— А ну, дзед, кідай стрэльбу!
Солах адкінуў у бок стрэльбу і грузна апусціўся ў снег. Славін, пераканаўшыся, што Мельнікаў ужо не ўяўляе бяспекі, асцярожна пачаў набліжацца да Дразда.
— Хопіць ляжаць, зараз і пасядзець можна.
Але Дрозд маўчаў. Лейтэнант абышоў яго і толькі зараз убачыў каля галавы вялікую крывавую пляму. Славін перавярнуў Дразда ўверх тварам — мёртвы! Азірнуўся — на снезе з паднятымі рукамі сядзелі стары і Мельнікаў, а ззаду іх з пісталетам напагатоў ўжо стаяў Буравін.
— Лейтэнант, а Грышка дык уцёк! — засмучана сказаў ён.
Славін крута павярнуўся, падбег да ўчастковага і сунуў яму аўтамат.
— Вядзіце іх да вёскі, а затым па маіх слядах пашліце людзей. Я — за ім! — Ён, на хаду выхопліваючы з кішэні ТТ, кінуўся ў лес.
— Уладзімір! — крыкнуў Буравін. — Будзь асцярожны. Ён можа стрэліць з-за дрэва.
— Не хвалюйцеся, ён ад мяне не ўцячэ!
Славін схаваўся за дрэвамі. Капітан падабраў стрэльбу Солаха, затым абрэз, які валяўся побач з трупам. Паглядаючы на затрыманых, думаў: «Што ж рабіць? Коні не мае, яны, супакоіўшыся, наўрад ці вернуцца сюды. Хутчэй за ўсё, у Светлае прыбягуць. У санках ляжаць запасныя аўтаматныя дыскі, і той, хто затрымае коней, будзе шукаць мяне, каб паведаміць пра іх. Але дзе ў мяне гарантыя, што коней зловяць? Можа, яны на скрут галавы ўжо пранесліся праз сяло і цяпер імчацца далей? Не, трэба весці затрыманых у Светлае і думаць як дапамагчы Славіну».
Буравін зламаў вялікую галінку і ўторкнуў яе побач з забітым. Яна будзе добрым арыенцірам, калі пойдзе снег. Капітан павесіў на шыю аўтамат, закінуў на левае плячо стрэльбу і абрэз. Суха загадаў:
— Устаць! — Мельнікаў і Солах усталі. — Цяпер мы пойдзем... — Каттан запнуўся: «А чаму ў Светлае? Туды, праўда, крыху бліжэй, але ў Станавым жа і сельсавет, і тэлефон, і памагатыя ёсць. Нельга забываць, што ў Светлым у доме Дразда ёсць людзі, і там пазней вобыск трэба рабіць. Убачыўшы мяне з затрыманымі, могуць прыхаваць». — Буравін кашлянуў і гучна дадаў: — У Станавое. Пойдзеце наперадзе мяне на пяць крокаў. Папярэджваю, любое непадпарадкаванне і вы адправіцеся ўслед за Драздом. Ясна?
Відавочна, хуткія і рашучыя дзеянні работнікаў міліцыі добра пераканалі бандытаў у тым, што супраціўленне бескарыснае, і яны паспешна заківалі галовамі...
30 Славін
Славін бег па глыбокім снезе, імкнучыся трапляць нагамі ў сляды, пакінутыя Солахам. «Нічога, галубчык, — думаў Уладзімір, — ты п’еш, я — не, ты курыш, а я не. Ты не ведаеш нават, што такое фізпадрыхтоўка. Дык куды ж ты дзенешся?» І Славін лёгка бег па следзе. Яго хвалявала толькі тое, каб Грышка не выбег на дарогу, тады сляды згубяцца. Неўзабаве Славін заўважыў, што даўжыня крокаў Солаха стала меншай. «Ага, ужо дыханне падводзіць!» — падумаў лейтэнант і пабег побач з ланцужком слядоў, бо ён працягваў бегчы ў тым жа тэмпе і зараз не мог трапляць след у след.
Наперадзе паказаўся хмызняк, туды і вёў след. Уладзімір узяў лявей, агінаючы кусты, і трымаў іх пад прыцэлам. Хто ведае, можа, менавіта ў гэту хвіліну Солах, выбіўшыся з сілы, вырашыў перадыхнуць і, схаваўшыся ў кустах, як зацкаваны звер, глядзіць назад: ці не пакажацца пагоня. А гэта значыць, можна напароцца на яго кулю.
Абабегшы хмызняк, лейтэнант перш за ўсё праверыў, ці ёсць сляды. «Так, вось яны! Тады наперад!» І аператыўнік тым жа размашыстым крокам пабег далей. Ён добра бачыў, што ўцякач ужо не бег, а ішоў. Значыць, трэба быць асцярожным, той можа пачуць яго, і тады без перастрэлкі не абысціся.
Наперадзе зноў паказаўся хмызняк, і зноў Славін пачаў забіраць лявей. Абмінуўшы яго, ён адразу ж убачыў ланцужок слядоў. Уладзімір прасачыў іх позіркам і раптам убачыў злачынцу. Той ішоў метрах у ста пяцідзясяці і пакуль не бачыў свайго праследавальніка.
Славін, стараючыся менш шумець, бег па цаліку, даганяючы яго. Солах тым часам азірнуўся. Славін выразна ўбачыў пару, што валіла з яго рота, пакрыты інеем твар і каўнер паўкажушка. Грышка ўскінуў абрэз і пачаў цэліцца. «Нічога, на такой адлегласці з абрэза не так лёгка пацэліць», — падумаў Славін і некаторы час бег недалёка ад дрэва. Гулка гакнуў стрэл, але свісту кулі лейтэнант не пачуў. Ён стаў за дрэва і сунуў пісталет у кішэнь паўкажушка. Адлегласць паміж імі была метраў восемдзесят, для прыцэльнага агню з пісталета далекавата. Славіну не хацелася паказваць бандыту, што асцерагаецца яго, і Уладзімір, заўважыўшы ў метрах дзесяці наступнае дрэва, рвануў да яго. Толькі схаваўся за хвою, як у яе ўпілася куля. Уладзімір выглянуў і знайшоў гэта месца. Прыкінуў: «Глядзі ты, калі б не дрэва, як раз бы зноў у жывот». І нібы заныла старая рана. Ён успомніў той бой з немцамі ў вёсцы. Тады таксама была зіма, ён бег уздоўж плота — раптам удар, і ў вачах паплыла чырвоная смуга. «Не, гад, калі немцы мяне не забілі, то і ў цябе гэта не атрымаецца», — раззлаваўся Славін і рвануў да наступнай хвоі, каб схавацца за ёй, але ўбачыў, што Солах пабег. Уладзімір кінуўся за ім. Неўзабаве адлегласць паміж імі скарацілася да сарака — пяцідзесяці метраў. Солах ужо, напэўна, выпусціў абойму, таму што цяпер, стоячы за тоўстым дрэвам, важдаўся з абрэзам. Лейтэнант, не губляючы часу, зноў пабег, але калі ўбачыў, што бандыт падняў сваю зброю, стаў за дрэва. «Зараз ужо можна весці агонь, — падумаў ён, прыкідваючы адлегласць. — Метраў дваццаць пяць будзе». І крыкнуў: