Выбрать главу

У хаце Новікава сустрэлі гаспадары. Абодвум было за семдзесят. Яны суха адказалі на прывітанне і насцярожана глядзелі на высокага з уважлівымі карымі вачыма хлопца. Новікаў вырашыў не хаваць, што ён з міліцыі. Наадварот, гэта акалічнасць, як ён лічыў, не павінна была выклікаць непакою.

— Я з міліцыі. Прашу прад’явіць дамавую кнігу, свае пашпарты і тэхнічны пашпарт на хату.

Старыя неспакойна пераглянуліся, і гаспадар адказаў:

— Вы нас выбачайце, таварыш, не ведаю, як вас завуць, справа ў тым, што ў нас пакуль не прыняты дом і таму дакументаў мы яшчэ не атрымалі.

— Што ж гэта такое, — прагаварыў Новікаў, робячы заклапочаны твар, — толькі за сённяшні дзень ужо трэці такі выпадак. Вы пазыку бралі?

— Не, у нас было крыху сваіх грошай.

Новікаў па-гаспадарску размясціўся ля стала, дастаў нататнік і аўтаручку:

— Хто гаспадар дома?

— Я.

— Прозвішча, імя, імя па бацьку?

— Юшэвіч Чэслаў Баляслававіч.

— Год нараджэння?

— Восемсот семдзесят пяты.

Новікаў зірнуў на бабульку:

— Як вас зваць?

— Юшэвіч я, Юшэвіч Ганна Казіміраўна.

— Год нараджэння?

— Па дакументах?

— Як гэта па дакументах? — не зразумеў лейтэнант.

— Я нарадзілася ў семдзесят дзявятым, а па дакументах у васьмідзясятым. Дык які вам год патрэбен?

— Ясна. Запішам, як у дакуменце. Хто ў вас яшчэ жыве?

— А нікога, — адказаў стары. — Вось удваіх са старой жыццё і дажываем.

— А дзеці ў вас ёсць?

— Быў у нас сын. Але як сышоў падчас вайны ў партызаны, так і знік.

— Не ведаеце, што з ім?

— Не ведаем.

Новікаў падняўся з-за стала:

— Узялі б і зрабілі запыт. Людзі ж усе на ўліку, і не можа быць, каб пра яго не ведалі. — Лейтэнант раптам прапанаваў: — Калі хочаце, то давайце я запытаю. Толькі тады мне трэба запісаць усе яго дадзеныя. — І ён зноў сеў.

Стары паспешна сказаў:

— Не, дзякуй вам, але мы самі напішам куды трэба. Дзякуй за параду, мы людзі цёмныя і дайсці сваім розумам да гэтага не змаглі. Жывём сабе ціха і плачам па вечарах па сваім сыночку, які жыцця не пашкадаваў дзеля савецкай улады.

«Бач ты як загаварыў, «цёмны» чалавек!» — са злосцю падумаў Новікаў, але выгляду не падаў і, устаючы, сказаў:

— Глядзіце, справа ваша. А вось што да афармлення дакументаў і прапіскі, то паспяшайцеся. Самі ведаеце, у мяне таксама начальства ёсць, і яно ад мяне патрабуе, каб парадак быў.

Ён выйшаў з двара і закрочыў да суседняй хаты.

Лейтэнант разумеў, што неабходна пабываць яшчэ ў трох-чатырох хатах, каб Юшэвічы, калі і пацікавяцца ў суседзяў, палічылі яго прыход звычайнай міліцэйскай справай. Не бачыў, дый не мог бачыць Новікаў, што, калі ён знаходзіўся ў хаце Юшэвічаў і размаўляў з гаспадарамі, праз невялікую, яшчэ не заладжаную ў перагародцы шчылінку, з суседняга пакоя за ім насцярожана назіраў сярэдніх гадоў мужчына. Гэта быў Якаў. І калі Новікаў сышоў, ён выйшаў да бацькоў, вылаяўся, са злосцю прагаварыў:

— Падла лягавая! Лазіць тут, дапамога сваю прапануе! Трапіўся б ён мне гадкі чатыры назад. Ураз бы з яго душу вытрас.

Да Яшкі падышла маці:

— Супакойся, Яшачка, усё будзе добра.

Яе падтрымаў бацька:

— Ніхто ж не ведае, кім ты быў пры немцах. Дзякуй богу, нікога з вяскоўцаў у жывых не засталося. Толькі ты будзь асцярожней, глядзі там, не лезь на ражон.

— А я і не лезу. Але ж вам грошы трэба. Вунь якую даміну на мае грошы адгрукалі. — Ён памаўчаў трохі і з непрытоенай злосцю дадаў: — Нічога, з Саветамі мы яшчэ паквітаемся. — Павярнуўся да бацькі: — Давай вып’ем!

28 Маёр міліцыі Алтынін

Алтынін запрасіў да сябе ў кабінет Лагуту і адразу ж перайшоў да справы:

— Ты разумееш, Іван Епіфанавіч, я турбуюся за нашых. Ужо вельмі яны далёка адгэтуль, хачу з табой параіцца. Давай яшчэ раз прааналізуем сведчанні Мартава. Па-першае, яны сапраўды шукаюць магчымасць здабыць дакументы і хочуць гэта зрабіць, хутчэй за ўсё, шляхам забойства. Таму яны і прасілі Мартава пазнаёміць іх з адзінокімі людзьмі.

— А не могуць яны забіць самога Мартава?

— Я таксама пра гэта падумаў, але лічу, што калі яны і маюць намер гэта зрабіць, то значна пазней.

— Чаму?

— Бачыш, забіўшы Мартава, яны ніякай карысці ад яго дакументаў мець не будуць. Міліцыя будзе шукаць забойцу. Калі нават яны труп і схавалі б, то ўсё адно сваякі заявілі б, што чалавек знік. А гэта значыць, што карыстацца яго дакументамі нельга. Іншая справа адзінокі, ды яшчэ лепш з ліку прыезджых, які звольніўся. Хто яго шукаць будзе? Практычна — ніхто. Калі б Мартаў знайшоў для іх адзінокага чалавека, — Алтынін задумаўся, як заўсёды ў такіх выпадках, паскубваючы сябе то за вус, то за бараду, — то яны маглі б прыбраць і Мартава як непатрэбнага і ўжо небяспечнага для іх сведку. Як лічыш, правільна я разважаю?