Выбрать главу

Мачалаў, ледзь прыкрыўшы вочы, моўчкі слухаў. Яго завостраны і схуднелы твар быў бледным, і Новікаву здалося, што яму стала дрэнна. Ён замоўк, думаючы, ці не паклікаць урача. Але Мачалаў ціха спытаў:

— Вы хоць адчыталі Троцакаў за іх хлусню?

— Што толку ў гэтым, Пётр Пятровіч? Жыццё яны, лічыце, пражылі пасвойму, наўрад ці перавыхаваеш іх.

Затым лейтэнант расказаў пра Гарбылеўскага.

Мачалаў стаміўся, але адпускаць Новікава не хацеў і працягваў распытваць яго пра ўсе дэталі следства, даваў указанні:

— На ўсякі выпадак праверце жонку Г арбылеўскага. У мяне ў практыцы здаралася, калі з-за рэўнасці жонкі забівалі палюбоўніц. І яшчэ, ты, Іван Іванавіч, абавязкова церабі гэтага Гарбылеўскага, хай успамінае, якое імя яму называла Бузанінава. Трэба абавязкова апытаць усіх яе знаёмых, а таксама суседзяў і высветліць усе яе сувязі. Не забудзься, калі Купрэйчык сфатаграфуе Карунова і яго сябрукоў, прад’явіць іх фатаграфіі на апазнанне пацярпелым, хто жывы, і іх суседзям.

— Добра, Пётр Пятровіч, зробім. Я бачу, што вы стаміліся, пайду, мабыць?

— Так, крыху стаміўся. Калі зможаш, то заскоч, калі ласка, да мяне дахаты, перадай прывітанне маім. Скажы Таццяне Андрэеўне, што ў мяне справы ідуць на папраўку, а то яе, бедную, сюды не пускаюць, яна, нябось, хвалюецца. Супакой, скажы, што пачуваюся добра. — Мачалаў прыкрыў вочы і сумна ўсміхнуўся: — Я ёй у жыцці шмат хваляванняў і клопатаў прычыніў.

Твар Мачалава пакрыўся плямамі, ён расхваляваўся, і Новікаў ліхаманкава шукаў магчымасць змяніць тэму гаворкі. У памяці ўсплыў адзін адказ на запыт Мачалава, і лейтэнант сказаў:

— Пётр Пятровіч, я ледзь не забыўся. У аддзяленне прыйшоў адказ на ваш запыт наконт нейкага Юшэвіча.

— І што там? — ажывіўся Мачалаў.

— У ім паведамляецца, што Юшэвічы пражываюць у прыгарадзе. Яны нядаўна пабудавалі хату, але яшчэ тэхпашпарта не атрымалі і не прапісаны, таму ў адрасным бюро не значацца.

Пачуўшы ўсё гэта, Мачалаў яшчэ больш расхваляваўся. Ён нават паспрабаваў прыўзняцца. Яго спыніў Новікаў:

— Пётр Пятровіч, вам нельга паднімацца!

— Так, так, я разумею. Але ты, Ваня, не ўяўляеш, якую вестку мне прынёс. — І Мачалаў коратка паведаміў, хто такі Юшэвіч і чаму ён яго расшуквае.

Новікаў прапанаваў:

— Пётр Пятровіч, дазвольце, я займуся гэтым гадам!

— Не, Ваня, я сам. Ты не адцягвайся ад сваёй справы. Нам трэба хутчэй разабрацца з групай Карунова. Дарэчы, пры сустрэчы з Купрэйчыкам папрасі яго даведацца, дзе жывуць Каруноў, Лаб’янова — яе мянушка Магіла — і Арыха. Ну, а што да Юшэвіча, трэба быць асцярожным, магчыма, з дапамогай участковага правер, ці жыве ён у гэтым доме, завуць яго Якавам Часлававічам. І яшчэ, маё паліто патанула, а ў кішэні ляжалі ключы ад кабінета і, самае галоўнае, ад сейфа. Скажы майму намесніку, хай падумае пра дублікаты. Цікава, як адчувае сябе хлапчук? Але ты, напэўна, не ведаеш?

Новікаў адвёў вочы ў бок. Ён-то ведаў, але казаць пра гэта не меў права. Таму адказаў коратка:

— Не, не ведаю. — А сам падумаў: «Эх, Пётр Пятровіч, мілы ты чалавек, жыцця свайго не шкадаваў, а вось як яно ўсё абярнулася».

— Ну, нічога, галоўнае, што ён жывы. Напэўна, таксама хварэе, небарака. Добра, Іван Іванавіч, ідзі. Перадавай нашым хлопцам прывітанне. Доўга я адлежвацца тут не збіраюся, так што да хуткага.

Новікаў выйшаў са шпіталя вельмі засмучаны. Хацеў паехаць у аддзяленне, але ўспомніў пра просьбу начальніка і вырашыў даведацца, ці жыве Юшэвіч са сваімі бацькамі. Лейтэнант патэлефанаваў у аддзяленне і папрасіў дзяжурнага, каб той знайшоў у сакратара звесткі пра Юшэвічаў і паведаміў іх адрас.

Чакаць давялося доўга, і начальнік пажарнай часці, куды зайшоў Новікаў, каб патэлефанаваць, нецярпліва і незадаволена хмыкаў. Новікаў сказаў:

— Вы ўжо выбачайце, тэрміновая справа, дзяжурны высвятляе.

— А раптам пажар? Людзі будуць тэлефанаваць, а тэлефон заняты, што тады?

— Які нумар гэтага тэлефона?

Начальнік машынальна адказаў:

— Тры-дваццаць адзін-пятнаццаць.

— А грамадзяне, між іншым, пра пажар тэлефануюць па тэлефоне нуль-адзін.

Начальнік пажарнай часці хацеў штосьці сказаць, але ў гэты момант дзяжурны аддзялення міліцыі зноў узяў трубку і паведаміў Новікаву адрас Юшэвічаў.

Новікаў выйшаў на вуліцу і накіраваўся да трамвайнага прыпынку. Ехаць, а затым ісці пешшу давялося доўга.

Ужо на змярканні лейтэнант уваходзіў у двор вялікай драўлянай хаты. Каля хлява гучна забразгаў ланцугом і зласліва забрахаў сабака.