Спачатку сышлі Каруноў і Магіла, затым выйшлі з пакоя Арыха і Купрэйчык.
Некаторы час ішлі моўчкі. Цёмныя двары і вузенькія, засыпаныя снегам завулкі, не выклікалі жадання гаварыць. Нарэшце выйшлі на шырокую вуліцу. Купрэйчык пазнаў вуліцу Горкага, Арыха першым парушыў маўчанне:
— Нам дабірацца далёка. Давай паспрабуем злавіць машыну.
Яны доўга махалі рукамі машынам, што зрэдку праходзілі міма. Урэшце адна спынілася. Арыха падбег і адкрыў пярэднія дзверцы. У машыне быў толькі вадзіцель. Арыха паабяцаў яму немалую суму, і вадзіцель згадзіўся падвезці іх.
Машына развярнулася і паехала ў зваротны бок. Купрэйчык сядзеў на заднім шырокім скураным сядзенні «эмкі». Яму заўсёды падабаўся непаўторны, своеасаблівы пах скуры, бензіну і яшчэ чагосьці, уласцівага толькі машынам гэтага класа. Але цяпер ён злосна думаў пра вадзіцеля: «Чорт бы іх пабраў, гэтых левакоў. За лішнюю дзясятку гатовыя каго заўгодна і куды хочаш везці.
Зусім не думаюць пра тое, што ў любую хвіліну самі могуць стаць ахвярай. Чаго варта такому, як гэты Дзімка, цяпер парнуць яго нажом у бок?»
Ехалі доўга, і капітан ужо не пазнаваў тыя месцы, дзе яны праязджалі. Нарэшце машына спынілася. Арыха і Купрэйчык выйшлі і апынуліся ў поўнай цемры. Па агеньчыках, якія гарэлі ўдалечыні, Аляксей здагадаўся, што яны знаходзяцца на ўскраіне. Наперадзе таксама свяціліся агеньчыкі. Туды і накіраваўся Арыха. Купрэйчык рушыў следам. Праз некаторы час ён спытаў:
— Да каго мы ідзём?
Арыха памаўчаў трохі, а затым адказаў:
— Да адзінокіх старых. Не дрэйфі, у іх будзе спакойна.
Неўзабаве яны ўвайшлі ў двор вялікага дома. Дзесьці каля хлява забрахаў сабака. На яго нягучна прыкрыкнуў Арыха:
— Рэкс, у будку!
Брэх спыніўся, а Купрэйчык падумаў: «Ужо ці не да сябе дамоў ты мяне прывёў, галубок? Сабака, пачуўшы твой голас, адразу ж супакоіўся».
Яны падышлі да дзвярэй, і Арыха гучна пастукаў. Старэчы голас спытаў:
— Хто там?
— Я! Адкрывай, — глуха прагаварыў Арыха, і дзверы тут жа адчыніліся. На парозе ў ніжняй бялізне стаяў стары. Арыха не даў яму і слова сказаць: — Ідзі кладзіся. Дзверы я сам зачыню.
— Паесці што-небудзь даць? — спытаў стары.
— Не трэба. Мы сытыя.
Праз хвіліну яны апынуліся ў добра напаленай хаце. Стары павярнуў налева ў бакавыя дзверы, а Арыха, падсвечваючы сабе запалкай, прайшоў далей. Купрэйчык за ім. Яны патрапілі яшчэ ў адзін калідор, а затым, адкрыўшы глухія драўляныя дзверы, апынуліся ў вялікім пакоі. Дзімка падышоў да стала і запаліў газавую лямпу. Аляксей убачыў, што ў пакоі стаяць ложак і канапа. Арыха зняў з ложка адну падушку і коўдру, кінуў іх на канапу і сказаў:
— Кладзіся тут, а я — на ложку.
Перш чым заснуць, Купрэйчык падумаў: «Цікава, дзе і ў каго я знаходжуся?»
А начаваў ён у хаце бацькоў былога паліцая Яшкі Юшэвіча! Капітан не ведаў яшчэ многага, у тым ліку і таго, што Дзімка Арыха не хто іншы, як сам Яшка Юшэвіч, якога адшуквае Мачалаў.
34 Маёр Мачалаў
Новікаву ў гэтыя дні было асабліва цяжка. Яму і следчаму пракуратуры Весялуху даручылі весці следства па справе Карунова. І асноўная нагрузка па зборы доказаў віны Карунова і яго сябрукоў лягла на іх.
На чарговай сустрэчы Купрэйчык перадаў Новікаву плёнку, на якой ён змог сфатаграфаваць усіх удзельнікаў злачыннай групы. Плёнку праявілі, і атрымаліся нядрэнныя здымкі. Весялуха і Новікаў, не лічачыся з часам, дапытвалі пацярпелых, якія засталіся ў жывых, іх суседзяў і іншых сведак, хто калі-небудзь бачыў ці мог бачыць злачынцаў, прад’яўлялі ім на апазнанне фатаграфіі. Людзі лёгка паказвалі тых, каго яны раней ведалі як кватарантаў пацярпелых. Аказалася, што больш іншых «уладкоўваўся» на кватэру Каруноў, па два разы — Арыха і Прутоў. Зараз заставалася «прывязаць» да забойства адміністратара гасцініцы Бузанінавай Лаб’янаву. Адзіным сведкам, які мог пацвердзіць гэта, быў Гарбылеўскі.
Новікаў стаяў у сваім кабінеце і хваляваўся, чакаючы яго прыходу. Дзверы кабінета адкрылася, на парозе стаяў. Мачалаў.
Новікаў ускочыў з крэсла:
— Пётр Пятровіч! Вы што, уцяклі са шпіталя?
— Ніяк не. Я, дарагі таварыш лейтэнант, ужо далёка не ў тым узросце, калі ўцякаюць. Мяне выпісалі, праўда, узялі з мяне слова, што дома абавязкова далячуся і адлежу неабходны тэрмін.
Новікаў хітра ўсміхнуўся:
— І вы, вядома, скажаце, што ў аддзяленне проста выпадкова зазірнулі?
— Кінь, Ваня, чапляцца да начальства, — махнуў Мачалаў рукой і, не здымаючы паліто, сеў на крэсла, што стаяла недалёка ад горача напаленай печы. — Ну, давай, уводзь у курс справы.