Выбрать главу

— Як толькі дапаўзеш да верху, кідай зброю, а не то прашыю тваю башку!

Арыха не адказваў. Ён моўчкі дабраўся да канька, левай рукой ухапіўся за грэбень, а правай дастаў з-за пазухі пісталет. Купрэйчык вырашыў, што той кіне зброю, знаходзячыся пад прыцэлам, але Арыха ўскінуў яго і стрэліў. Куля ўпілася ў бляху ў некалькіх сантыметрах ад нагі капітана. Аляксей разумеў, што выпрабоўваць лёс ён не мае права, і прыцэліўся ў злачынца. У гэту секунду ніякая сіла не змагла б адвесці мушку яго пісталета. Купрэйчык падрыхтаваўся весці агонь, як на фронце, імкнучыся паразіць ворага напавал. Рэзка грымнуў стрэл, і Арыха, захапляючы за сабой груды снегу, паляцеў уніз. Не затрымаў яго і вадасцёкавы жолаб, які быў адначасова і агароджай. Праз імгненне цела злачынца схавалася з вачэй. Аляксей пачаў асцярожна спускацца.

Праз некалькі хвілін ён быў ужо ў двары. Недалёка ад апошняга пад’езда ляжаў труп бандыта. Каля яго стаялі аператыўнікі. Аляксей не стаў падыходзіць да іх і гучна спытаў у Мастовіча, які падбег да яго:

— Што з Пятром Пятровічам? Жывы?

Мастовіч апусціў вочы:

— Ён забіты, Лёша!..

Частка другая

35 Лейтэнант міліцыі Славін

Аддзяленне міліцыі знаходзілася ў маленькім драўляным доміку. Малады лейтэнант на імгненне затрымаўся ля ўвахода, прачытаў шыльду і, падняўшыся на рыпучы дашчаны ганак, ступіў у цёмны праём дзвярэй. Лейтэнант пхнуў першыя дзверы, размешчаныя ўздоўж правай сцяны, і апынуўся ў невялікім пакойчыку. За старым абшарпаным сталом сядзеў пажылы старшына. Убачыўшы лейтэнанта, ён пакруціўся на рыпучым крэсле, але не ўстаў і моўчкі глядзеў на афіцэра. Той прывітаўся і спытаў:

— Начальнік аддзялення ў сябе?

— Ён у двары заняткі праводзіць. — Старшына вырашыў усё ж адарваць сваё цяжкае цела ад крэсла. — Вы прайдзіце ў канец калідора і праз апошнія дзверы выйдзіце ў двор.

Лейтэнант узяў невялікі чамадан, які прынёс з сабой, але, падумаўшы, спытаў:

— Можна ў вас чамадан пакінуць, пакуль я з начальнікам пагавару?

— Так, калі ласка.

Старшына паставіў чамадан у кут, а афіцэр выйшаў з дзяжурнага пакоя.

На шырокім пляцы, які быў абнесены дашчаным плотам, чалавек сорак супрацоўнікаў міліцыі з шашкамі ездзілі па крузе на конях, выконваючы розныя каманды капітана. Ён знаходзіўся ў цэнтры круга. Гэта была каларытная постаць. Пад цяжарам яго цела конь амаль прысядаў на заднія ногі. Начальнік рэзка і зычна падаваў каманды, і міліцыянеры, потныя ад напружання, імкнуліся дакладна выконваць іх. Заняткі, відавочна, падыходзілі да канца, бо капітан скамандаваў «вольна» і сам лёгка саскочыў з каня. Ён быў высокага росту, з вялікімі пышнымі вусамі. Сваё магутнае цела капітан насіў лёгка, яго рухі былі хуткія і спрытныя.

Начальнік накіраваўся да госця, на хаду разглядаючы яго хударлявую постаць. Сустрэўшыся з яго вачамі, ледзь усміхнуўся:

— Што, папаўненне?

— Так точна! — Лейтэнант выцягнуўся і паднёс руку да казырка новенькай фуражкі. — Лейтэнант міліцыі Славін прыбыў у ваша распараджэнне.

Капітан адкрыта разглядаў прыбыўшага афіцэра. Яго вочы чэпка абмацвалі лейтэнанта, а ў рудых пышных вусах хавалася ледзь прыкметная ўсмешка.

Уладзімір адчуваў сябе ніякавата і, жадаючы схаваць збянтэжанасць, палез у бакавую кішэню.

— У мяне з сабой прадпісанне.

— Ды пачакай, лейтэнант, з прадпісаннем, — махнуў рукой капітан. — Не бянтэжся, што цябе разглядаю так. Сам ведаеш — па адзежы сустракаюць. Ну добра, пайшлі ў кабінет, там і пазнаёмімся. — І ён, пацягнуўшы на сябе дзверы, першым ступіў у калідор. Славін накіраваўся следам. Яны прайшлі доўгі калідор і спыніліся каля дзвярэй з таблічкай, на якой фарбай было выведзена: «Начальнік». Не паспеў капітан адкрыць ключом дзверы, як у калідоры пачуліся паспешлівыя крокі. Гэта быў старшына, якога Славін бачыў у дзяжурным пакоі.