Выбрать главу

— Па крайняй меры, лагічна. Але нам нельга забываць, што злачынцы цяпер знаходзяцца ў раёне Светлага і Станавога і менавіта там яны ўяўляюць найвялікшую небяспеку.

— Я таксама пра гэта думаю, — злосна перабіў Лагуту начальнік і зноў тузануў сябе за бараду. — Таму і раюся з табой. Тым больш, калі яны там круцяцца, значыць, і золатам напэўна не завалодалі. — Алтынін зноў зрабіў невялікую паўзу, а затым нібы падагульніў: — Будзем лічыць, што я раздумаў і ты не будзеш катацца ў кузаве машыны Мартава. Гэта даручым каму-небудзь іншаму. А ты бяры дванаццаць чалавек — людзі з Кемерава ўжо прыбылі — і едзь у Станавое. Твая задача: асталявацца недалёка ад Станавога. Старшыня сельсавета ў курсе справы. Ён кажа, што ёсць недалёка ад сяла некалькі закінутых паляўнічых хатак, там можна спыніцца. Паглядзіш на месцы, магчыма, ёсць сэнс размясціцца пад якой-небудзь падставай і ў самым сяле. Карацей кажучы, вырашыш на месцы. Галоўнае — хутчэй апынуцца там.

— Як нам даехаць туды?

— Вашу групу давядзецца разбіць на дзве часткі. Адна, у тым ліку ты, паедзе на машыне праз Пасху, міма скрыжавання. Гэта далей, чым тая дарога, па якой паехалі Славін і Сімоха, але ў часе вы выйграеце, бо дарога добрая. А другая група — чатыры чалавекі — паедзе верхам на конях тым жа шляхам, што і Славін з Сімохам. Прызнач у гэтай групе старшага і дамоўся пра месца сустрэчы.

— Калі выязджаць?

— Сёння і як мага хутчэй.

29 Капітан Буравін

Славін, які стаіўся ў сене, зразумеў, што перасцярогі Буравіна пацвердзіліся.

Наперадзе, трымаючы адной рукой коней за аброць, а ў другой абрэз, стаяў Дрозд. Злева ад санак з двухстволкай — старэйшы Солах і ўхмыляўся, побач з абрэзам напагатоў — Грышка, а справа ў трох метрах — чацвёрты і таксама з абрэзам. «Мельнікаў, — пазнаў яго капітан і падумаў: — Сапраўды як на фота, што прывёз Славін».

Капітан, сустрэўшыся тварам у твар з бандытамі, адразу ж стаў спакойным. Убачыўшы іх усіх у зборы, ён зразумеў, што яго дзецям і жонцы нічога не пагражае. Ну, а за сябе ён не хваляваўся, такая ўжо ў яго работа, калі трэба, то без страху глядзець на рулі абрэзаў, у гэту хвіліну накіраваных яму ў грудзі. Ён ацаніў становішча адразу ж. Калі цяпер падаць сігнал Славіну, то бандыты раней за яго паспеюць націснуць на куркі. Буравін спакойна спытаў:

— І што гэта вы як разбойнікі на чалавека накідваецеся, вунь коней спалохалі.

Капітан паспрабаваў вылезці з саней, але Мельнікаў грозна крыкнуў:

— А ну, падла, не варушыся, ураз прышыю на месцы!

— Чаго ты казырышся? — міралюбна прагаварыў участковы. — Калі спынілі мяне, а не стралялі з-за кустоў, значыць, пагаварыць хочаце. Дык ты і гавары са мной па-чалавечы, а не рыкай.

Малодшы Солах загадаў:

— А ну, рукі ўгару!

— Калі ласка, — Буравін падняў рукі.

Грышка паглядзеў на Мельнікава:

— Ромка, падыдзі да яго з правага боку і дастань з кабуры пістоль.

Буравін хацеў сказаць, што ён не браў з сабой пісталет, але раздумаў. Бандыты, напэўна, не павераць і пачнуць шукаць у сене, а там Славін. Капітан павярнуў галаву на Мельнікава:

— Пісталет ляжыць у мяне справа на сене, вось паглядзі.

Мельнікаў узяў пісталет, праверыў кабуру і, вылаяўшыся, прабурчаў:

— Глядзі, лягавы, нават да сустрэчы прыгатаваўся, учуў, гад!

Буравін ліхаманкава думаў: «Цяпер, абяззброіўшы, яны будуць меней уважлівыя, трэба дзейнічаць!» Ён вычакаў, пакуль Мельнікаў, адыходзячы ад саней, павернецца да яго бокам, і гучна падаў сігнал:

— А, гэты ты, Грышка!

Буравін кінуўся на Мельнікава і спрабаваў падмяць пад сябе, адабраць пісталет, але гэтага не атрымалася. Яму ўдалося толькі моцна пхнуць Мельнікава ў бок, і яны абодва зваліліся на снег.

Усе трое бандытаў у гэты момант глядзелі на іх, і калі Славін ускочыў на ногі і накіраваў у іх бок аўтамат, яны на імгненне аслупянелі. Але Дрозд тут жа кінуўся ад каня ў бок і стрэліў. Куля прасвістала побач з галавой Славіна. Лейтэнант даў кароткую чаргу. Буравін прыўстаў трохі і ўсім целам наваліўся на Мельнікава. Ён не бачыў, як пасля першых стрэлаў коні рванулі санкі, і Славін кулём паляцеў у снег. Стрэлы стрэльбы і абрэза Солахаў зліліся ў адзін. Карцеч і куля ўздыбілі вакол Славіна снег, ён, лежачы на спіне, даў чаргу ў бок Солахаў і пасля гэтага ўстаў на калена.

— Ні з месца, кідай зброю!

І тут малодшы Солах кінуўся да кустоў, Славін ускінуў аўтамат, але страляць не змог, бо паміж ім і ўцекачом аказаліся Буравін і Мельнікаў. Уладзімір убачыў, што Мельнікаву ўдалося вывернуцца з-пад участковага і зараз яны, сашчапіўшыся, ляжалі побач, але рука бандыта цягнулася да пісталета, які валяўся на снезе. Уладзімір ірвануўся да іх і з размаху стукнуў прыкладам Мельнікава па галаве. Той змяк, а лейтэнант зноў узяў на прыцэл старога і ляжачага на снезе ўніз тварам Дразда.