Выбрать главу

Юля і Ваня падышлі і абнялі бацьку. Так і стаялі яны ўчатырох, абняўшыся, і радасць перапаўняла іх сэрцы.

Затым была смачная вячэра, вясёлая гутарка. Так і не сказаў нічога ў той вечар Мачалаў жонцы пра Юшэвічаў.

А назаўтра пачалася аперацыя па затрыманні злачынцаў. Роўна ў восем у невялікім кабінеце Мачалава сабралася ўся аператыўная група. Пётр Пятровіч гаварыў роўным, спакойным голасам:

— Нам з вамі сёння трэба скончыць аперацыю па затрыманні небяспечнай злачыннай групы. — Ён падрабязна расказаў пра задуму злачынцаў, затым паставіў задачу перад кожным супрацоўнікам. Нарада працягвалася роўна гадзіну. У дзевяць ноль-ноль оперработнікі выйшлі з кабінета начальніка. Пачынаўся завяршальны этап аперацыі.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў цывільным загадзя займалі адведзеныя ім пазіцыі.

Мачалаў пакуль заставаўся ў сваім кабінеце. Ён яшчэ і яшчэ раз прадумваў кожную дэталь, кожную дробязь, бо на ім, начальніку міліцыі, які ўзяў на сябе ролю кіраўніка аперацыі, ляжала вялікая адказнасць — захаваць жыццё людзей, на якіх збіраліся напасці злачынцы. Справа ўскладнялася тым, што Каруноў ведаў вадзіцеля аўтобуса, а гэта значыць, што падмяніць яго супрацоўнікам крымінальнага вышуку было немагчыма.

Маёр, глыбока задумаўшыся, сядзеў за сталом. Як быццам пакуль усё ішло добра. Ён рэзка падняўся, падышоў да сейфа, дастаў кабуру з ТТ, прычапіў яе на рэмень штаноў і накіраваўся да паліто, якое вісела ля ўвахода. Але тут нечакана адчынілася дзверы, і ў кабінет нясмела ўвайшла жанчына, а за ёй — мужчына. Абоім было гадоў па трыццаць. Яны прывіталіся, мужчына зняў шапку і спытаў:

— Гэта вы, таварыш Мачалаў?

— Так, але я вымушаны перапрасіць, у мяне сёння не прыёмны дзень, і мне неабходна з’ехаць па тэрміновай справе.

— Мы толькі на хвілінку, — уступіла ў гутарку жанчына. — Мы хацелі паглядзець на вас і падзякаваць за ваш высакародны ўчынак. Мы — бацькі Віці Красоўкіна, ратуючы якога, вы рызыкавалі жыццём.

— Вось яно што, — усміхнуўся Мачалаў, — праходзьце. Як ваш Віця? Напэўна, захварэў? Зараз здаровы?

Муж і жонка неяк дзіўна пераглянуліся, і жанчына нечакана заплакала. Мачалаў збянтэжыўся:

— Ну, што вы! Супакойцеся, — ён падышоў да стала, наліў з графіна вады і, працягваючы ёй шклянку, спытаў: — Дарэчы, а як вы мяне знайшлі?

— Вас жа абодвух даставілі на «хуткай дапамозе» ў адну бальніцу, але патрапіць да вас мы не маглі, урачы не пускалі. А калі сёння зайшлі ў шпіталь, нам сказалі, што ўчора вы выпісаліся. Вось мы і вырашылі адразу ж прыйсці сюды.

Мачалаў мімаходам зірнуў на гадзіннік. У яго распараджэнні было яшчэ некалькі мінут, і ён зноў спытаў:

— Як жа сябе адчувае «плывун»?

Жанчына ледзь чуваць прашаптала дрыготкімі вуснамі:

— Віці няма больш. ён памёр.

Нібы цяжкі молат абрынуўся на галаву Пятра Пятровіча. У вачах паплыла смуга, і ён, намацаўшы непадалёку крэсла, павольна апусціўся на яго.

— Як памёр? — яшчэ не да канца верачы пачутаму, спытаў ён.

Жанчына падышла да яго і, нахіліўшыся, пацалавала ў шчаку:

— Вы зрабілі ўсё, што маглі. Вы не шкадавалі свайго жыцця дзеля нашага сына, і не ваша віна, што ён памёр ад пераахаладжэння. Паверце, нам вельмі цяжка. Віця — адзінае дзіця. Вялікі дзякуй. Мы зойдзем да вас у наступны раз, выбачайце.

Красоўкіны пайшлі. А Мачалаў сядзеў і бессэнсоўна паўтараў: «Памёр... памёр... памёр.» У гэтыя хвіліны маёр зноў убачыў сябе ў вадзе з хлопчыкам, сярод крыг. І вось на табе! Ён выжыў, а хлопчыка, які яшчэ амаль нічога не бачыў у жыцці, ужо няма. Можа, зрабіў што не так? Можа, трэба было яшчэ штосьці яму тады распачаць? Але што яшчэ ён мог зрабіць у тое імгненне? Ніводнага чалавека, ніводнай хаты побач.

У кабінет зазірнуў дзяжурны:

— Таварыш маёр, людзі ўжо ў машыне.

— Што? Якія людзі?

Дзяжурны, здзіўлена гледзячы на начальніка, адказаў:

— Ваш рэзерв. Вы ж самі сказалі, што група рэзерву паедзе з вамі на машыне.

— Ах, прабачце. Я зараз іду.

Дзяжурны выйшаў, а Мачалаў павольна падышоў да стала, дзе стаяла шклянка вады, якую ён некалькі мінут назад працягваў жанчыне. Узяў яе і выпіў ваду.

Схуднелы за час хваробы твар Мачалава яшчэ больш пацямнеў, вочы былі напаўзакрытыя. Здавалася, ён вось-вось зваліцца, але Пётр Пятровіч сабраў усю сваю волю, каб пераключыцца і думаць пра аперацыю. «Трымайся, маёр, цябе цяпер чакае новы бой, і ты абавязаны быць у форме, ты абавязаны думаць пра жывых!»

Бой. Колькі іх было на фронце. І вось наступіў мір, а для яго бой працягваецца, толькі цяпер — нябачны бой.