Купрэйчык уважліва сачыў за ўсімі, асабліва за Магілай і Арыхай, якіх бачыў толькі двойчы, і цяпер стараўся лепей запомніць. Праўда, ён вялікія надзеі ўскладаў сёння на фотаапарат. Купрэйчык расказаў прыдуманую легенду пра тое, як яму ўдалося на вакзале выкрасці ў нейкага афіцэра фотаапарат, адкрыў яго, і ўсе ўбачылі, што фотаапарат без плёнкі. Пасля гэтага Аляксей, як бы дурэючы, накіроўваў фотаапарат на прысутных і пстрыкаў затворам. Спачатку ўсе, асабліва Магіла, куражыліся, рабілі рожы, але потым прывыклі да яго жартаў і не звярталі на «фатографа» ўвагі. Купрэйчык выйшаў на хвіліну з-за стала і ў іншым пакоі імгненна зарадзіў фотаапарат. Працягваючы пстрыкаць ім, ён смяяўся, патрабаваў ад кожнага зрабіць строгі твар, каб атрымалася «саліднае фота для асабістай справы ў цюразе». У душы Аляксей хваляваўся, што здымкі могуць атрымацца невыразнымі з-за слабога асвятлення. Таму ён так узмоцнена і імкнуўся запомніць прыметы Дзімкі і Лідзіі. Калі Купрэйчык адклаў у бок апарат, то ўжо каторы раз у думках паўтараў прыкметы гэтых людзей: «Дзімка: узрост — трыццаць пяць-трыццаць сем, рост — метр семдзесят пяць, твар авальны, на левай шчацэ невялікая радзімка, вочы блакітныя, вузкія. Лідка: узрост пад сорак, твар хударлявы, вочы чорныя, рост сярэдні, апранута ў чорны трусіны кажушок, белая вязаная ваўняная хустка».
Раптам Купрэйчык напружыўся. Ён пачуў, як Каруноў спытаў у Лаб’янавай:
— Лідка, што ты знайшла ў адміністратаркі?
Лідка ўхмыльнулася:
— У «сяброўкі» маёй? А вунь, усё ў торбе ляжыць. — Яна кіўнула ў кут, дзе стаяла невялікая дзермацінавая торба. — Паказаць?
Лідка павярнулася да Купрэйчыка, які сядзеў з краю:
— Лёха, падай мне торбу.
Купрэйчык пацягнуўся за звычайнай невялікай гаспадарчай торбай, узяў яе за абедзве ручкі і перадаў Лідцы. Тая раскрыла і пачала выкладваць рэчы на стол побач з ежай і спакойным голасам пералічваць іх:
— Два пярсцёнкі залатыя, завушніцы, таксама, бачыш, з золата. Пярсцёнак мужчынскі, не разумею толькі, дзе яго дастала незамужняя жанчына.
— Яна яго замест мужа ў ложак клала, — п’яна ўхмыльнуўся Прутаў.
Затым Лідка выцягнула каўнер з чарнабуркі і перавязаны матузам папяровы пакет. Калі яна разгарнула яго, то ўсе ўбачылі, што там грошы. Прутаў прагна спытаў:
— Колькі?
— Дробязь, — нядбайна махнула рукой Лідка. — Крыху больш як пятнаццаць тысяч.
— Як ты з ёй справілася?
— Звычайна, як заўсёды. Яна як была ў камбінашцы, так і засталася ў ёй.
— Адважная ты баба, — прагаварыў Каруноў і запнуўся. Нечаканы стук у акно адразу ўсіх насцярожыў.
— Можа, жонка? — прамармытаў, устаючы, Прутаў. Ён накіраваўся ў калідор, а ўсе астатнія замерлі ў чаканні. У калідоры пачуўся шум знадворных дзвярэй, якія адчынялі, і неўзабаве ў кухню ўслед за Прутавым увайшоў Драбуш, а за ім. сын Мані Жовель.
Купрэйчык так разгубіўся, што нават імя хлопца забыўся.
Драбуш быў падвыпіўшы, ён ветліва прывітаўся з кожным за руку і сказаў Прутаву:
— Іван, я хачу забраць у цябе свае сані.
Але яму не даў дагаварыць Каруноў. Ён, калупаючыся пальцам у зубах, кіўнуў на хлопца і зло спытаў:
— Навошта ты гэтага байструка сюды прывёў?
Толя, убачыўшы Купрэйчыка, таксама разгубіўся. Ён ніяк не мог зразумець, што можа быць агульнага ў супрацоўніка міліцыі з гэтымі п’янюгамі і злодзеямі. Здавалася, што ён вось-вось пры ўсіх пра гэта спытае ў Купрэйчыка. Але яго адцягнуў Каруноў. Хлопец падняў на яго налітыя нянавісцю вочы і, ледзь стрымліваючыся, сказаў:
— А ты, дзядзька Вова, асцярожней словамі кідайся!
— А што? Можа, мне ў морду заедзеш? — засмяяўся Каруноў і пацягнуўся па бутэльку. — Міша, ідзі выпі з намі.
Толя паглядзеў на Драбуша.
— Ну што, піць будзеш ці пойдзем? А то мне не вельмі хочацца тут тырчаць.
Драбуш, не ўтрымаўшыся, стоячы, выпіў амаль поўную шклянку гарэлкі, але закусваць не стаў і павярнуўся да Прутава:
— Бяры ключ ад хлява і ідзём па сані, а то Толя пакрыўдзіўся і можа кінуць мяне. Сані ж, сам ведаеш, цяжкія, і аднаму мне да хаты іх не давалачы.
Прутаў, не апранаючыся, узяў ключ, і яны ўтрох выйшлі з кватэры. Купрэйчык перавёў дух: «Трэба ж так уліпнуць. Цяпер, галоўнае, каб ён Прутаву не сказаў, хто я».