Нарэшце, дзесьці праз паўгадзіны, сышла гэта жанчына. Я спусціўся ўніз, увайшоў у пакой і тое, што я ўбачыў, не забуду ніколі. Леакадзія ляжала мёртвая, уся ў крыві. Жах!
— Жанчыну не спрабавалі дагнаць? — спытаў Весялуха.
— Я так разгубіўся, што нават у той момант і не падумаў пра гэта.
— Напэўна, баяліся, каб на вас не падумалі?