Выбрать главу

Сімоха замоўк, чакаючы, як паставяцца да яго версіі афіцэры.

Славін задуменна сказаў:

— Цалкам можа быць і так. З гэтага можна зрабіць выснову, што нашы здагадкі аказаліся правільнымі. Солах і яго сябрук разлічваюць быць у гэтых краях нядоўга і таму хочуць на гэты час скаваць вашу, Міхаіл Якаўлевіч, актыўнасць. Вы для іх уяўляеце найвялікшую небяспеку. Таму да пагрозы бандытаў трэба паставіцца сур’ёзна. З гэтай хвіліны вы не павінны хадзіць адзін, ды і як лепш арганізаваць ахову нам трэба падумаць. Ну, а цяпер пайшлі тэлефанаваць Алтыніну.

Прайшло паўгадзіны, і Славін ужо размаўляў па тэлефоне з Алтыніным, які, выслухаўшы лейтэнанта, праінфармаваў яго пра расказ Мартава і паведаміў, што накіроўвае групу супрацоўнікаў міліцыі, якія пад выглядам паляўнічых-прамыславікоў будуць знаходзіцца недалёка ад Станавога. Маёр растлумачыў:

— Яны будуць тайгу вакол Станавога і Светлага прачэсваць і ў любы момант вам на дапамогу прыйдуць. На месца яны прыбудуць паслязаўтра. Сустрэць іх трэба на скрыжаванні дарог, размешчаным у чатырох кіламетрах на захад ад Станавога.

Славін спытаў:

— Ягор Ягоравіч, я перадам трубку Буравіну, вы яму растлумачце, дзе нам сустрэць нашых, а то я не вельмі яшчэ арыентуюся ў гэтых месцах.

Буравін узяў трубку, і па яго асобных словах Славін зразумеў, што опергрупа паедзе машынай праз «пуп» і будзе рухацца да Станавога з таго боку.

Але падзеі развіваліся хутчэй і інакш, чым меркавалі работнікі міліцыі. Ужо на наступны дзень з сельсавета Буравіну паведамілі, што ў Светлым зноў выкралі кабана. Гэтым разам — у Дразда. Гэта было зусім ужо нечаканым.

Спяшаючыся, капітан стаў збірацца ў дарогу. Славін кіўнуў Сімоху, і яны таксама пачалі апранацца. Буравін спытаў:

— Вы куды??

— З вамі.

— Дык дзень жа.

— Нічога. Запрагайце нашых коней, ляжам у сані, укрыемся кажухамі, замаскіруемся сенам, і парадак!

Славін па вачах Буравіна бачыў, што той чымсьці ўстрывожаны. І раптам лейтэнант зразумеў чым. І зразумеў гэта тады, калі Буравін адвёў старшага сына ў бок, доўга тлумачыў яму, як паводзіць сябе, калі раптам пакуль яны будуць адсутнічаць хтосьці прыйдзе да іх дамоў.

Капітан не турбаваўся пра сябе, ён хваляваўся за сваіх сямейнікаў. Значыць, у тым, што пра крадзеж заявіў менавіта Дрозд, вопытны ўчастковы ўлавіў трывожны сігнал для сябе.

Славін паклікаў Сімоху:

— Андрэй, ты застанешся тут. Будзь уважлівы, не выключана, што Солах і Мельнікаў вырашылі выклікаць Міхаіла Якаўлевіча з дому, а самі, пакуль ён будзе адсутнічаць, наляцяць сюды.

Сімоха ўсё зразумеў адразу, толькі прапанаваў:

— Можа, аўтамат вазьміце, а мне пісталета хопіць.

Славін падумаў: «Сапраўды, яму з аўтаматам дома будзе нязручна дзейнічаць».

— Добра, аўтамат возьмем мы. Колькі ў цябе абоймаў да пісталета?

— Дзве.

Славін сунуў руку ў кішэнь паўкажушка:

— На яшчэ тры.

— А ў цябе?

— У мяне засталося яшчэ дзве, і не забывай, што такое аўтамат на вуліцы, ды яшчэ з трыма запаснымі дыскамі. — І павярнуўся да Буравіна: — Міхаіл Якаўлевіч, мы тут параіліся і вырашылі, што паеду з вамі толькі я, а Андрэй застанецца, на ўсякі выпадак, дома.

Твар Буравіна адразу ж пасвятлеў. Ён, імкнучыся не паказваць сваю радасць, сказаў:

— Як хочаце. Застанецца дома, дык дома.

Яны запрэглі коней. Славін, загарнуўшыся ў кажух, закапаўся ў сена.

Трэба было праехаць усё сяло, і Славін ляжаў, накрыўшыся кажухом з галавой. Але вось яны мінулі апошні дом і паехалі па вузкай лясной дарозе, па баках якой стаялі магутныя стройныя елкі. Славін адкінуў кажух і сеў. Буравін, які да гэтага не прамовіў ні слова, ціха сказаў:

— Уладзімір Міхайлавіч, чуе маё сэрца, нездарма гэты выклік. Па маім разуменні, задумалі яны штосьці. І, скажу я вам, правільна мы зрабілі, што Андрэя пакінулі дома, далібог, перажываў бы.

У Славіна таксама было на душы неспакойна, але ён не хацеў паказваць гэта і адказаў:

— Калі яны задумалі штосьці, навошта ж тады Дразда падстаўляць, заяўляць пра крадзеж у яго?

— О, вы іх дрэнна ведаеце. Мне здаецца, што ніякага крадзяжу і ў паміне не было. Проста ім для чагосьці трэба было мяне выцягнуць са Станавога. Можа, Грышка хоча да бацькі прыйсці. Магчыма, там работа ёсць, якая не пад сілу аднаму старому, скажам, золата выкапаць. А можа, сапраўды паспрабуюць да мяне ў дом уварвацца, жонку і дзяцей напалохаць, прымусіць іх мяне ўгаварыць заплюшчыць вочы на гэтых звяруг. Ці вырашылі сустрэцца са мной на лясной дарожцы. Ну, а што да Дразда, то ён для іх свой чалавек. Аддаў, скажам, ім кабана, а нам заявіў, што хтосьці ўкраў яго.