Выбрать главу

Славін хацеў расказаць гэтаму спакойнаму і мудраму чалавеку і пра сваё раненне, і пра тое, што ён таксама ваяваў, але ў пакой увайшоў Воўка і знарок злосным голасам сказаў:

— Вы тут усё сакрэтнічаеце, а я ўжо трэці раз вугольчыкі ў самавар падкідваю.

Хлопец ужо даўно не прасіў у дарослых пастраляць з аўтамата. Бацька вельмі строга сказаў яму нікому пра гасцей не расказваць, і ён выконваў гэты загад.

Усе ўсталі і накіраваліся ў суседні пакой. У гэты момант хтосьці гучна пастукаў у акно кухні.

Буравін ціха прагаварыў:

— І каго гэта нялёгкая нясе. Няйначай, як хтосьці з маіх хлопцаў. Можа, зноў стары на прагулку ў тайгу падаўся? — Ён павярнуўся да Славіна і Сімохі. — Вы, на ўсякі выпадак, пабудзьце ў другім пакоі, раптам хто старонні.

Славін і Сімоха вярнуліся ў свой пакой. Лейтэнант, як бы прадчуваючы штосьці, падышоў да лямпы і патушыў яе, а сяржант кінуў неспакойны позірк у кут, дзе за спінкай ложка стаяў аўтамат.

25 Старшы оперупаўнаважаны Лагута

Лагута ў кабінеце быў адзін. Ён нядаўна скончыў допыт сведкі па справе крадзяжу аўтапакрышак і застаўся задаволены сваёй работай. Старшы оперупаўнаважаны быў упэўнены, што ў бліжэйшыя дні ён выявіць злодзеяў.

У кабінет зазірнуў дзяжурны.

— Іван Епіфанавіч, вас начальнік просіць зайсці да яго.

Лагута паклаў справу ў сейф і накіраваўся да дзвярэй, а ў іх нечакана з’явіўся Мартаў.

— Дабрыдзень, Іван Епіфанавіч.

— Добры вечар, Леанід! Што ты хацеў?

— Мне б Славіна, але дзяжурны сказаў, што ён у камандзіроўцы. Не скажаце, калі ён прыедзе?

— Вось гэтага табе, брат, не скажу. Як вырашыць неабходныя пытанні, так і прыедзе.

— Шкада. — Мартаў засмучана адступіў у калідор, даючы магчымасць Лагуту выйсці з кабінета і замкнуць на ключ дзверы. — Тады, можа быць, з вамі перамовімся?

— Ну, што ж, я не пярэчу. Толькі ты пасядзі крыху, я да начальніка зайду, а затым пагутарым.

Хвілін праз дваццаць капітан вярнуўся ў свой кабінет.

Мартаў прысеў на прапанаванае крэсла і, цярэбячы ў руках шапку, пачаў расказ:

— Вы ведаеце, Іван Епіфанавіч, што важу я лес. Тры дні назад ехаў праз «пуп». Ну, як звычайна, спыніўся, зайшоў у сталовую, якраз тую, дзе мне труп падкінулі, памятаеце?

— Вядома, памятаю, — усміхнуўся Лагута, — нават памятаю, з-за чаго ты там спыняешся. І цяпер, нябось, з-за сургучнагаловай пацягнула на прыпынак?

— Іван Епіфанавіч, паверце, далібог, за рулём ужо не п’ю. Пасля таго выпадку, з забойствам, зарок даў: за рулём ні-ні. Зайшоў я ў сталовую, паабедаў і папрасіў у буфетчыцы, каб дала бутэльку з сабой. Думаў, прыеду да вечара на месца і перад сном са знаёмымі «раздушым» яе. Узяў я, значыць, і — да выйсця. Але тут мяне паклікалі двое, яны сядзелі за столікам ля самых дзвярэй. Спыталі, куды я еду. Я адказаў, і яны папрасілі падвезці іх. Зараз у мяне машына нядрэнная — новы ЗіС, кабіна прасторная, дый весялей у дарозе, калі ёсць з кім словам перакінуцца. Я і пагадзіўся. Купілі яны таксама гарэлкі, па-мойму, бутэлек пяць ці шэсць, сёе-тое з прадуктаў, селі мы і паехалі. Мне ехаць трэба было кіламетраў сто дваццаць. Вёз я на далёкі ўчастак інструменты, а затым павінен быў вярнуцца трохі назад і загрузіцца кругляком. Дарога няважная, і ехаў я з хуткасцю не больш за трыццаць кіламетраў у гадзіну. Гадзіны праз дзве папрасілі мае пасажыры прыпынак зрабіць. Я затармазіў. Зайшлі яны ў кусты, а затым прапанавалі па сто грамаў выпіць. Прызнаюся, гэтым разам я не ўстаяў, мароз моцны, дарога пустэльная, машыны рэдка ходзяць. ну вось я і не адмовіўся. Распілі мы бутэльку, і тут я ўбачыў, што ў аднаго з іх з-пад паўкажушка прыклад ад стрэльбы тырчыць, напэўна, абрэз. Стала нават не па сабе. Выгляду стараюся не падаць і спакойна кажу: «Давайце, мужыкі, далей паедзем». Пачалі мы садзіцца ў машыну, гляджу, а ў другога таксама з-пад кажуха штосьці вытыркаецца. Ну, селі мы і паехалі. Гэтыя двое паводзяць сябе спакойна, усё мяне пра мясцовыя парадкі распытваюць, я, вядома, адказваю, а сам вушы натапырыў, імкнуся зразумець, што за спадарожнікі мне трапіліся. Спыталі, ці мясцовы я, ці маю сям’ю, а потым пацікавіліся, як можна ўладкавацца на працу, затым усё выпытвалі, ці не бачыў я на дарогах міліцыі, ці не шукаюць каго. Праехалі мы яшчэ кіламетраў трыццаць. Яны зноў папрасілі спыніцца. Падумаў я і вырашыў падпарадкавацца, месцы пустэльныя — адмовішся, зразумеюць, што западозрыў штосьці, і цюкнуць. Спыніў машыну, яны бутэльку адкрылі, я адмовіўся піць, растлумачыў, што хутка прыеду, а з пахам нельга. Яны самі распілі гэтую бутэльку, і мы паехалі далей. А затым адзін з іх, лысаваты, высокі, завёў са мной гаворку.