Выбрать главу

Маёр зірнуў на гадзіннік: да выхаду касіра засталася хвіліна. Мачалаў не спяшаючыся накіраваўся да дзвярэй дзяржбанка.

Ён, вядома, мог застацца і на прыпынку, але Пётр Пятровіч не дазволіў сабе быць назіральнікам у той час, калі яго таварышы, падначаленыя, будуць весці сутычку са злачынцамі. Мачалаў вырашыў, што ён, у выпадку неспадзяваных акалічнасцей, зможа кінуцца на дапамогу да любога свайго супрацоўніка. Не ведаў Пётр Пятровіч, што гэтым разам яму б лепш стаяць убаку. Падыходзячы да дзвярэй дзяржбанка, ён не заўважыў, як пашырэлі ў паніцы вочы Арыхі-Юшэвіча. Ён адразу пазнаў Мачалава. З дзвярэй дзяржбанка выйшла касір, а за ёй ахова. Да касіра з нажом кінулася Магіла, але тут жа яе схапілі за рукі работнікі міліцыі, Каруноў паспеў выхапіць з-за пазухі пісталет, але двое маладых дужых хлопцаў збілі яго з ног і адабралі зброю. Прутаў таксама паспеў выхапіць пісталет, але Мастовіч нанёс яму магутны ўдар ззаду і зваліў на зямлю. Прутаў тут жа быў абяззброены. А вось з Арыхам-Юшэвічам здарылася неспадзяванае. Яшчэ да таго, як да яго наблізіліся оперработнікі, ён, убачыўшы Мачалава, зразумеў усё. Няўлоўным рухам Арыха выхапіў з кішэні гранату і, выдраўшы кольца, падняў яе над галавой:

— Не падыходзьце, лягавыя, падарву!

Гранату ён трымаў у левай руцэ, а правай паспешна выцягваў з кішэні паліто пісталет.

Мачалаў у гэты момант апынуўся збоку ад яго. Не разважаючы, ён кінуўся да бандыта, але той паспеў ужо выцягнуць пісталет і амаль ва ўпор двойчы стрэліў у маёра. Мачалаў, нібы наткнуўшыся на нябачную перашкоду, спыніўся і, завальваючыся на правы бок, пачаў падаць. На імгненне ўсе разгубіліся. Арыха не марудзячы, кінуўся праз дарогу.

Купрэйчык прыйшоў у сябе раней за іншых. Ён гучна загадаў:

— Затрыманых у аўтобус, звязаць! Акажыце дапамогу Мачалаву! — І сам кінуўся за Арыхам.

Аляксей яшчэ не ведаў, што Арыха і Юшэвіч — адзін і той жа чалавек. Цяпер наперадзе яго быў злачынец, якому нельга даць сысці. Побач з Купрэйчыкам апынуўся Новікаў. Арыха павярнуў за вугал, аператыўнікі — за ім. Праз некалькі дзясяткаў метраў злачынец павярнуў у арку. Для таго, каб ён не расстраляў іх ва ўпор, аператыўнікам давялося выбегчы на сярэдзіну вуліцы і, параўняўшыся з аркай, пераканацца, што Арыха не спыніўся там, і толькі тады ўбегчы ў яе. Купрэйчык загадаў:

— Ваня, ты бяжы па вуліцы ўздоўж дома, не дай яму выскачыць з двара, а я за ім.

Новікаў пабег па тратуары, а Купрэйчык, прабегшы арку, вызірнуў з-за выступу ў двор і ўбачыў, як ад бліжэйшага пад’езда Арыха кінуў гранату. Капітан упаў. Грукнуў моцны выбух. Асколкі з віскам стукнулі ў процілеглую сцяну. На шчасце, граната не даляцела да вугла аркі. Капітан ускочыў на ногі і кінуўся наперад. Але двор быў пусты. «У пад’ездзе схаваўся!» — зразумеў Аляксей і пабег туды.

Цяпер ён быў упэўнены, што Арыха наўрад ці застанецца ля дзвярэй. Завязваць перастрэлку ў пад’ездзе — гэта значыць не ўцячы. Яму трэба адарвацца ад праследвальнікаў. Напэўна, паспрабуе гэта зрабіць, уварваўшыся ў кватэру на першым паверсе, ці выскачыць праз акно на вуліцу, ці сысці праз гарышча. Не затрымліваючыся, Купрэйчык убег у пад’езд і адразу ж пачуў тупат ног. «Ужо дзесьці да трэцяга паверха падбягае», — зразумеў Аляксей і пабег па прыступках. Паверхаў было пяць. Калі Аляксей падняўся на апошні, то ўбачыў люк, які вёў на гарышча. Не разважаючы капітан палез па металічных прыступках угару. Ён разумеў, што варта Арыху крыху прыпыніцца, і ён ва ўпор стрэліць у Купрэйчыка. Але перад вачыма Аляксея стаяў падаючы Мачалаў, і ўжо ніякая сіла не магла спыніць яго. Аляксей на імгненне затрымаўся каля апошняй перакладзіны лесвіцы, а затым спрытна, па-кацінаму, скокнуў на гарышча.

Удалечыні мільганула постаць Арыхі.

Купрэйчык ускочыў на ногі:

— Стой, гадзіна! Усё адно не сыдзеш!

У адказ раздаўся стрэл. Куля ўдарыла аб бэльку перакрыцця. Аляксей пабег. Неўзабаве паказаўся канец гарышча, і капітан убачыў, што Арыха вылазіць праз лаз. Купрэйчык якраз прабягаў міма такога ж лаза і не разважаючы выскачыў на дах. Ён быў пакрыты снегам. Далёка ўнізе чутны шум машын, там вуліца. Яны стаялі на адлегласці пятнаццаці метраў і моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Кожны вырашаў, што яму рабіць. Арыха разумеў, што час не на яго карысць. У любую хвіліну колькасць яго праследвальнікаў можа павялічыцца, а гэта значыць, што ныраць назад у напаўцёмнае гарышча нельга — можна патрапіць прама ў рукі аператыўнікаў. Адзінае выйсце: паспрабаваць сысці па дахах, балазе, што дамы стаяць шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго.

Купрэйчык разумеў, што калі даць Арыху перабрацца на дах суседняга дома, то ў яго з’явяцца шанцы ўцячы. Аляксей не хацеў дапусціць і таго, каб злачынец нырнуў назад на гарышча. Там, у паўцемры, будзе цяжэй яго ўзяць. І ён, прыцэліўшыся, двойчы стрэліў. Кулі распаролі снег паміж Арыхам і лазам. Той схаваўся за конус лаза, а гэта і трэба было Купрэйчыку. Ён цвёрда вырашыў, што калі злачынец паспрабуе пракрасціся зноў на гарышча, то ён адкрые прыцэльны агонь. Арыха прыняў іншае рашэнне. Ён, хапаючыся рукамі за злучальныя рэбры бляхі, палез угару. Купрэйчык сунуў за пазуху пісталет і зрабіў тое ж. Ён быў спрытнейшы, чым Арыха-Юшэвіч, і дасягнуў канька даху раней. Дунуў на застылыя пальцы і выцягнуў пісталет. Злачынцу заставалася да верху яшчэ метры два — два з паловай, і капітан мог знішчыць яго з першага ж стрэлу. Перасільваючы сябе, Аляксей загадаў: