Выбрать главу

Новікаў радасна паведаміў:

— Гарбылеўскі апазнаў Магілу!

— Выдатна! — Мачалаў паклаў фатаграфіі на стол і ўстаў. — Дзейнічай далей, а я іду да сябе. Сустрэнемся ўвечары.

Пётр Пятровіч узяў у дзяжурнага зноў зробленыя ключы ад кабінета і сейфа. Аднак у кабінеце ён доўга не затрымаўся. Дастаў з сейфа пісталет, сунуў яго ў кішэнь і накіраваўся да выйсця. Неўзабаве ён сядзеў у кабіне палутаркі і ў думках рыхтаваўся да сустрэчы з бацькамі Юшэвіча. Мачалаў не здагадваўся, чаго каштавала яму некалькі мінут назад не спяшацца і паглядзець у пакеце ўсе фатаграфіі ўдзельнікаў банды, ён бы ўбачыў фота Яшкі Юшэвіча. А цяпер пад гучнае вуркатанне матора ён думаў пра Юшэвічаў, лічачы, што Яшкі, верагодна, у горадзе няма.

Машына спынілася, і Мачалаў, падняўшы каўнер паліто, праз поле, па якім гуляла завіруха, рушыў да драўляных хат, што віднеліся ўдалечыні. Пасля вайны вялікія будынкі ў горадзе ўзводзіліся пакуль толькі ўздоўж галоўных магістраляў, у іншых жа месцах, асабліва на ўскраінах, будаваліся невялікія, драўляныя хаціны. Дзяржава адпускала людзям пазыку на будаўніцтва. Рабілася гэта таму, што ў горадзе жылля амаль не было, а насельніцтва ў ім станавілася ўсё больш і больш. «Так, яшчэ шмат гадоў давядзецца нам будаваць хаты, — думаў маёр, шчыльней затульваючыся ў паліто. — Праклятая вайна, колькі гора яна прынесла».

Вось нарэшце і патрэбны яму дом. Мачалаў добра памятаў схему размяшчэння пакояў, якую намаляваў Новікаў. Пётр Пятровіч увайшоў у двор і па заснежанай сцяжынцы накіраваўся да ганка. Мачалаў адчуваў, што моцна хвалюецца, і прымусіў сябе не спяшацца, супакоіцца.

Ён азірнуўся, разглядаючы дваровыя пабудовы. Яго погляд затрымаўся на сабачай будцы. «Дзе ж сабака, пра якога расказваў Новікаў?»

Нарэшце хваляванне ўлеглася, і Мачалаў пхнуў рукой уваходныя дзверы. Яны адкрыліся. Увайшоў у напаўцёмны калідор, вычакаў, пакуль вочы абвыкнуць да цемры, і накіраваўся да другіх дзвярэй. Яны таксама былі не замкнёныя, і Пётр Пятровіч зайшоў у пакой. Каля печы стаялі Юшэвічы. Ён і яна. «Толькі сына нестае», — падумаў маёр.

— Дабрыдзень! Не пазнаяце?

На тварах старых адбіліся і страх, і разгубленасць, і здзіўленне. Яшчэ ў даро­зе Мачалаў падрыхтаваў сябе да сустрэчы і імкнуўся трымацца натуральна.

— Гэта ж я — Мачалаў. Памятаеце такога ўчастковага ўпаўнаважанага? Вось даведаўся, што вы тут жывяце, і вырашыў наведаць сваіх аднавяскоўцаў.

Першым ачомаўся гаспадар. Ён зрабіў выгляд, што здымае шапку.

— А, Пётр Пятровіч! Дабрыдзень, вас адразу мы і не пазналі. Што вы стаіце ля парога? Праходзьце. Такому дарагому госцю мы вельмі радыя.

Твар старога адлюстроўваў усмешку і ветлівасць, а вочы ўтойвалі страх, напружанасць і злосць. Мачалаў, не здымаючы паліто, прайшоў у наступны пакой і, прысаджваючыся на новенькую канапу, здзіўлена падумаў: «Аднак жа жывуць яны нядрэнна. Хаціна, як у купцоў, мэбля новая, дарагая. Дзе гэта яны так пажывіліся?» Спытаў:

— Даўно вы ў горадзе?

Гаспадары пераглянуліся паміж сабой, вырашаючы, каму адказваць. Стары сеў побач на канапу і толькі пасля гэтага адказаў:

— З ліпеня сорак чацвёртага. Як толькі нашы прыйшлі, дык мы адразу ж у горад перабраліся. Жылі ў халупе, сабранай з чаго патрапіла. Але затым назапасілі крыху драбязы і пачалі будаваць вось гэту хату.

— Пабудавалі з размахам, — заўважыў Мачалаў, але, спахапіўшыся, як бы яго рэпліка не насцярожыла гаспадароў, сказаў: — Мяне цікавіць іншае. Я хачу ведаць, што адбылося з жыхарамі вёскі? Раскажыце мне, як гэта ўсё здарылася.

Гаспадары яшчэ больш збянтэжыліся. Стары, перш чым зноў загаварыць, кінуў кароткі і вельмі разгублены погляд на жонку. Юшэвічы былі ўпэўнены, што і жонка, і дзеці Мачалава загінулі, і не разумелі, чаму ў яго зараз спакойны голас, і сам ён спакойны. Паўза зацягвалася, і стары Юшэвіч пачаў расказваць:

— Цяжка нам казаць табе, Пятровіч, але відаць, што толькі мы можам праўду табе ўсю паведаць. То слухай: калі немцы прыйшлі, мы думалі, што бяда міне нашу вёску. Але не, неяк улетку шмат панаехала іх да нас. Мы са старой сэрцам пачулі няладнае і праз гарод у лес падаліся, а калі ўвечары вярнуліся, то вачам сваім не паверылі: у вёсцы — ніводнай хаты, адны коміны ад печаў. Усё згарэла, згарэлі і людзі.

— Дзе?

— Што дзе? — перапытаў Юшэвіч.

— Дзе людзі згарэлі, у сваіх хатах?