Выбрать главу

— Ну чаму б ім, у такім разе, не ўкрасці ў каго-небудзь іншага з вяскоўцаў?

Буравін ледзь прыкметна ўсміхнуўся:

— Яны не дурні, разумеюць, што пасля таго крадзяжу людзі будуць напагатове, а гэта значыць, што можна і на зарад карцечы напароцца. Не, чуе маё сэрца: штосьці яны задумалі, а вось што, забіце, не ведаю. Я думаю, што вам трэба зноў у сена закапацца. Аўтамат да бою падрыхтуйце, можа спатрэбіцца.

Славін не прымусіў сябе доўга ўгаворваць, пстрыкнуў затворам аўтамата, дастаў пісталет з кішэні пінжака і сунуў у кішэнь паўкажушка, а затым лёг.

Буравін накрыў яго кажухом, а зверху засыпаў сенам.

— Яны народ такі, калі ўбачаць, што я адзін, то перш чым страляць, захочуць пагаварыць. Іх, вядома, вельмі цікавіць, ці шукаюць іх тут, у нашай акрузе. Ну, а калі ўбачаць, што нас двое, то могуць проста з кустоў і ўдарыць ці прапусціць не чапаючы, а нам з вамі гэта не трэба. Нам трэба іх убачыць.

Славін з-пад кажуха спытаў:

— Калі сустрэнуць нас, то як я даведаюся, што мне выскокваць трэба?

— Калі я ўбачу, што Грышка з імі, то назаву яго па імені — гэта будзе сігналам для вас.

Далей яны ехалі моўчкі. Славін не бачыў, як участковы дастаў з кабуры пісталет, зарадзіў яго і паклаў пад рукой справа ў сена. Лесам трэба было ехаць кіламетраў пяць. Славін, арыентуючыся па часе, зразумеў, што праехалі ўжо больш як палову. Раптам ён адчуў, што коні нечакана рэзка тузануліся ў бок і сталі. Наступіла цішыня, і тут жа незнаёмы голас ціха, але пагрозліва сказаў:

— Не пікні, мільтон! Толькі пальцам варухнеш, як тут жа на той свет загрыміш.

27 Іван Іванавіч Новікаў

Новікаў спяшаўся ў шпіталь да Мачалава. Пётр Пятровіч пасля таго, як прынёс выцягнутага з ракі хлапчука на электрастанцыю, знепрытомнеў і прыйшоў у сябе толькі на наступны дзень. У яго аказалася двухбаковае запаленне лёгкіх. Урачы вырашылі пакуль не казаць маёру пра смерць хлопчыка. Гэта б ашаламіла Мачалава. Наведвальнікаў да Пятра Пятровіча, нават жонку, не пускалі. Новікаў быў першым, каму дазволілі наведаць маёра. Гэта было выклікана інтарэсамі службы, бо, акрамя Мачалава, у аддзяленні ніхто не ведаў усіх дэталяў задуманай аперацыі. Неабходнасць параіцца з Мачалавым паўстала яшчэ і таму, што ў аддзяленне прыйшлі муж і жонка Троцакі. Яны пакаяліся, што на допытах не сказалі пра тое, што падчас нападу на іх бандыты забралі больш як дваццаць тысяч грошай і невялікі залаты злітак. Пазней, добра падумаўшы, вырашылі пайсці ў міліцыю і расказаць усю праўду.

Група злачынцаў практычна ўжо была вядомая, але Купрэйчыку пакуль не ўдавалася высветліць, дзе яны захоўвалі нарабаваныя каштоўнасці. А гэта трэба было ўдакладніць хоць бы яшчэ і таму, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку не ведалі, што злачынцы ўзялі людзей, якіх яны забілі. У групу, акрамя Карунова і Прутава, уваходзілі нейкія Арыха Дзмітрый і Лаб’янова Лідзія, па мянушцы Магіла. Аднак аператыўнікі не ведалі, дзе яны пражываюць, а ў адрасным бюро гэтыя людзі не значыліся.

Новікаў абтрос з адзежы снег і ўвайшоў у прыёмны пакой. Там яго ўжо чакаў дзяжурны ўрач, які і правёў у палату да Мачалава.

Пётр Пятровіч ляжаў адзін у маленькім пакойчыку, у якім ледзь змясціліся звычайны шпітальны ложак, тумбачка і табурэтка. Убачыўшы Новікава, Мачалаў радасна заўсміхаўся:

— А, Ваня, уваходзь, уваходзь!

— Дабрыдзень, Пётр Пятровіч, як вы сябе адчуваеце?

— Дзякуй, дарагі, ужо лепш. Нічога, зараз справа пойдзе на папраўку. — Голас у Мачалава быў слабы. Яшчэ па дарозе дзяжурны ўрач, папярэджваючы Новікава, каб ён не стамляў хворага і доўга ў палаце не затрымліваўся, растлумачыў, што толькі сёння ў Мачалава панізілася тэмпература. — Ты садзіся, — запрашаў ён госця, — расказвай, як справы.

Урач, каб не замінаць, дапытліва паглядзеў на Новікава — ці не забыў той папярэджанне — і выйшаў.

— Справы ў нас, Пётр Пятровіч, ідуць звычайна. Учора правялі адкрыты партыйны сход. Вырашылі, што ўсе выйдзем на суботнік па ўборцы горада ад снегу. Папрацавалі сёння як след. Вакол аддзялення і два кварталы вуліцы пачысцілі. Шкада толькі, што снег пасля абеду зноў паваліў, засыпле ўсё.

— Нічога, народ вы дужы, яшчэ раз папрацуеце лапатамі.

— Гэта вядома.

— Ну, а як справы з групай Карунова?

— Таксама звычайна. Сустракаўся з Купрэйчыкам. Вось, цыдулку вам перадаў, — Новікаў працягнуў Мачалаву лісток паперы, пачакаў, пакуль той прачытае, і пачаў уводзіць яго ў курс справы.