Выбрать главу

Наступілі цяжкія хвіліны чакання. Аляксей рыхтаваўся да горшага. Ён схадзіў у суседні пакой, паклаў фотаапарат у кішэнь ватоўкі, якая вісела на цвіку, зарадзіў пісталет і сунуў яго за пояс пад пінжак. Паспрабаваў, ці зручна выхопліваць яго, і вярнуўся ў кухню. Цяпер сачыць за Прутавым, калі ён прыйдзе ў хату. Калі ён выкліча Карунова ў іншы пакой для гаворкі, значыць, Толя Жовель не ўтрымаўся і сказаў гаспадару пра Купрэйчыка. «Эх, хло­пец! — з гаркатой думаў Аляксей. — І навошта цябе нялёгкая прынесла! Ну сцям ты, што нельга табе цяпер расказваць пра мне!»

У сенцах пачуўся шум, і ў пакой увайшоў Прутаў. Купрэйчык слізгануў поглядам па яго твары — ён спакойны. Той падышоў да стала і сеў на сваё месца. Наліў, выпіў і моўчкі пачаў закусваць. «Не сказаў, — з палёгкай уздыхнуў лейтэнант. — Малайчына хлопец! Усё ж выйдзе з яго добры чалавек».

Каруноў абвёў усіх вачамі і загаварыў:

— Хачу паведаміць, што нам падгарнулася сапраўдная справа. Хопіць хаты граміць і мець за гэта дробязь. Я знайшоў для нас сапраўдную работку. Праз два тыдні на аўтазаводзе зарплата. Грошы касір і два ахоўнікі будуць атрымліваць у банку. Прыедуць яны туды на заводскім аўтобусе. За рулём старэча, былы старшына. Я ў яго раней на кватэры жыў.

— А чаму мы ў яго ў гасцях не былі? — п’яна ўхмыльнуўся Дзімка.

Каруноў нядбайна махнуў рукой:

— А ні храна ў яго няма. Жонку і тую немцы расстралялі. Дык вось, прапаную такі план: калі аўтобус будзе стаяць каля банка, а касір і ахова ўвойдуць у банк, я падыду да старога і завяду з ім гаворку. Пасля таго, як касір і ахоўнікі выйдуць з дзяржбанка і падыдуць да аўтобуса, вы нападаеце на іх. Ты, Дзімка, бярэш на сябе аднаго ахоўніка, ты, Лёха, — Каруноў перавёў позірк на Купрэйчыка, — бярэш на сябе другога. Лідка прашые касіра і забярэ мяшок з грашыма.

— А я? — устрывожана спытаў Прутаў.

— І табе работа будзе, — усміхнуўся Каруноў. — Ты падстрахуеш нас. Раптам у каго-небудзь штосьці не атрымаецца, ды і заадно прыкрыеш, калі хто-небудзь паспрабуе нам перашкодзіць.

— А не небяспечна каля банка? — спытала Магіла.

— Я думаю, што гэта самае ўдалае месца. Пісталеты ці вінтоўкі ахоўнікі напагатове і зараджанымі трымаць не будуць. А калі нам паспрабаваць спыніць іх дзе-небудзь па дарозе, то, па-першае, яны могуць не спыніцца, а падругое, сустрэць нас свінцом.

— А калі ты падыдзеш да аўтобуса, шафёр нічога не западозрыць? — спытаў Купрэйчык.

— Не. Скажу, што выпадкова ўбачыў яго, пабалбачу пра тое, пра гэта, а калі загавораць вашы пушкі, я яго ва ўпор і гваздану, заадно не дам яму сунуць куды-небудзь ключ ад запальвання.

— Хто машыну павядзе? — пацікавіўся Аляксей.

— Я.

Купрэйчык увесь час ламаў галаву, як даведацца, дзе жывуць Каруноў, Арыха і Магіла.

Дзіўнае пачуццё ахоплівала Аляксея, калі глядзеў на Лаб’янаву. Перад ім сядзела жанчына, якая мела звычайны чалавечы выгляд, а вось назваць яе па імені, нават у думках, ён не мог. Ён так і зваў яе — Магіла. Цяпер, калі Лаб’янава загаварыла, Аляксей слухаў яе ўважліва, баючыся прапусціць хоць бы адно слова, бо любое з іх магло паведаміць дасведчанаму аператыўніку многае.

— Ведаеце, хлопчыкі, — размарылася яна, — калі ў нас атрымаецца гэта задума, то змыюся на паўгодзіка на поўдзень. Паверце, ні разу ў жыцці ў Сочах не была. Уяўляеце: сонца, цяпло, мора.

— І лахудра Магіла, — змрочна дадаў Каруноў. — Куды табе з тваімі косткамі ў Сочы?

— А, кінь, Воўка. З грашыма, што ў мяне з’явяцца, я буду выглядаць прыгажуняй нават у Парыжы.

Купрэйчык перасеў да Арыхі і Карунова і спытаў:

— Слухайце, хлапцы, у мяне неспакойна на душы. Дарма ты, Воўка, маль­ца пакрыўдзіў, як бы ён не стукнуў у кантору пра нас. Можа, разысціся, пакуль яшчэ не позна? Сцеражонага Бог сцеражэ. Я не баязлівец, але штосьці мяне грызе. Храновае прадчуванне, далібог.

— Ды кінь ты, чаго панікуеш! — нядбайна махнуў рукой Каруноў. — Толька — малец жалезны, гэтак жа як і яго маці — Маня Жовель.

— Слухай, Вова, а можа, мне пераначаваць сёння дзе-небудзь у іншым месцы? Самі ведаеце, браткі, што трапляць мне ў лапы лягавым усё адно, што адразу кулю ў лоб. Не, я тады пасплю дзе давядзецца, толькі не тут. Дарма ты, Воўка, мальца гэтага пакрыўдзіў. Вось возьме і стукне...

Каруноў і Арыха неспакойна пераглянуліся. Некаторы час памаўчалі. Потым Арыха паклаў руку на плячо Купрэйчыку:

— Збірайся, пойдзеш са мной.

А капітану гэтага толькі і трэба было.

Каруноў спытаў:

— Дзе вы будзеце начаваць?

— Не ў лазні ж, — ледзь прыкметна ўсміхнуўся Арыха, — там я толькі працую.

Неўзабаве пачалі разыходзіцца.