— Слухай, Солах, няўжо ты думаеш уцячы? Здавайся!
— А гэтага ты не хочаш? — зло адазваўся Грышка, паказваючы кукіш. Потым вылаяўся і стрэліў.
А Славін тут жа перабег да наступнага дрэва. Сунуў руку за пазуху, адаграваючы яе, і зноў крыкнуў:
— Ты ж нікуды не дзенешся! Па-добраму кажу, здавайся!
— Таксама мне, спагадлівы знайшоўся. Я такіх, як ты, у труне бачыў.
— Слухай, Грышка, пакуль не позна, адумайся! Калі адкрыю агонь, табе кепска будзе.
— Ні храна! Мы тут у тайзе з табой удвух. У мяне пушка магутней за тваю, і я цябе, лягавага, прашыю!
Не адказваючы, Славін кінуўся да наступнага дрэва, і зноў раздаўся стрэл. Уладзімір паспеў убачыць, як куля падняла ў метры ад яго справа невялікі снежны фантанчык. Зараз паміж імі было не больш як дваццаць метраў. Уладзімір разумеў, што трэба быць вельмі асцярожным. Дзіўнае пачуццё авалодала ім. Звычайна маўклівы, ён, ці то ад усведамлення таго, што нагнаў усё ж злачынцу і не даў яму схавацца, ці то ад таго, што зноў адчуў сябе як у баі, нечакана павесялеў і разгаварыўся:
— Дурань ты неачэсаны! Бачыш, я яшчэ ні разу не стрэліў, а ўжо амаль побач з табой. Паўтараю, адумайся, пакуль не позна!
— А што позна? Мяне ўсё адно вышка чакае! Не, мільтон, я свой лёс буду выпрабоўваць да канца, жывым не дамся!
Лейтэнант вырашыў, што час і яму паказаць сваё майстэрства ў стральбе. У афіцэрскай школе ён быў адным з лепшых стралкоў з пісталета і аўтамата. Уладзімір паварушыў пальцамі, рука адагрэлася, і зараз кожны палец быў гнуткі і паслухмяны.
Славін узяў на мушку дрэва, за якім стаяў бандыт. Не, ён не хацеў Солаха забіваць. Вырашыў, што пакуль трэба толькі прыстрашыць яго, паказаць, што пісталет у руках вопытнага стралка — выдатная зброя. Вычакаў, пакуль на імгненне Солах вызірнуў з-за дрэва, і тут жа націснуў на кручок. Куля выбіла кару як раз там, дзе толькі што мільганула галава бандыта.
— Солах, я зрабіў першы папераджальны стрэл, каб ты пераканаўся, як я страляю. Прапаную яшчэ раз, калі хочаш пажыць хоць бы да суда, здавайся! Я цябе цяпер трымаю пад прыцэлам і не дам нават высунуцца з-за дрэва, не тое каб бегчы.
— Але і ты, падла, не падыдзеш да мяне! — адказаў з-за дрэва Солах і зноў вылаяўся.
Славін азначыў дрэва, якое стаяла ледзь правей, метрах у пяці, і, стрэліўшы, рвануў да яго. Зваротны стрэл прагучаў, калі ён прыліп да ствала. «Парадак! — радасна падумаў лейтэнант. — Зараз метраў пятнаццаць да яго засталося». Солах, каб не патрапіць пад агонь Славіна, схаваўся за ствол.
А аператыўнік абдумваў становішча. Паміж імі былі толькі тры тоненькія, маладзенькія хвоі, і схавацца за імі было немагчыма. Мяркуючы па ўсім, Солах хацеў пратрымацца да цемры, а затым адарвацца ад свайго праследвальніка.
Славіна пакуль задавальняла і гэта, бо ён спадзяваўся, што Буравін, даставіўшы затрыманых у сяло, адразу ж арганізуе пагоню па слядах. У гэтай сітуацыі лейтэнант вырашыў паспрабаваць абысці злачынцу з фланга і адрэзаць яму шлях да адступлення.
«Калі гэта ўдасца, — думаў ён, — тады я прымушу яго павярнуцца спінай туды, адкуль павінны з’явіцца нашы».
Уладзімір нагледзеў дрэва, за якое можна схавацца. Яно знаходзілася справа, метрах у дзесяці. «Цяпер трэба не дазволіць яму весці прыцэльны агонь. — Лейтэнант бачыў, што бандыт уважліва сочыць за ім. — Цяпер я прымушу цябе схаваць морду за дрэва». І Славін пачаў старанна цэліцца прама ў ствол абрэза, які тырчаў з-за дрэва. Ён разлічваў, што калі яму ўдасца патрапіць у ствол ці нават побач з ім, то на дзве-тры секунды бандыт будзе паралізаваны. Лейтэнант двойчы ўзапар стрэліў і пабег. Але паспеў зрабіць толькі першыя чатыры крокі, як Солах адказаў стрэлам і таксама перабег да наступнага дрэва.