1. ПАН ГРАЕ НА ВАЛЫНЦЫ, БО СЫРЫНГА ПЕРАТВАРЫЛАСЯ Ў АВЕЧКУ
So я чую сьпеў у калідоры
Is ён твой - ці гэта ветру сьпеў?
Right, я згодны, гэта неістотна,
If цябе злавіць я не пасьпеў.
Neither nor сказаць у калідоры
Go туды, і ты пабачыш зоры
And пачуеш мой ці ветру сьпеў:
do-o-o-o-o-o-o-o-o -
2. ПАН ГРАЕ НА ГОРНЕ, БО СЫРЫНГА ПЕРАТВАРЫЛАСЯ Ў КАТУШКУ МЕДНАГА ДРОТУ
(МЭРЭТ КЭЙЗІ)
Гонар хлопчыку Марату,
Marat Kazey’s our hero.
Атрымаў фашыст гранату -
Marat Kazey’s made him zero.
Bombs are exploding over a head,
Marat Kazey is never dead.
Bombs are exploding over a head,
Marat Kazey is never dead.
Адзін фашыст залез на дрэва.
Marat Kazey lives forever.
А вартавыя зьбеглі з паста.
Marat Kazey superstar.
Bombs are exploding over a head,
Marat Kazey is never dead.
Bombs are exploding over a head,
Marat Kazey is never dead.
Усім астатнім быў ец!
Marat Kazey kills skinheads.
А каму недастаткова -
Marat Kazey is over and over
And over and over and over
Again!
Бомбы рвуцца ў галаве.
Марат Казей заўсёды жыве.
Бомбы рвуцца ў галаве.
Марат Казей заўсёды заўсёды
заўсёды заўсёды
заўсёды жыве!
Marat Kazey made me crazy
Marat Kazey made me crazy
Marat Kazey made me crazy
Marat Kazey made me crazy
3. ПАН ГРАЕ НА СЫНТЭЗАТАРЫ “ЯМАХА”, БО СЫРЫНГА ЗРАБІЛАСЯ ПЛЯСТЫКАВАЙ СКРЫНЯЙ
З посьвісту ветру
сынтэзую тваё аблічча.
Хай кажуць, што ты мёртвы дух -
Тваё цела жывое й цёплае.
Сынтэзую твой гнуткі
стан зь вербалозу.
Хай кажуць, што ты
не ад сьвету жывых -
З табой буду жыць.
На лузе калгасны падпасак Ху
Зь “Ямахі” сынтэзуе жалейку.
І ці скажа які пустадомак,
Што ў ягоных каровак
Несапраўднае малако?
4. ПАН ГРАЕ НА БАРАБАНЕ, БО СЫРЫНГА ЗАСТАЛАСЯ СЫРЫНГАЙ І НЕ ЗАХАЦЕЛА СЬПЯВАЦЬ
Тое, што я граю на барабане,
Яшчэ не нагода пісаць гукаперайманьні
(Там-та-да-да-да-да-да-дамм!)
Таму што мой барабан незвычайны.
Таму што мой барарарабабабан
гучыць ня так, як звычайны,
Ня можа ён гучаць, як звычайны,
Калі ўлічыць, з чаго яго зрабіў Паннн.
Не, ён яе не забіў.
Яна проста не захацела сьпяваць у опэры.
Для гэтага ў яе проста не было здольнасьцяў.
Яна не захацела пайсьці ў рэпэры.
Яна сказала: я лепш памру -
і памерла.
А Пан плакаў.
А Пан хадзіў пануры.
А Пам зрабіў барабан зь ейнае скуры.
І ў яе зьявіліся здольнасьці
Сьпяваць, як дождж па вясновым лёдзе,
Як нябесная птушка,
Як сонца на ўсходзе
(яно сьпявае, калі прыслухацца).
Ня ведаю нават, з чым параўнаць гэты барабан.
Маўчэце, опэрныя сьпявячкі.
Вы побач зь ім - прачкі.
Маўчэце, нябесныя хоры,
Гнілыя вам у рот мандрагоры.
Маўчэце, аркестры,
Выгнаныя з кансэрваторыі
ў мінулым сэмэстры.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга
(А я нават не дакранаюся да яе пальцамі).
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Калі на ёй грае Пан.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Гэта я вам кажу, сама
Сырынга.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Найлепшы ў сьвеце
Барабан.
5. ПАН НЯ ГРАЕ, ЁН АПЫНУЎСЯ
РАПТОЎНА ЗАБІТЫМ,
ТАМУ ШТО СЫРЫНГА
ЗРАБІЛАСЯ ДЫНАМІТАМ
А ўсё.
ЭГІПЕЦКАЯ ПЕСЕНЬКА
Манархі ў патаемнай пірамідзе
Стаіліся для новага жыцьця,
Спакойныя: да іх ніхто ня прыйдзе.
І тут, зусім адзін, стаіўся я.
Няхай будуюць нада мной баракі,
Гуляюць выдмы з флегмай сьлімакоў,
Хай трушчаць паўзьдзічэлыя сабакі
На выдмах косткі тых будаўнікоў.
Хай рые ямкі ў глебе археоляг,
Шукаючы, чаго б яшчэ знайсьці,
Усюдыходы на жалезных колах
Хай ходзяць там, дзе здолеюць прайсьці.
Хай спарахнее ўсё ў маёй магіле,
Няхай і я ператваруся ў пыл
І пазьнікаюць караблі на Ніле,
І выпарыцца сам вялікі Ніл;
Хай сонца спыніць рух па небасхіле
І зоркі пазьлятаюць у трысьнёг
І ўсё такое ў адпаведным стылі,
Тым, у якім карае грэшных Бог, -
Я ведаю: я вечны, я ня згіну,
І тыя, хто ўжо нават і ня гной,
І ўсё, што існавала хоць хвіліну,
Заўсёды будзе існаваць у ёй -
У кропельцы ў бяздонным акіяне,
Бяздоннай, як і гэты акіян,
Дзе то кагосьці топяць эгіпцяне,
То нехта іншы топіць эгіпцян.
Ці чулі вы аб гэтым акіяне,
Куды сплывае хуткаплынны час?
Тут нам усім прызначана спатканьне.
І я ўжо тут. Даўно. Чакаю вас.