БАЛЕРЫНА
Сем гадзін. Тэатар поўны гледачамі,
Быццам бочка - селядцамі, людзі пільна
Сочаць, як пакутна поўзае па сцэне
Балерына са зламанымі нагамі.
Дырыжор бязрукі, палку ўзяўшы ў зубы,
Мітусіцца перад скурчаным аркестрам
Эпілептыкаў і паралізаваных,
Што ўхапілі канвульсіўна інструмэнты.
Гледачы ўсе спрэс глухія і сьляпыя,
І тэатар за часоў Напалеона
Зруйнаваны безнадзейна назаўсёды.
А пад стольлю на паўвыскубаных крылах
Сумна лётае здань нейкай іншай здані
І палохае бядачку балерыну,
Балерыну са зламанымі нагамі.
А са столі я крычу пра злую долю,
Зачапіўшыся нагой за жырандолю,
Я крычу ня ролю.
Я крычу ад болю.
ЛІСТ
Я пішу гэты ліст у ААН
Каб атрымаць дазвол
Забіваць сатурніян.
Гэта яны, сатурніяне праклятыя,
Ва ўсім, ва ўсім вінаватыя.
Гэта ад іх усе пошасьці й хваробы,
Усе недароды і ўсе недаробы,
Ад іх усе вырадкі і ўсе ўрады,
Усе прафсаюзы і гіт-парады.
Гэта ад іх завёўся жук калярадзкі,
Юры Шаўчук і Аляксандар Градзкі.
Гэта яны пад рознымі імёнамі
Плююць і сьмецяць пад антычнымі калёнамі.
І я ненавіджу іх усім сваім сэрцам,
Пырскаю ў іх газавымі балёнчыкамі зь перцам.
А яны бываюць у форме і ў падвале
(Аднойчы яны мяне нават арыштавалі),
А яшчэ яны бываюць з хаерамі і з іракезамі,
З устаўнымі зубамі, на катафалках і з пратэзамі,
Але я бачу іх на кожным кроку,
Бачу наскрозь і з кожнага боку,
Гэта яны, ненавісныя сатурніяне,
Атруцілі ваду ў Ціхім акіяне,
І калі вы гэтага ня бачыце ў вашым ААНе,
Дык можа, вы ў ім таксама сатурніяне!
Я не магу вам даслаць гэты ліст.
Няхай яго атрымае Грынпіс.
Такі ж зялёны,
Такі ж шалёны,
Ён зразумее
Мае праклёны
Па-свойму
І дасьць мне
Абойму.
Цалую й бяру ў абдойму.
Забойца сатурніян,
Нехта Напалеян.
ДЗІЎНЫ ЗЬВЯРОК
Нейк прывезьлі ў наш зьвярынец
Вельмі дзіўную жывёлу.
Вочкі-сонейкі са скрыні
Аглядалі ўсё наўкола.
Футра зьзяла, быццам поўня
Над блакітнымі палямі.
Вось які зьвярок цудоўны
Пасяліўся побач з намі!
Толькі лапкі аб падлогу
Да крыві ён абівае,
І яму на дапамогу
Вартаўнік не пасьпявае.
Скурка тонкая празь меру
І ад дотыку рукі
Рвецца горай за паперу
І паўзе ва ўсе бакі.
А ад позіркаў цікаўных
Ён сумуе і марнее,
І ад розных смачных страваў
На мытуху ён хварэе.
Ён нагадвае камэту,
Закапаную ў пясок.
А чаму - каб хтосьці ведаў,
Каб хоць трошкі дапамог...
ГІМН МЭДЫЦЫНЕ
Блізка, блізка час перамогі!
Мэдыцына ўратуе ўсіх.
Пабяжыць упрыскок бязногі,
І разумным зробіцца псых.
І ніхто не памрэ ўжо болей
Са шматлікіх прыгожых нас.
У каханьні, скоках, футболе
Будзем бавіць шчасьлівы час.
Паляцім на Марс і Вэнэру,
Як ня стане дзе жыць на Зямлі,
Зьнішчым там і грып, і халеру
(Што, дарма б мы туды прыйшлі?)
Абжывем далёкія зоры,
Разьліемся ня горш за моры.
Будзем жыць на Кентаўры, у Рыбах,
На мільёнах розных плянэт,
Аж пакуль не адбудзецца выбух -
ВЯЛІКІ
ДЭМАГРАФІЧНЫ
ВЫБУХ! -
І ў выніку гэтага выбуху
Не народзіцца новы сусьвет.
А ў гэтым новым сусьвеце
Ў нас народзяцца новыя дзеці,
Толькі гэта ня страшна, бо ў ім
Месца хопіць
дакладна
ўсім.
КІНЖАЛ
Мне хтосьці спаць перашкаджаў.
Я выцягнула свой кінжал.
Ад сэрца — дзякуй! — асеціну-кавалю.
Цяпер я вельмі добра сплю.