Выбрать главу

У яе вачах былі сум і неспакой. Пётр яшчэ больш пастарэў. Пастаянна стомлены, не высыпаецца, не ведае адпачынку і ў выхадныя дні. І вось цяпер, гледзячы на яго рана пасівелую галаву, на прыпухлыя ад бяссоння вочы, вострыя скулы, разумела, што думкі яго там, на рабоце.

Таццяна Андрэеўна, дачакаўшыся, калі муж адсуне пустую талерку, не вытрымала, паднялася, лёгка дакранулася да яго валасоў:

— Стаміўся ты, Пецечка?

Ён падняў на яе вочы:

— Трошкі, але ў мяне ж ёсць ты. Вось дакранулася, — ён прыціснуў яе цёплую руку да свайго твару, — і адразу лягчэй.

— Жартуеш...

Таццяна Андрэеўна, усміхнуўшыся, зноў села побач.

А ў Пятра Пятровіча каторы ўжо раз сціснулася сэрца ад вострага болю.

Прайшло шмат часу, каб усё абдумаць, перажыць і ацаніць. Пачуццё віны перад жонкай і дзецьмі прыгнятала яго. Ён увесь час пасля той памятнай сустрэчы на вакзале вінаваціў сябе, што страціў надзею ўбачыць іх. Чым больш Пётр даведваўся пра пакуты, якія прыйшлося перажыць яго жонцы і дзецям, а пра гэта ён даведаўся паступова, бо жонка, засцерагаючы яго, неахвотна расказвала пра перажытае, тым больш пакутлівай ад таго, што некалі так лёгка змог пагадзіцца з думкай аб іх гібелі.

Таццяна Андрэеўна трывожна спытала:

— Ты дрэнна сябе адчуваеш, Пеця?

— Не, не, — нібы ачуўшыся, адказаў Пётр Пятровіч і ўстаў з-за стала. — Я проста задумаўся.

Таццяна Андрэеўна адчула, якія думкі трывожаць мужа, паднялася з зэдліка і ўткнулася тварам у яго грудзі:

— Не трэба, родны... Я і дзеці вельмі любім цябе. Мы шчаслівыя з табой.

У калідоры пачуўся шум, дзверы адчыніліся, і ў кухню ўвайшоў сын, высокі хлопец. Ён лёгка сцягнуў з сябе вялікі брызентавы плашч, на падлогу пасыпаліся буйныя кроплі вады. Вінавата зірнуўшы на Таццяну Андрэеўну, ледзь усміхнуўся чорнымі вачыма, сказаў:

— Я прашу прабачэння. Дожджык на дварэ вырашыў усю зямлю заліць, а мяне ўтапіць. — Перавёўшы погляд на бацьку, працягваў: — Але як бачыце, ваш любімы сын выжыў.

— Ну, ад кіно яшчэ ніхто не паміраў, — заўважыў бацька і незадаволена паглядзеў пад ногі сыну, дзе на падлозе ўтварылася невялікая лужынка.

— Я зараз вытру, — паспешна сказаў сын.

— Добра ўжо, як-небудзь сама ўпраўлюся, — лагодна махнула рукой маці і пачала выціраць падлогу.

Ваня распрануўся і сеў на канапу.

— Вось ты, тата, сядзіш спакойна і не ведаеш, што суседзі зноў ваююць.

— Што ў іх гэтым разам?

— Звычайная гісторыя. Іван Лукіч у хамут стукнуў.

— У што, у што стукнуў? — здзівілася маці.

— Ну. сыходзіць сабраўся, — прастадушна растлумачыў сын.

Маці асуджальна пакруціла галавой:

— Ну і слоўцы ў цябе, Ваня.

— Мам, гэта не мае слоўцы, гэта цётка Вера так сказала. Як убачыла, што я ў двор увайшоў, дык адразу ж праз плот і крычыць: «Глядзі, Ванюша, мой стары зноў у хамут стукнуў. Адпіў мазгі і рэчмяшок пачаў збіраць. Ты папрасі бацьку, можа, ён яго прыструніць».

Пётр Пятровіч незадаволена прабурчаў:

— Сама яна добрая цаца. Напоіць яго, а потым ваююць між сабой.

І нібы ў пацвярджэнне гэтых слоў, за сцяной пачуўся моцны грукат і адчайны жаночы крык. Пётр Пятровіч моўчкі пераглянуўся з жонкай і, асуджальна ўздыхнуўшы, накінуў на сябе мокры плашч сына:

— Пайду мірыць, чорт бы іх пабраў!

— Пачакай, Пеця, — сказала Таццяна Андрэеўна, паспешна пераабуваючыся. — Я пайду з табой, удваіх лягчэй будзе іх супакоіць.

Суседзі, ужо немаладыя людзі, якія жылі ў другой палове дома, часта сварыліся. Мачалавым часам даводзілася ўмешвацца. Скандалы ўзнікалі з-за выпівак, ад якіх ні сусед, ні яго жонка не адмаўляліся.

Жылі яны адны, трое дзяцей адразу ж пасля вайны раз’ехаліся ў розныя канцы рэспублікі. Іван Лукіч пасля цяжкога ранення, якое атрымаў на фронце, стаў нервовым, любіў выпіць. Жонка яго, Вера спасавала перад цяжкасцямі, сама прыахвоцілася да віна. Так і жылі: калі не пілі — было звычайна: і дома спакой, і на працы парадак. Але дастаткова было некаму з іх выпіць, як адразу ж пачыналіся скандалы.

Мачалавы ставіліся да суседзяў са спачуваннем.

Калі яны з’явіліся ў суседзяў, тыя адразу ж пацішэлі, і неўзабаве Мачалавы пайшлі дахаты. Пётр Пятровіч, прыкрыўшы жонку плашчом, дапамагаў ёй пераскокваць праз лужыны ў двары. Дома іх сын сядзеў за сталом і рабіў урокі. Бацькі, каб не замінаць, сышлі ў спальню. І тут Пётр Пятровіч, які даўно хацеў пагаварыць з жонкай, але ніяк не рашаўся, шкадуючы яе спакой, нечакана загаварыў:

— Танечка, я даўно хачу ў цябе спытаць пра аднаго чалавека. Разумею, што табе нялёгка ўспамінаць перажытае, але мяне ўвесь час турбуе гэта.

— Што ты, Пеця. Я ж сама табе шмат разоў расказвала ўсё. Вайна скончылася, і што давялося перажыць, не вернецца. Дык пытай.