ПРАДМОВА
Пішу я прадмову,
Прадмову да працы,
Да працы маёй навуковай
Пра іншы сусьвет,
Дзе палова ўстановаў
Ня мае для працы ўмоваў.
У гэтым сусьвеце
Палова словаў
Ня мае сваіх паловаў
Адначасова
Палова паловаў
Ня мае сваіх галоваў.
Палова з галоваў
Належыць да соваў,
Палова -
Да рыбаловаў,
І тыя, якія
Належаць да соваў,
Наогул ва ўлік
Не прымаюцца.
Ня дзіва, што гэтай
Краінай шызовай
У навуцы ніхто
Не займаецца.
СОН КРЭЙСЭРА
Крэйсэр Аўрору
Зрабілі ахвярай тэрору.
Водзяць па ім турыстаў,
Нібы тэрарыстаў.
Водзяць па ім тэрарыстаў,
Нібы турыстаў.
А насамрэч гэта скрынка,
Пафарбаваная звонку.
Сьпіць ён і чуе катрынку.
І бачыць у сьне
Конку.
МІНУЛАЕ
Састарэлыя лекі
Ненадзейныя сродкі
Бестурботныя твары
Вершаваныя словы
На ружовых шпалерах
Шэра-шэрыя ружы
У дзіцячым пакоі
Залатыя сабачкі
А якія размовы
А якое маўчаньне
А якія ўсьмешкі
А якія хваробы
У дзіцячым пакоі
Састарэлыя лекі
Ненадзейныя сродкі
На ружовых шпалерах.
ПОШТА
Вісіць на прыбіральні надпіс “Пошта”.
Ня ведаю, навошта.
Магчыма, тых, каго паслалі ў зад,
У ёй чакае адрасат.
А можа, сапраўды
Там пошта, толькі брудная,
Выходная заўжды
І жудасна марудная.
ЯНКУ КУПАЛУ
Аўтар і вершы аўтара -
Гэта рэчы вельмі розныя,
Адна ад адной адрозныя.
Вершы надрукаваныя на паперы,
А аўтар размазаны па сьцяне,
Па столі і па падлозе
І наогул па ўсёй кватэры.
А я ў позе нэкрафілічнай гетэры
Сяджу і чытаю вершы,
Надрукаваныя на сьцяне,
А потым размазваюся па паперы,
І побач зь вершамі аўтара
Атрымліваецца пляма.
І, спрачаемся, ніводная мама
Не пазнае ў ёй мяне.
Я-НІХТО ТУТ СТАІЦЬ
Я-ніхто тут стаіць, я-ніхто тут стаіць,
З маленькай нейкай самоты.
— Гатэнтоты.
Я-нішто мяне кінула пад тлустыя лыткі,
Пад мытыя ногі, пад галовы ў каронах.
— Чужы гонар.
Я-нікуды мяне кінуў гэты гонар часткова,
Я-нікуды кідаю таемна чужы.
— З кавалка цемры.
Я-ніхто ды тое мяне адзін мікрон
Гонар кідаць адвучыў, усыпіў маю
бадзёрасьць.
— Шчасьце, радасьць.
Я-нічога, і нічога не расхацелася мне,
Вокамгненна ўзьнесенай мне,
з добрым зрокам, з добрым слыхам.
— Быць безыменнай малпай.
КАБ ПАЎСЮЛЬ ДОБРА
Дзе я, там паўсюль.
А дзе мяне няма, там добра.
Як бы гэта зрабіць,
Каб паўсюль было добра,
І пры гэтым мяне
не забіць?
ЗАНАДТА ВЯСЁЛАЯ
Я вясёлая занадта дзеўка.
Пры занадта сумным існаваньні
Я — бы недарэчная прыпеўка
На грамадзка значным пахаваньні.
Я - нібы агністая вавёрка
На застыла-чорным мёртвым дрэве.
І, запнуўшыся на ўласным сьпеве,
Я сяджу і плачу горка-горка.
ЛЮДЗІ Ў ПАДЗЕМЦЫ
Людзі ў падземцы губляюцца.
Станцыі зачыняюцца.
Ніхто ні пра што не пытаецца.
Усе аб усім здагадваюцца.
АГЕНЬЧЫК
У адзіноце я сяджу
на тонкім кноце.
На сіні сподачак
сьцякае жоўты воск.
Сьцячэ дашчэнту ён, і